КУ́НДЗЕРА (Kundera) Мілан

(н. 1.4.1929, г. Брно, Чэхія),

чэшскі пісьменнік. Скончыў Акадэмію муз. мастацтваў у Празе. У 1968 творы К. на радзіме забаронены. З 1975 жыве ў Парыжы. Дэбютаваў паэт. зб-камі «Чалавек — бязмежны сад» (1953), «Апошні май» (1955), «Маналогі» (1957). Тэма кахання і мастацтва ў зб-ках псіхал.-лірычных навел «Смешныя каханні» (1963), «Другі сшытак смешных каханняў» (1965), «Трэці сшытак смешных каханняў» (1968). Аўтар п’ес «Уладары ключоў» (1962; паст. ў СССР пад назвай «Паварот ключа»), «Лухта» (1969), «Якуб і пан» (1970). У раманах «Жарт» (1967), «Жыццё недзе там» (1973), «Развітальны вальсок» (1979), «Нясцерпная лёгкасць быцця» (1985, экранізацыя 1988; аб лёсе інтэлігенцыі, звязанай з паліт. падзеямі Пражскай вясны 1968), «Несмяротнасць» (1990), «Няспешнасць» (1995), «Ідэнтычнасць» (1997) спалучыў філас. змест з займальнай фабулай, узнімаў экзістэнцыяльныя праблемы парушанай камунікатыўнасці сучаснага грамадства. Сваю канцэпцыю рамана распрацаваў у эсэ «Мастацтва рамана» (1960; пашыр. выд. 1986). На бел. мову асобныя творы К. пераклалі А.Вострыкава, А.Ціхановіч, С.Сматрычэнка.

Тв.:

Бел. пер. — Трагедыя Цэнтральнай Эўропы // Фрагмэнты... 1996. № 1.

Літ.:

Вострыкава А. Жыццяпіс. Жыццёвае крэда — раманіст;

Шаблоўская І. Запрашэнне да няспешнасці // Крыніца. 1998. № 10 (47).

І.В.Шаблоўская.

т. 9, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)