САКРЭ́ЦЫЯ ў мінералогіі,

мінеральны агрэгат акруглай або ізаметрычнай формы, што запаўняе пустоты ў горных пародах. Паводле мінер. саставу адрозніваецца ад умяшчальных парод. У процілегласць канкрэцыям С. ўтвараюцца шляхам паслядоўнага адкладу мінер. рэчыва (з сапраўдных і калоідных раствораў пры гіпергенных і гідратэрмальных працэсах) канцэнтрычнымі слаямі на сценках пустот ад іх перыферыі да цэнтра. Нярэдка ў сярэдзіне застаецца поласць, акаймаваная друзамі мінералаў. Адрозніваюць С. буйныя — жэоды і дробныя — міндаліны. Выкарыстоўваюцца ў ювелірнай справе, таксама як калекцыйны матэрыял.

Да арт. Сакрэцыя ў мінералогіі. Міндаліна, складзеная з агату.

т. 14, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)