КАМУНЕ́РАС (ісп. comuneros ад comuna абшчына),

1) паўстанне сярэдневяковых самакіравальных гарадоў Кастыліі (Іспанія) у 1520—22 супраць каралеўскага абсалютызму, у абарону гар. вольнасцей. Выклікана патрабаваннямі караля Карла I грашовых субсідый ад гарадоў. Пасля ад’езду караля ў Германію, дзе ён быў абраны імператарам «Свяшчэннай Рым. імперыі», паўстаўшыя гарады (Таледа, Сеговія, Мурсія, Авіла, Бургас, Мадрыд і інш.) аб’ядналіся ў ліп. 1520 у «Святую хунту» (цэнтр у г. Авіла), да якой далучылася ч. дваранства і духавенства. Паўстанцы патрабавалі, каб Карл I жыў у Іспаніі, рэгулярнага склікання картэсаў, пашырэння гар. самакіравання, забароны вы вазу залатой манеты за мяжу і інш. У бітве каля Вільялары (23.4.1521) сілы К. на чале з Х.Падзілья разгромлены, ён і інш. кіраўнікі хунты ўзяты ў палон і пакараны смерцю. У 1522 паўстанне канчаткова задушана, урадавыя рэпрэсіі працягваліся да 1526.

2) Антыкалан. паўстанне ў Новай Гранадзе (цяпер Калумбія) у сак.кастр. 1781. Паўстанцы (да 20 тыс. чал.) патрабавалі адмены каралеўскіх манаполій і памяншэння падаткаў, мелі на мэце знішчэнне ісп. калан. панавання і стварэнне рэспублікі на чале з выбарным каралём. Паўстанне задушана ісп. ўладамі, яго кіраўнікі (у т. л. Х.А.Галан) пакараны смерцю.

т. 7, с. 541

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)