Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КАЭФІЦЫЕ́НТ ЗМЕ́ННАСЦІ ПРАЦО́ЎНАЙ СІ́ЛЫ,

паказчык, які характарызуе сярэдняе штодзённае выкарыстанне аднаго фактычна занятага працоўнага месца. Разлічваецца як адносіны чалавека-дзён, адпрацаваных ва ўсіх зменах да іх колькасці, адпрацаваных за той жа перыяд у найб. загружаную змену.

У.Р.Залатагораў.

т. 8, с. 204

КАЭФІЦЫЕ́НТ КАРЫ́СНАГА ДЗЕ́ЯННЯ (ккдз),

характарыстыка эфектыўнасці сістэмы (устройства, машыны) у адносінах да працэсу пераўтварэння або перадачы энергіі, які адбываецца ў гэтай сістэме. Ккдз — безразмерная велічыня η, якая вызначаецца адносінамі карысна выкарыстанай энергіі (Wк), пераўтворанай у работу пры цыклічным працэсе, да сумарнай колькасці энергіі (W), перададзенай сістэме: η = Wк/W.

Для эл. рухавіка Wк — работа на вале рухавіка, якая выконваецца за кошт спажываемай ім эл. энергіі; для рухавіка ўнутр. згарання Wк — работа на вале рухавіка, а W — энергія, якая вылучылася пры поўным згаранні паліва. У выніку розных страт энергіі (з-за вылучэння джоўлевай цеплыні, з-за гістэрэзіса, трэння, непаўнаты згарання паліва і інш.), а для цеплавых рухавікоў таксама з-за другога закону тэрмадынамікі ккдз любой рэальнай устаноўкі заўсёды меншы за 1. Ккдз цеплавых электрастанцый дасягае 0,4, рухавікоў унутр. згарання 0,4—0,5, эл. генератараў 0,95, трансфарматараў 0,98.

т. 8, с. 204

КАЮ́МАЎ (Малік Каюмавіч) (н. 22.4.1912, Ташкент),

узбекскі аператар і рэжысёр дакумент. кіно. Нар. арт. СССР (1967). Герой Сац. Працы (1990). Вучыўся ва Усесаюзным дзярж. ін-це кінематаграфіі. Пачынаў як акцёр. З 1933 працаваў на Ташкенцкай студыі кінахронікі, карэспандэнтам «Саюзкінахронікі» ў Сярэдняй Азіі, на ўзб. студыі маст. фільмаў, у 1961—79 дырэктар, маст. кіраўнік Студыі навук.-папулярных і дакумент. фільмаў Узбекістана. Рэж.-аператар фільма «Прыязджайце да нас ва Узбекістан» (1959, прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі) і інш. Зняў фільмы: «Раніца Індыі» (1956), «В’етнам — краіна мая» (1960), «Ад вясны да вясны» (1963, Дзярж. прэмія Узбекістана імя Хамзы 1964), «Ташкент, землетрасенне» (1967), «Залатая Бенгалія» (1973), «Зямельная рэформа» (1980, Дзярж. прэмія СССР 1981), «Хто страляе ў рэспубліку» (1984) і інш.

Літ.:

Караджев Б. Малик Каюмов // Режиссеры советского документального кино. М., 1983.

т. 8, с. 204

КАЯ́К,

1) тое, што байдарка. 2) Невял. прамысл. лодка, пашыраная ў народаў Арктыкі (захавалася ў эскімосаў). Рашэцісты каркас з дрэва або косці, абцягнуты скурай марскіх жывёл, з адтулінай у верхняй ч. (зацягваецца рэменем вакол пояса грабца). Кіруецца 2 маленькімі вёсламі або адным двухлопасцевым.

Каракскі каяк.

т. 8, с. 204

КАЯЛО́ВІЧ (Віюк-Каяловіч) Альберт

(Войцех; 1609, Ковенскі пав. — 6.10.1677),

гісторык, геральдык, рэліг. дзеяч Рэчы Паспалітай. У 1627 уступіў у ордэн езуітаў. У 1628—32 вучыўся ў Віленскім і Нясвіжскім калегіумах, у 1634—38 — у Віленскай акадэміі. У 1644—45 праф. палемічнай тэалогіі ў Браневе (Польшча). У 1645 атрымаў у Вільні ступень д-ра тэалогіі і да 1658 выкладаў у Віленскай акадэміі (у 1654—55 яе рэктар). У 1662—66 прэпазіт (настаяцель) дома манахаў у Вільні, намеснік правінцыяла ордэна езуітаў. З 1666 прэфект у Варшаўскім калегіуме. Гал. яго твор — «Гісторыя Літвы» (ч. 1—2, 1650—69, на лац. мове), у якім даследавана дахрысціянская гісторыя Літвы. У 1651 надрукаваў у Вільні твор «Аб ваенных дзеяннях 1648 і 1649 г. супраць запарожскіх казакоў». Даследаваў генеалогію родаў Радзівілаў («Летапіс Радзівілаў». Вільня, 1653), Хадкевічаў і Сапегаў. Аўтар кнігі па гісторыі шляхты ВКЛ (захавалася ў 3 рэдакцыях на польск. і лац. мовах).

А.А.Семянчук.

т. 8, с. 204

КАЯЛО́ВІЧ (Міхаіл Восіпавіч) (2.10.1828, мяст. Кузніца, Польшча — 4.9.1891),

гісторык, этнограф, публіцыст, адзін з гал. ідэолагаў заходнерусізму. Скончыў Пецярбургскую духоўную акадэмію (1855). Выкладаў у Рыжскай і Пецярбургскай духоўных семінарыях. Абараняў панславісцкую канцэпцыю гісторыі Расіі. Гіст. канцэпцыю заходнерусізму сфармуляваў у прамове «Гістарычная жывучасць рускага народа і яго культурныя асаблівасці» (1883). Аўтар прац па царк. і паліт. гісторыі Беларусі: «Літоўская царкоўная унія» (т. 1—2, 1859—61), «Лекцыі па гісторыі Заходняй Расіі» (1864), «Гісторыя ўз’яднання заходнярускіх уніятаў старых часоў» (1873) і інш.

Тв.:

История русского самосознания: По историческим памятникам и научным сочинениям. 4 изд. Мн., 1997.

т. 8, с. 204

КАЯМПУТУ́Р,

горад у Індыі, гл. Каімбатур.

т. 8, с. 204

КАЯ́ФА (Kaïápha),

бальнеалагічны і кліматычны курорт у Грэцыі. На ПдЗ ад Афін, на п-ве Пелапанес, на беразе зал. Іанічнага м. Субтрапічны клімат, крыніцы тэрмальных (27—36 °C) радонавых вод. Лечаць хваробы органаў руху і апоры, скуры, печані, жоўцевых шляхоў. Побач інш. папулярныя курорты. На Пн ад К. руіны стараж. Алімпіі, рэшткі храмаў Зеўса, Геры і інш. багоў.

т. 8, с. 204

КА-ХЕМ,

рака, гл. Малы Енісей.

т. 8, с. 190