Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КУНЖУ́Т, сезам (Sesamum),

род кветкавых раслін сям. кунжутавых (сезамавых). Каля 20 відаў. Пашыраны ў трапічнай і Паўд. Афрыцы. Стараж. культ. алейную расліну К. індыйскі (S. indicum) вырошчваюць у Грэцыі, Егіпце, Закаўказзі, Індыі, Іране, Мексіцы, Сярэдняй Азіі.

К. індыйскі — аднагадовая травяністая расліна выш. да 2 м з галінастым прамастойным сцяблом, пакрытым жалезістымі валаскамі. Лісце ланцэтнае або рассечанае на долі. Кветкі буйныя, белыя, ружовыя ці фіялетавыя ў пазухах лісця. Плод — каробачка. У насенні — да 65% харч. алею, які ўжываюць непасрэдна ў ежу. Выкарыстоўваюць таксама ў кандытарскай, кансервавай, маргарынавай прам-сці, медыцыне, тэхніцы Макуха — корм для жывёл.

У.П.Пярэднеў.

Кунжут.

т. 9, с. 22

КУНЖУ́ТНЫ АЛЕ́Й, сезамавы алей,

раслінны тлусты алей з насення кунжуту. Атрымліваюць прасаваннем. Вадкі, колер ад жоўтага да рудога, шчыльн. 922 кг/м3 (15 °C), т-ра застывання -7 °C. Паўвысыхальны алей (гл. Алеі). Выкарыстоўваюць у вытв-сці маргарыну, кансерваў, а таксама мыла і фарбаў.

т. 9, с. 22

КУНІЛІ́НГУС

(ад лац. cunnus вонкавыя жаночыя палавыя органы + lingo лізаць),

кумбітмака, выкліканне палавога ўзбуджэння ў жанчыны ўздзеяннем на яе вонкавыя палавыя органы (найчасцей на клітар) губамі і языком. Адна з форм нармальнага палавога жыцця чалавека. У любоўнай гульні К. дазваляе эфектыўна правесці перыяд папярэдніх ласкаў, давесці ўзбуджэнне жанчыны да аргазму, К. іншы раз дасягаецца аргазм пасля коітуса.

т. 9, с. 22

КУНІ́ЦА,

1) апрацаваная шкурка куніцы, якая ў ВКЛ да 16 ст. выкарыстоўвалася як сродак плацяжу; агульная назва грошай.

2) Адзін з пашыраных відаў аброку (чыншу) у 15—17 ст., які плацілі кунічнікі за ўзятую ў арэнду зямлю, пчальнікі, права карыстання вадаёмамі і інш. Называлася таксама кунічная плата, кунічныя пенязі. Плата ў велікакняжацкі скарб за карыстанне мясц. насельніцтвам паляўнічымі ўгоддзямі на У Беларусі наз. кунічная даніна. К. спаганялася ў натуральным выглядзе («шэрсцю»), а з 16 ст. пералічвалася на грошы, звычайна адпавядала 12 грошам.

3) Плата нявесты-сялянкі, якая выходзіла замуж у чужую воласць. Выплачвалася грашамі, збожжам, палатном і інш. 4) Малаўжывальная назва валокі ў 16 ст.

В.С.Пазднякоў.

Куніца лясная.

т. 9, с. 22

КУНІ́ЦА Леанід Давыдавіч

(н. 7.11.1937, в. Знаменка Лагойскага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне неадкладнай тэрапіі. Д-р мед. н., праф. (1979). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1960). З 1965 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў (у 1980—92 заг. кафедры). Навук. працы па пульманалогіі, гепаталогіі, кардыялогіі, лячэбным галаданні, лазератэрапіі, хуткай мед. дапамозе. Адзін з аўтараў энцыкл. даведніка «Здароўе без лякарстваў» (1994).

Тв.:

Скорая помощь без врача. Мн., 1998 (у сааўт.).

т. 9, с. 22

Куніцкая Тамара Арцёмаўна

т. 18, кн. 1, с. 415

КУНІ́ЦКІ (Kunicki) Станіслаў

(6.6.1861, Тбілісі — 28.1.1886),

дзеяч польскага і рас. рэв. руху. Вучыўся ў Пецярбургскім ін-це шляхоў зносін. З 1881 чл. арг-цыі «Народная воля», удзельнічаў у стварэнні ў Пецярбургу Польска-літ. сацыяльна-рэв. партыі. З 1882 чл. партыі «Пралетарыят» 1-ы, у 1883—84 яе кіраўнік. Па ініцыятыве К. ў пач. 1884 заключаны дагавор пра супрацоўніцтва паміж «Народнай воляй» і «Пралетарыятам». Адзін з заснавальнікаў тэарэт. органа партыі час. «Walka klas» («Класавая барацьба», выд. ў Жэневе). Арыштаваны ў ліп. 1884. Паводле прыгавору ваен. суда на працэсе 29-ці чл. партыі «Пралетарыят» пакараны смерцю ў Варшаўскай цытадэлі.

Н.К.Мазоўка.

т. 9, с. 22

КУНІ́ЦКІ Сымон Фаміч

(28.2.1902, в. Гарані Мінскага р-на — 14.10.1940),

бел. крытык і літ.-знавец. Скончыў БДУ (1931). Працаваў у Ін-це мовы, л-ры і мастацтва АН Беларусі. У 1936 рэпрэсіраваны, загінуў, відаць, на Калыме. Рэабілітаваны ў 1954. Друкаваўся з 1928. Аўтар рэцэнзій і артыкулаў пра творчасць З.Астапенкі, А.Александровіча, С.Баранавых, Т.Кляшторнага, Я.Купалы, М.Лынькова, Б.Мікуліча, А.Салагуба, Я.Скрыгана і інш. Аддаваў шмат увагі творам пра дзяцей. Яго скоўвалі каноны вульгарнага сацыялагізму, захапляўся творчасцю рабочых-ударнікаў. «Нацдэмаўскія ўплывы» знаходзіў у творчасці У.Хадыкі, В.Маракова і інш.

Літ.:

Скрыган Я. Некалькі хвілін чужога жыцця. Мн., 1979. С. 94—97.

т. 9, с. 22

КУНІ́ЦЫ

(Martes),

род млекакормячых сям. куніцавых. 7 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. Жывуць пераважна ў лясах, расколінах скал, трапляюцца ў паселішчах. У прыродзе вядомы гібрыд собаля i К. лясной — кідас. На Беларусі 2 віды: К. каменная (М. foina), нар. назва беладушка, i К. лясная (М. martes), нар. назва жаўтадушка.

Даўж. цела да 80 см, хваста да 50 см, маса да 8 кг. Тулава выцягнутае, гібкае. Футра мяккае, пушыстае, у афарбоўцы пераважаюць бурыя і карычневыя адценні. На горле і грудзях звычайна светлая пляма. Селяцца ў дуплах, гнёздах буйных птушак і вавёрак. Актыўныя ўначы. Кормяцца грызунамі, птушкамі, арэхамі, ягадамі, пладамі. Пераважна палігамы. Нараджаюць 1—8 дзіцянят. Аб’ект промыслу і зверагадоўлі.

т. 9, с. 22

КУНІ́ЧНІКІ,

у ВКЛ у 15—17 ст. назва людзей, якія бралі ў арэнду ворную зямлю і інш. ўгоддзі за пэўную плату — куніцу. К. выступалі сяляне, мяшчане, баяры, зямяне, татары і інш. Найб. К было ў Жамойці.

В.С.Пазднякоў.

т. 9, с. 22