САКРЭ́ЦЫЯ (ад лац. secretio выдзяленне),
утварэнне і вывядзенне рэчыва з клеткі ў вонкавае асяроддзе. Адрозніваюць вонкавую, або экзакрынную, С., пры якой рэчывы, што выдзяляюцца клеткамі (напр., страўнікавы сок, сліна, семянная семявая* вадкасць, малако), па вывадных пратоках паступаюць на паверхню цела ці органа, у полыя органы (напр., у страўнікава-кішэчны тракт, мочапалавую сістэму) і ўнутр., эндакрынную, калі рэчывы з клетак паступаюць у кроў і лімфу. Вылучаюць таксама С. меракрынавую (найб. агульны тып, адбываецца без разбурэння клеткі), апакрынавую (адарванне ч. плазматычнай мембраны разам з сакрэтам і некат. ч. цытаплазмы) і галакрынавую (разбурэнне клеткі і яе адарванне разам з сакрэтам ад эпітэлію). Сакрэты бываюць рознай хім. прыроды: гармоны, ферменты, медыятары, іоны. Іх колькасць і састаў рэгулююцца нерв. механізмамі з удзелам гумаральных фактараў.
А.С.Леанцюк.
т. 14, с. 91
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)