Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ПАДО́ЛІЯ, Падолле, Падольская зямля,

гістарычная вобласць на ПдЗ Украіны ў бас. р. Паўд. Буг і ў левабярэжжы бас. р. Днестр (тэр. б. ч. сучасных Вінніцкай, Хмяльніцкай, паўн. ч. Адэскай і паўд. ч. Цярнопальскай абласцей). Займае асн. частку Падольскага ўзвышша. Вядома з сярэдзіны 14 ст. У 1360-я г. ўвайшла ў склад ВКЛ; вял. кн. Альгерд прызначыў тут намеснікам свайго пляменніка кн. Фёдара Карыятавіча. У 15—17 ст. на тэр. П. шмат разоў нападалі войскі Крымскага ханства і Турцыі. У 1434 зах. ч. П. ўключана ў склад Польшчы, утворана Падольскае ваяв. з цэнтрам у г. Камянец-Падольскі. Пасля Люблінскай уніі 1569 у склад Польшчы ўвайшла і ўсх. ч. П., дзе ўтворана Брацлаўскае ваяв. з цэнтрам у г. Брацлаў (цяпер Вінніцкая вобл.). Насельніцтва П. ўдзельнічала ў паўстаннях Мухі (1490—92), С.Налівайкі (1594—96), вызваленчай вайне ўкраінскага і беларускага народаў 1648—54. 1—2.6.1652 укр. войска Б.Хмяльніцкага разграміла ва ўрочышчы Батог на П. (цяпер Вінніцкая вобл.) войска кароннага гетмана М.Каліноўскага. У 1672 П. захоплена Турцыяй, паводле рашэння Карлавіцкага кангрэса 1698—99 вернута Рэчы Паспалітай. Нас-ва П. ўдзельнічала ў паўстаннях С.Палія (1702—04), Калііўшчына (1768). У 1772 паводле 1-га падзелу Рэчы Паспалітай Аўстрыя захапіла зах. ч. П. з гарадамі Чарткоў і Залешчыкі (цяпер у Цярнопальскай вобл.). У 1793 паводле 2-га падзелу Рэчы Паспалітай П. ўвайшла ў склад Рас. імперыі і падзелена паміж Падольскім і Брацлаўскім намесніцтвамі. У 1797 з падольскіх паветаў утворана Падольская губ. з цэнтрам у г. Камянец-Падольскі. У 1814—35 П. — асн. раён антыфеад. паўстанцкага руху пад кіраўніцтвам У.Я.Кармалюка. З 1917 Падольская губ. ў складзе Украінскай ССР, 3.6.1925 замест яе створаны акругі, у 1930-я г. — вобласці. Пасля далучэння Зах. Украіны да УССР (1.11.1939) зах. ч. П. ўключана ў Цярнопальскую вобл.

М.Г.Нікіцін.

т. 11, с. 503

ПАДО́ЛЬСК,

горад у Маскоўскай вобл., на р. Пахра. Засн. ў 1781. 199,7 тыс. ж. (1996). Чыг. станцыя. Прам-сць: маш.-буд. (паравыя катлы, газавыя пліты і балоны, вытв-сць быт. і прамысл. швейных машын, с.-г. машын; акумулятарны, электрамех., кабельны з-ды), лёгкая, харч., паліграф., каляровая металургія, буд. матэрыялаў і інш. Філіял Маскоўскага ун-та.

т. 11, с. 504

ПАДО́ЛЬСКАЕ ЎЗВЫ́ШША, Падольскае плато. На Украіне, па левабярэжжы р. Днестр. Выш. да 471 м (г. Камула). Развіты карст. Для рэльефу характэрна злучэнне вял. плоскіх міжрэччаў і глыбокіх каньёнападобных далін. Паўн. край узвышша ўзгорысты; складзена з вапнякоў, мергеляў, пясчанікаў, сланцаў. Прыднястроўская яго частка — прыступкападобная раўніна, утвораная вял. тэрасамі Днястра. На 3 узгоркі і грады Толтры (Медаборы). Месцамі захаваліся дубовыя і букавыя лясы, на Пд — разнатраўныя стэпы. Значная тэр. разарана. П.ў. разам з Валынскім узвышшам часта называюць Валына-Падольскім узвышшам.

т. 11, с. 504

ПАДО́ЛЬСКАЯ ЗЯМЛЯ́ гістарычная вобласць у бас. р. Паўд. Буг і левабярэжжа р. Днестр, гл. Падолія.

т. 11, с. 504

ПАДО́ЛЬЦЫ,

вёска ў Астравецкім р-не Гродзенскай вобл. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 50 км на Пн ад г.п. Астравец, 300 км ад Гродна, 55 км ад чыг. ст. Гудагай. 464 ж., 176 двароў (2000). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Капліца. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 11, с. 504

ПАДО́УЖНАЯ ХВА́ЛЯ,

хваля, у якой ваганні часцінак асяроддзя адбываюцца ў напрамку яе распаўсюджвання. Напр., пругкія хвалі ў газах і вадкасцях.

т. 11, с. 504

ПАДО́ЎЖАНЫЯ ЗЫ́ЧНЫЯ, гемінаты,

зычныя, якія вымаўляюцца працяжна ў параўнанні з іх звычайным вымаўленнем у адным і тым жа моўным тэмпе. У бел. мове падаўжэнне ўзнікае ў выніку спалучэння аднолькавых зычных на стыку марфем («з + зываць = ззываць», «ад + даць = аддаць», «камен + ны = каменны», «ран + ні = ранні», падаўжаюцца і цвёрдыя, і мяккія зычныя), а таксама ў выніку асіміляцыі гука «й» папярэднім мяккім зычным «с’», «з’», «ц’», «дз’», «н’», «л’» і цвёрдых «ч», «ж», «ш» (якія раней былі мяккімі) у становішчы паміж галоснымі («кассё», «палоззе», «вецце», «моладдзю», «насенне», «ралля», «сучча», «збожжа», «цішшу»). Артыкуляцыйна і акустычна падаўжэнне выбухных і афрыкат выражаецца ў значным павелічэнні часу змычкі, фрыкатыўных — часу фрыкацыі. П.з. ўвасабляюць 2 фанемы. У адзінкавых словах («ззяць», «сёння») П.з. належаць адной марфеме.

Літ.:

Крывіцкі А.А., Падлужны А.І. Фанетыка беларускай мовы. Мн., 1984;

Беларуская мова: Цяжкія пытанні фанетыкі, арфаграфіі, граматыкі. Мн., 1987.

А.І.Падлужны.

т. 11, с. 504

ПАДО́ЎЖНАЙ ПРУ́ГКАСЦІ МО́ДУЛЬ,

гл. Юнга модуль.

т. 11, с. 504

ПАДПА́ЛАЎ (Уладзіслаў Паўлавіч) (н. 9.8.1958, в. Імяніны Кобрынскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. вучоны ў галіне клінічнай медыцыны. Д-р мед. н. (1996). Скончыў Віцебскі мед. ін-т (1975). З 1984 у Віцебскім мед. ун-це (з 1997 прарэктар, з 1999 адначасова заг. кафедры). Навук. працы па сардэчна-сасудзістых захворваннях насельніцтва розных рэгіёнаў Беларусі, у т.л. якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, радыеахоўных сродках, лекавых зборах.

Тв.:

Развитие дизадаптационного синдрома у населения, проживающего на загрязненных радионуклидами территориях // Здравоохранение Беларуси. 1994. № 5.

т. 11, с. 504

ПАДПАЛКО́ЎНІК,

воінскае званне старшага афіцэрскага саставу ў шэрагу дзяржаў, у т.л. ва Узбр. Сілах Беларусі. У ЗША, Вялікабрытаніі і Францыі званню П. адпавядае lieutenant colonel, у ФРГ — Oberstleutnant. Уведзена ў Еўропе ў 17 ст.; у Расіі спачатку як пасада, потым як званне (чын) пам. палкоўніка (камандзіра палка). У казацкіх войсках у 1885—1917 званню П. адпавядаў чын вайсковага старшыны. У СССР уведзена ў 1939. У ВМФ званню П. адпавядае званне капітана 2-га рангу. У Рэспубліцы Беларусь званне П. існуе і для асоб, якія знаходзяцца на службе ў КДБ, МУС і інш. сілавых структурах.

т. 11, с. 504