Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

САКРАТАРЫЯ́Т ААН,

адзін з галоўных органаў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, які дзейнічае пастаянна згодна са Статутам ААН. Асн. функцыя С. ААНарганізац.-адм. абслугоўванне органаў структуры ААН, яе камітэтаў, канферэнцый. Выконвае адм.-тэхн. функцыі ААН, у прыватнасці, рыхтуе некат. матэрыялы; перакладае, друкуе і распаўсюджвае даклады, рэзалюцыі і інш. дакументы ААН; забяспечвае вусны пераклад прамоў, якія гаворацца на пасяджэннях гал. органаў ААН і іх дапаможных органаў; складае, друкуе і рассылае стэнаграфічныя і кароткія справаздачы пасяджэнняў; захоўвае дакументы ААН у архівах; рассылае ўсе дакументы Генеральнай Асамблеі ААН, Савета Бяспекі ААН і інш. членам ААН і выконвае інш. работу, якая можа быць ускладзена на яго гал. органамі ААН. С. ААН складаецца з Генеральнага сакратара ААН і прызначанага ім персаналу ў адпаведнасці з правіламі, якія ўстанаўліваюцца Ген. Асамблеяй. У апошні час агульная колькасць персаналу С. ААН складала больш як 50 тыс. чалавек з 175 краін. Знаходзіцца ў Нью-Йорку.

Г.​А.​Маслыка.

т. 14, с. 90

САКРАТЫ́ЧНЫЯ ШКО́ЛЫ,

шэраг кірункаў у стараж.-грэч. філасофіі, якія грунтаваліся на вучэнні Сакрата. Засн. вучнямі Сакрата. Да С.ш. адносяцца: Акадэмія платонаўская (Платон, Спеўсіп, Ксенакрат і інш), кінікі (Антысфен, Дыяген Сінопскі, Кратэт і інш.), кірэнская школа (Арыстып, Арыстып Малодшы, Арэта, Феодар і інш), мегарская школа (Эўклід, Стылпон, Эўбулід і інш.), эліда-эратрыйская школа (Федон з Эліды, Менедэм і інш.).

т. 14, с. 90

САКРЫ́СТЫЯ (ад лац. sacrum святыня),

бакавое памяшканне ў касцёле ці кляштары, прызначанае для захавання культавага начыння, адзення свяшчэннаслужыцеляў і інш.; часам тут захоўвалася і кляштарная казна. У раннехрысц. храмах функцыі С. выконвала пастафорыя, у правасл.рызніца. Размешчана С. звычайна ва ўсх. ч. касцёла, непасрэдна каля месца правядзення службы. Зрэдку знаходзіцца паміж касцёлам і кляштарам. С. бываюць 1-павярховыя, перакрытыя скляпеннямі, радзей 2-павярховыя.

Сакрыстыя царквы Санта-Марыя прэса Сан-Сатыра ў Мілане. Арх. Д.​Брамантэ. 1479—83.

т. 14, с. 90

САКРЭ́ТНЫЯ КАМІТЭ́ТЫ,

часовыя вярхоўна-бюракратычныя ўстановы ў Рас. імперыі ў 1-й пал. 19 ст. Ствараліся імператарам Мікалаем I для абмеркавання праектаў рэформ. Сакрэтны характар дзейнасці быў абумоўлены бояззю грамадскага хвалявання. Гал. пытаннем было сялянскае. Першы С.к. «6 снежня 1826» (фармальна дзейнічаў да 1832) пад старшынствам В.​П.​Качубея і М.​М.​Спяранскага створаны для выпрацоўкі агульнага плана дзярж. пераўтварэнняў, разглядаў і праекты асабістага вызвалення сялян. С.к. 1835—36 (гал. ролю адыгралі Спяранскі, Я.​Ф.​Канкрын і П.​Дз.​Кісялёў) абмяркоўваў пытанне аб паступовай замене прыгонных адносін дагаворнымі пры захаванні зямлі ў памешчыкаў. С.к. 1839—42 абмяркоўваў праект Кісялёва аб увядзенні інвентароў. С.к. 1846 разглядаў запіску кіраўніка МУС Л.​А.​Пяроўскага пра абмежаванне прыгоннага права шляхам рэгламентацыі адносін унутры вотчыны; к-ты 1840 і 1844 займаліся пытаннем звальнення дваровых, 1847 і 1848 — выкупам сялян з маёнткаў, якія падлягалі публічным таргам. Некаторыя С.к. паўплывалі на змены ў заканадаўстве аб прававым становішчы асобных саслоўяў (1831, 1832, 1842, 1844). Вопыт С.к. улічаны пры выпрацоўцы сялянскай рэформы 1861; апошні С.к. 1857 пераўтвораны ў 1858 у Галоўны камітэт па сялянскай справе.

Літ.:

Архипова Т.А. Секретный комитет 6 дек. 1826 // Тр. Моск. гос. ист.-арх. ин-та. М., 1965. Т 20;

Корнилов А.А. Курс истории России XIX в М., 1993.

т. 14, с. 91

САКРЭ́ЦЫЯ (ад лац. secretio выдзяленне),

утварэнне і вывядзенне рэчыва з клеткі ў вонкавае асяроддзе. Адрозніваюць вонкавую, або экзакрынную, С., пры якой рэчывы, што выдзяляюцца клеткамі (напр., страўнікавы сок, сліна, семянная семявая* вадкасць, малако), па вывадных пратоках паступаюць на паверхню цела ці органа, у полыя органы (напр., у страўнікава-кішэчны тракт, мочапалавую сістэму) і ўнутр., эндакрынную, калі рэчывы з клетак паступаюць у кроў і лімфу. Вылучаюць таксама С. меракрынавую (найб. агульны тып, адбываецца без разбурэння клеткі), апакрынавую (адарванне ч. плазматычнай мембраны разам з сакрэтам і некат. ч. цытаплазмы) і галакрынавую (разбурэнне клеткі і яе адарванне разам з сакрэтам ад эпітэлію). Сакрэты бываюць рознай хім. прыроды: гармоны, ферменты, медыятары, іоны. Іх колькасць і састаў рэгулююцца нерв. механізмамі з удзелам гумаральных фактараў.

А.​С.​Леанцюк.

т. 14, с. 91

САКРЭ́ЦЫЯ ў мінералогіі,

мінеральны агрэгат акруглай або ізаметрычнай формы, што запаўняе пустоты ў горных пародах. Паводле мінер. саставу адрозніваецца ад умяшчальных парод. У процілегласць канкрэцыям С. ўтвараюцца шляхам паслядоўнага адкладу мінер. рэчыва (з сапраўдных і калоідных раствораў пры гіпергенных і гідратэрмальных працэсах) канцэнтрычнымі слаямі на сценках пустот ад іх перыферыі да цэнтра. Нярэдка ў сярэдзіне застаецца поласць, акаймаваная друзамі мінералаў. Адрозніваюць С. буйныя — жэоды і дробныя — міндаліны. Выкарыстоўваюцца ў ювелірнай справе, таксама як калекцыйны матэрыял.

Да арт. Сакрэцыя ў мінералогіі. Міндаліна, складзеная з агату.

т. 14, с. 91

САКС ((Sachs) Ганс) (5.11.1494, г. Нюрнберг, Германія — 19.1.1576),

нямецкі паэт-майстэрзінгер, кампазітар. Вучыўся ў Нюрнбергскай лац. школе, шмат вандраваў. У 1554 заснаваў у Нюрнбергу школу майстэрзінгераў. Дэбютаваў алегарычным вершам у падтрымку М.​Лютэра «Вітэнбергскі салавей» (1523). Аўтар больш як 6 тыс. рэліг. і свецкіх песень, гумарыст. і павучальных шпрухаў («Пра Юдзіф і Алаферна», 1533), шматлікіх фастнахтшпіляў, у т. л. «Шкаляр у раі» (1550), «Фюнзінгенскі канакрад» (1553), шванкаў («Святы Пётр з казой», «Святы Пётр і ландскнехты», абодва 1557), адметных сатырай, гумарам, сакавітай нар. мовай, гарэзлівым балаканнем і дыдактызмам. Вобраз С. паўстае ў оперы Р.​Вагнера «Нюрнбергскія майстэрзінгеры» (1868).

Тв.:

Рус. пер. — Избранное // Брант С. Корабль дураков;

Сакс Г. Избранное. М., 1989.

Літ.:

Пуришев Б.И. Ганс Сакс // История немецкой литературы. М., 1962. Т. 1.

Г.​В.​Сініла.

т. 14, с. 91

САКС (Уладзімір Мікалаевіч) (22.4.1911, С.-Пецярбург — 17.12.1979),

расійскі і бел. геолаг, геамарфолаг і палеантолаг. Чл.-кар. АН СССР (1958). Скончыў Ленінградскі горны ін-т (1933). У 1932—35 у Бел. геолагаразведачным трэсце (з 1933 Маскоўскі геолагаразведачны трэст), з 1935 у н.-д. установах па вывучэнні геалогіі Арктыкі, з 1958 у Сіб. аддзяленні АН СССР. Навук. працы па стратыграфіі чацвярцічных адкладаў Беларусі, палеагеаграфіі, стратыграфіі і тэктоніцы мезазойскіх адкладаў Арктыкі і Паўн. Сібіры. Распрацаваў падрабязную схему стратыграфічнага падзелу чацвярцічных адкладаў Беларусі і Арктыкі. Дзярж. прэмія СССР 1978.

Тв.:

К вопросу о стратиграфии ледниковых отложений Белоруссии // Тр. комиссии по изучению четвертичного периода. 1934. Т. 4, вып. I;

Четвертичный период в Советской Арктике. 2 изд., Л.;

М., 1953;

Стратиграфия юрской и меловой систем Севера СССР. М.; Л., 1963 (у сааўт.).

т. 14, с. 91

САКС ((Sachs) Юліус) (2.10.1832, г. Вроцлаў, Польшча —29.5.1897),

нямецкі батанік, адзін з заснавальнікаў эксперым. фізіялогіі раслін. Скончыў Пражскі ун-т. З 1861 праф. с.-г. акадэміі ў г. Попельсдорф з 1867 праф. Фрэйбургскага, з 1868 — Вюрцбургскага ун-таў (Германія). Навук. працы па пытаннях фотасінтэзу, формаўтварэння, росту і руху раслін, іх мінер. жыўленні і водным рэжыме, фізіял. паталогіі і гісторыі біялогіі. Высветліў, што крухмал утвараецца ў хларапластах у выніку засваення раслінамі вуглякіслага газу на сонечным святле, што хларапласты здольны самастойна рухацца, увёў паняцце пра «вял. перыяд росту». Склаў першую фізіял. класіфікацыю расл. тканак.

т. 14, с. 91

САКСАГА́НСКІ (сапр. Табілевіч) Панас Карпавіч

(15.5.1859, с. Каменна-Каставатае Мікалаеўскай вобл., Украіна — 17.9.1940),

украінскі акцёр і рэжысёр. Брат І.​Карпенкі-Карага, М.​Садоўскага. Нар. арт. СССР (1936). Прафес. акцёрскую дзейнасць пачаў у 1883 у трупе М.​Старыцкага. У 1890—1909, 1915—17 арганізоўваў і ўзначальваў т-вы ўкр. акцёраў (з Садоўскім, М.​Крапіўніцкім, М.​Занькавецкай, Карпенкам-Карым, І.​Мар’яненкам). У 1918 стварыў у Кіеве Нар. т-р, з якога ў 1922 арганізаваны Укр. драм. т-р імя Занькавецкай. Працаваў у ім (з перапынкамі) да 1932, а таксама ў т-ры імя І.​Франко, у 1927—31 у Харкаўскім нар. т-ры. Тонкі знешні малюнак ролі, дасканалая прапрацоўка дэталей, багатая адценнямі сцэн. мова, нар. гумар — характэрныя рысы яго выканальніцкай дзейнасці. Сярод лепшых роляў: Возны («Наталка Палтаўка» І.​Катлярэўскага), Карась («Запарожац за Дунаем» С.​Гулак-Арцямоўскага), Банавентура, Гнат Голы, Тарабанаў («Сто тысяч», «Мартын Баруля», «Марнасць» Карпенкі-Карага), Галахвосты («За двума зайцамі» Старыцкага), Франц («Разбойнікі» Ф.​Шылера). З 1889 працаваў як рэжысёр. Паставіў п’есы «Абяздоленая», «Марасць» Карпенкі-Карага (1890, 1904), «Па рэвізіі» Крапіўніцкага (1891), «Урыэль Акоста» К.​Гуцкава (1918), «Атэла» У.​Шэкспіра (1926).

Тв.:

По шляху життя. [Харків], 1935;

Думки про театр. Київ, 1955.

Літ.:

Стеценко Л. Панас Саксаганський. Київ, 1959.

У.​М.​Стэльмах.

П.К.Саксаганскі.

т. 14, с. 91