Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КУН ((Kun) Бела) (20.2.1886, г. Чэху-Сілваніей, Румынія — 30.11.1939?),

дзеяч венгерскага і міжнар. камуніст. руху. З 1902 чл. С.-д. партыі Венгрыі. Удзельнік 1-й сусв. вайны, у 1916 у Расіі трапіў у палон, у 1917 далучыўся да руху бальшавікоў. У 1918 нелегальна вярнуўся ў Венгрыю, заснаваў Камуніст. партыю Венгрыі (24.11.1918). Пасля абвяшчэння Венг. Сав. Рэспублікі нарком замежных, потым і ваен. спраў (21.3—1.8.1919). Пасля падзення рэспублікі эмігрыраваў у Аўстрыю. З жн. 1920 у Расіі. З 1921 чл. Выканкома Камуністычнага Інтэрнацыянала. У 1937 арыштаваны, у 1956 рэабілітаваны. Аўтар прац па гісторыі венг. і міжнар. камуніст. руху.

Літ.:

Бела Кун: Избранное. Воспоминания о Б.Куне. М., 1986.

Б.Кун.

т. 9, с. 21

КУН ((Kuhn) Рыхард Іаган) (3.12.1900, Вена — 31.7.1967),

нямецкі хімік і біяхімік. Скончыў Мюнхенскі ун-т (1922). З 1929 праф. Гайдэльбергскага ун-та і кіраўнік хім. аддз. Ін-та біяхіміі імя М.Планка. Навук. працы па хіміі раслінных пігментаў (пераважна караціноідаў) і вітамінаў. Устанавіў структуру α- і β-ізамераў караціну (1933, незалежна ад П.Карэра) і прапанаваў метад іх сінтэзу (1937). Вылучыў крышталі вітаміну В2 (рыбафлавін) з сыроваткі і бялку яец, вітамін В6 (пірыдаксін) з дражджэй і прапанаваў яго структурную ф-лу. Нобелеўская прэмія 1938.

т. 9, с. 21

КУН ((Kuhn) Томас Сэмюэл) (н. 18.7.1922, г. Цынцынаты, ЗША),

амерыканскі філосаф і гісторык навукі, адзін з лідэраў гіст. школы ў метадалогіі і гісторыі навукі. Праф. ун-таў у Берклі (1958) і Прынстане (1964), Масачусецкага тэхнал. ін-та (1979). У яго канцэпцыі гісторыя навукі разглядаецца як чаргаванне эпізодаў барацьбы розных навук. супольнасцей, якія фарміруюцца і функцыянуюць на аснове прыняцця іх членамі пэўнай мадэлі навук. дзейнасці (парадыгмы, або «дысцыплінарнай матрыцы»). Найб. важныя яе эпізоды — «нармальная навука» (перыяд панавання пэўнай парадыгмы) і «навук. рэвалюцыя» (перыяд распаду парадыгмы, канкурэнцыя паміж альтэрнатыўнымі парадыгмамі і, у канчатковым выніку, пераход да новага перыяду «нармальнай навукі»). К. адмаўляе пераемнасць у развіцці навукі; прагрэс, паводле К., — гэта паняцце, якое мае сэнс толькі для «нармальнай навукі», дзе яго крытэрыем выступае колькасць вырашаных праблем.

Тв.:

Рус. пер. — Структура научных революций. 2 изд. М., 1977.

т. 9, с. 21

КУ́НА,

лікавая адзінка ў грашовай сістэме Стараж. Русі. Тэрмін паходзіць ад агульнаслав. «куны» — грошы (першапачатковае значэнне — шкуркі куніцы). У 10—11 ст. колькасць серабра ў К. адпавядала ⅟25 грыўні, у 12 — пач. 14 ст., у т. зв. «безманетны перыяд», К. раўнялася разане і складала ​1/50 грыўні. У Расіі тэрмін «К.» ў дачыненні да грошай захаваўся да 17 ст.

т. 9, с. 21

КУНГЕ́Й-АЛАТА́У,

хрыбет на Пн Цянь-Шаня, гл. Кюнгёй-Ала-Тоо.

т. 9, с. 21

Кунгурава Ніна Іванаўна

т. 18, кн. 1, с. 414

КУНГУ́РСКАЯ ПЯЧО́РА,

карставая пячора на Сярэднім Урале каля г. Кунгур, у Пермскай вобл. Расіі. Агульная даўж. да 5,6 км. 58 гротаў (найб. грот Географаў, даўж. 155 м) і каля 60 азёр. Утварылася ў гіпсах і ангідрытах. Кальцытавыя, гіпсавыя і ледзяныя ўтварэнні: сталактыты, сталагміты, сталагнаты і асобныя крышталі. Гроты Брыльянтавы, Палярны з ледзянымі ўтварэннямі, размешчаны каля ўвахода. Помнік прыроды. Пячора электрыфікавана. Турызм.

т. 9, с. 21

КУНГ-ФУ́, кун-фу (кіт. старанныя заняткі, трэніроўка),

адна з сістэм адзінаборстваў без зброі (практыка псіхафізічнага трэнінгу): аснова кэмпо; частка сістэмы ушу. Сфарміравалася ў Кітаі каля 960—1200. Дала пачатак яп. сістэмам джыу-джыцу і каратэ. У ЗША культывуецца з 1940-х г., у Еўропе — з сярэдзіны 1950-х г. Адметныя рысы стылю — псіхічны трэнінг, загартоўванне цела, развіццё скорасна-сілавых якасцей. Папулярызатар і распаўсюджвальнік К.-ф. — Б.Лі (ЗША).

т. 9, с. 21

Кундас Сямён Пятровіч

т. 18, кн. 1, с. 415

КУ́НДА КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура эпохі мезаліту, плямёны якой жылі на Пн Беларусі, У Прыбалтыкі, Пн еўрап. ч. Расіі. Назва ад паселішча каля г. Кунда (Эстонія). Паходжанне культуры звязваюць з постсвідэрскім насельніцтвам, на якое ўплывалі носьбіты маглемазэ культуры і інш. Асн. заняткі насельніцтва — паляванне і рыбалоўства. Яно вырабляла крамянёвыя сіметрычныя наканечнікі стрэл з бакавой выемкай, скрабкі з укарочаных загатовак, разцы на зломе загатовак і інш. Пахавальны абрад — трупапалажэнне ў ямах у выцягнутым становішчы; пахаванні адзіночныя, калектыўныя, у 1 або 2 ярусы. Пахавальны інвентар — крамянёвыя, каменныя і касцяныя прылады працы. Гіст. лёс насельніцтва К.к. звязаны з нарвенскай культурай. На Беларусі найб. даследаваныя помнікі Замошша (Верхнядзвінскі р-н) і Крумплева (Полацкі р-н).

У.П.Ксяндзоў.

т. 9, с. 21