Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КАМУНА́Р,

вадасховішча ў Калінкавіцкім р-не Гомельскай вобл., паміж вёскамі Убалаць і Зеляночы. Створана ў 1979. Пл. 0,38 км², даўж. 800 м, найб. шыр. 500 м, найб. глыб. 3,7 м, аб’ём вады 1,08 млн. м³. Даўж. агараджальнай дамбы 2.5 км. Дно пясчанае. Напаўняецца вадой за кошт сцёку р. Ненач па напорным трубаправодзе. Гадавая амплітуда вагання ўзроўню вады 1,5 м. Выкарыстоўваецца для двухбаковага рэгулявання і ўвільгатнення глебы.

т. 7, с. 541

КАМУНА́Р,

пасёлак у Буда-Кашалёўскім р-не Гомельскай вобл., каля аўтадарогі Гомель—Магілёў. Цэнтр сельсавета. За 19 км на ПдУ ад г. Буда-Кашалёва, 20 км ад Гомеля, 5 км ад чыг. ст. Уза. 3024 ж., 1111 двароў (1997). Гомельская бройлерная птушкафабрыка, камбінат хлебапрадуктаў. Сярэдняя школа, Палац культуры, 2 б-кі, бальніца, аптэка, аддз. сувязі.

т. 7, с. 541

КАМУНА́РСК,

горад на Украіне, у Луганскай вобл. Засн. ў 1895, да 1931 Алчэўск, да 1961 Варашылаўск. 127 тыс. ж. (1993). Чыг. станцыя. Металургічны камбінат; коксахім., буд. канструкцый, жалеза-бетонных вырабаў з-ды; лёгкая і харч. прам-сць. Горна-металургічны ін-т. Музеі: гіст., геолага-мінералагічны.

т. 7, с. 541

КАМУНА́РСКАЕ РАДО́ВІШЧА МЕ́РГЕЛЮ І МЕ́ЛУ.

У Касцюковіцкім р-не Магілёўскай вобл., каля чыг. ст. Камунары. Пластавы паклад звязаны з верхнемелавымі адкладамі. Вылучаюцца 3 участкі: Высокае, Камунары Заходнія і Камунары Усходнія. Мергель шэры з рознымі адценнямі, шчыльны, вязкі, месцамі з лінзамі глін, тонкадысперсны, ніжэй па разрэзе пераходзіць у белы чысты мел. Разведаныя запасы 385,5 млн. т, перспектыўныя 75,9 млн. т. Агульная магутнасць карыснай тоўшчы 18,7—29 м, ускрышы (супескі, пяскі, гліны) 1,6—20,9 м. Мергель і мел прыдатныя на выраб партландцэменту. Радовішча распрацоўваецца.

А.П.Шчураў.

т. 7, с. 541

КАМУ́НА СЕЛЬСКАГАСПАДА́РЧАЯ,

форма с.-г. вытворчага кааператыва ў першыя гады сав. ўлады. Ствараліся з канца 1917 вясковымі беднякамі, батракамі і рабочымі пераважна на аснове былых панскіх маёнткаў; сав. ўлада аддавала ім гасп. пабудовы, інвентар, жывёлу. У К.с. абагульваліся ўсе сродкі вытв-сці; землекарыстанне, размеркаванне было ўраўняльным — па едаках; практыкавалася таксама калект. бытавое абслугоўванне (агульная сталовая, яслі і інш.). У членаў К.с. поўнасцю адсутнічала асабістая гаспадарка, што дазваляла пазбегнуць прыватнаўласніцкіх памкненняў. Нягледзячы на падтрымку дзяржавы і больш эфектыўнае развіццё ў параўнанні з інш. формамі калект. гаспадарак, камуны не сталі асн. формай калектывізацыі. У канцы 1920 — пач. 1930-х г. ператвораны ў калгасы.

т. 7, с. 540

КАМУНЕ́РАС (ісп. comuneros ад comuna абшчына),

1) паўстанне сярэдневяковых самакіравальных гарадоў Кастыліі (Іспанія) у 1520—22 супраць каралеўскага абсалютызму, у абарону гар. вольнасцей. Выклікана патрабаваннямі караля Карла I грашовых субсідый ад гарадоў. Пасля ад’езду караля ў Германію, дзе ён быў абраны імператарам «Свяшчэннай Рым. імперыі», паўстаўшыя гарады (Таледа, Сеговія, Мурсія, Авіла, Бургас, Мадрыд і інш.) аб’ядналіся ў ліп. 1520 у «Святую хунту» (цэнтр у г. Авіла), да якой далучылася ч. дваранства і духавенства. Паўстанцы патрабавалі, каб Карл I жыў у Іспаніі, рэгулярнага склікання картэсаў, пашырэння гар. самакіравання, забароны вы вазу залатой манеты за мяжу і інш. У бітве каля Вільялары (23.4.1521) сілы К. на чале з Х.Падзілья разгромлены, ён і інш. кіраўнікі хунты ўзяты ў палон і пакараны смерцю. У 1522 паўстанне канчаткова задушана, урадавыя рэпрэсіі працягваліся да 1526.

2) Антыкалан. паўстанне ў Новай Гранадзе (цяпер Калумбія) у сак.кастр. 1781. Паўстанцы (да 20 тыс. чал.) патрабавалі адмены каралеўскіх манаполій і памяншэння падаткаў, мелі на мэце знішчэнне ісп. калан. панавання і стварэнне рэспублікі на чале з выбарным каралём. Паўстанне задушана ісп. ўладамі, яго кіраўнікі (у т. л. Х.А.Галан) пакараны смерцю.

т. 7, с. 541

КАМУНЕ́РАС, Канфедэрацыя іспанскіх камунерас,

тайная паліт. арг-цыя левага кірунку ў час ісп. рэвалюцыі 1820—23. Створана б. масонамі. Мела на мэце абараняць правы і дэмакр. свабоды ісп. народа, устаноўленыя паводле канстытуцыі 1812. К. не лічылі сябе рэспубліканцамі, аднак іх асн. прынцыпы (суверэнітэт народа, тэорыя і грамадскага дагавора) садзейнічалі пашырэнню рэсп. ідэй у Іспаніі. Восенню 1822 найб. радыкальныя К. патрабавалі звяржэння караля Фердынанда VII. У канцы 1822 найменш радыкальныя яе члены выйшлі з арг-цыі, якая падверглася праследаванням улад. Дзейнасць К. спынілася пасля аднаўлення ў Іспаніі абсалютнай манархіі (1823).

т. 7, с. 541

КАМУНІ́ЗМ (ад лац. communis агульны),

агульная назва шэрагу розных канцэпцый аб ідэальнай грамадскай арганізацыі, а таксама гіпатэтычнага грамадскага і эканам. ладу, заснаванага на поўнай роўнасці і грамадскай уласнасці на сродкі вытворчасці.

Найбольш раннія тэарэт. канструкцыі К. належаць Платону, у ідэальнай дзяржаве якога праглядваюцца рысы К., а таксама старажытнаму хрысціянству.Утапічны К. прапагандавалі Т.Кампанела, Т.Мор, Ф.Бабёф і інш. Практычныя спробы пабудовы К. як соцыуму ўсеагульнага дабрабыту неаднаразова рабіліся манаскімі ордэнамі, рэліг. сектамі, у т. л. на тэр. Беларусі (гл. Камуністы), у абшчынах (камунах), якія стваралі прадстаўнікі утапічнага сацыялізму (Р.Оуэн, К.Л.Сен-Сімон і іх паслядоўнікі).

У марксісцкай канцэпцыі К. — грамадска-эканам. фармацыя, якая ў выніку пралет. рэвалюцыі змяняе капіталізм, грунтуецца на грамадскай уласнасці на асн. сродкі вытв-сці і садзейнічае ўсебаковаму развіццю асобы; а таксама адпаведныя тэорыя і ідэалогія, створаныя К.Марксам, Ф.Энгельсам, У.І.Ленінам (гл. Марксізм). У сваім развіцці яна праходзіць 2 фазы (ступені) — ніжэйшую, якая наз. сацыялізмам, і вышэйшую, якая наз. поўным К. Часам тэрмін «К.» ужываецца для вызначэння тыпу грамадства, гістарычна першы ўзор якога быў створаны ў СССР. Тут, а таксама ў шэрагу інш. краін свету былі дасягнуты значныя вынікі ў фарміраванні камуніст. грамадскіх адносін, але выявіўся і шэраг негатыўных з’яў (рэпрэсіі, застой у эканоміцы і інш.), некаторыя рысы, характэрныя для «казарменнага камунізму», што абвастрыла крызіс камуніст. ідэалогіі і практыкі. Асноўны прынцып К. «ад кожнага па здольнасцях — кожнаму па патрэбнасцях» не ўдалося практычна рэалізаваць ні ў адной краіне свету. Разам з тым асобныя ідэі К., якія маюць карані ў саміх асновах чалавечага быцця, ва ўмовах нарастання глабальных сусветных праблем узмацняюцца ў свядомасці людзей і ў грамадскай практыцы некаторых краін.

Літ.:

Платон. Собр. соч.: В 4 т. Т. 1—2. М., 1991;

Джонсон Х. Христиане и коммунизм: Пер. с англ. М., 1957;

Маркс К. Крытыка Гоцкай праграмы. Мн., 1968;

Энгельс Ф. Принципы коммунизма // Маркс К., Энгельс Ф. Соч. 2 изд. Т. 4;

Ленин В.И. О социализме и коммунизме. М., 1986;

Зиновьев А.А. Коммунизм как реальность;

Кризис коммунизма. М., 1994;

Сорокин П.А. Человек. Цивилизация. Общество. М., 1992;

Данилов А.Н. Переходное общество: Пробл. системной трансформации. Мн., 1997.

Р.Ч.Лянькевіч.

т. 7, с. 542

КАМУНІ́ЗМУ ПІК,

найвышэйшая вяршыня на Паміры, у месцы адгалінавання хр. Пятра Першага ад хр. Акадэміі навук, на Пн Таджыкістана. Выш. 7495 м. На схілах — магутныя фірнавыя палі і ледавікі (Бівачны, Бяляева, Памірскае фірнавае плато) агульнай пл. 136 км². Першае ўзыходжанне ў 1933 здзейсніў сав. альпініст Я.М.Абалакаў. У 1933—62 наз. пік Сталіна.

Памір. Пік Камунізму.

т. 7, с. 542

КАМУНІКА́БЕЛЬНАСЦЬ (ад позналац. communicabilis злучальны),

1) сумяшчальнасць (здольнасць да супольнай працы) рознатыповых сістэм перадачы інфармацыі.

2) Здольнасць людзей да зносін, службовых і вытв. дачыненняў, таварыскасць.

т. 7, с. 542