Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БАДЗЯ́ГІ

(Spongillidae),

сямейства прэснаводных каланіяльных губак. У сусв. фауне 16 родаў. Пашыраны ўсюды. У вадаёмах Беларусі не вывучаліся. Найб. вядомыя 2 віды: бадзяга азёрная (Spongilla lacustris), якая жыве ў стаячых вадаёмах, і бадзяга рачная (Ephydatia fluviatilis) — у праточных.

Памеры калоніі да 1 м. Цела шурпатае з непрыемным пахам, шэрае, жаўтаватае, брудна-зялёнае. Шкілет крамянёвы. Размнажаюцца палавым і бясполым (пачкаваннем) спосабамі. Маюць вял. здольнасць да аднаўлення: з дробнага кавалачка вырастае самастойная асобіна. Кормяцца аднаклетачнымі арганізмамі і арган. рэшткамі. Увосень утвараюць унутр. пупышкі — гемулы, якія вясной даюць пачатак новай калоніі. Засмечваюць гідратэхн. збудаванні. Ачышчаюць вадаёмы ад арган. рэчываў. Высушаныя — нар. лек. сродак ад рэўматычных і інш. боляў. У медыцыне выкарыстоўваюцца мазі з бадзягамі.

т. 2, с. 212

БАДЗЯ́К

(Cirsium),

род кветкавых раслін сям. астравых. Больш за 200 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі 8 відаў. Найб. вядомыя бадзяк агародны (Cirsium oleraceum), балотны (Cirsium palustre), звычайны (Cirsium vulgare), палявы (Cirsium arvense), рачны (Cirsium rivulare). Бадзяком таксама называюць віды раслін з роду асот.

Шмат- або двухгадовыя травяністыя, пераважна калючыя расліны з чаргаваным глыбакаперыста-раздзельным або суцэльным лісцем без прыдаткаў. Кветкі трубчастыя, кветкавыя кошыкі шматкветныя, паніклыя ці прамастойныя. Лісцікі абгорткі лінейныя і лінейна-ланцэтныя, на канцы з шылаватай калючкай. Кветаложа ўсаджана доўгімі шчацінкамі. Кветкі двух-, радзей аднаполыя, трубчастыя, рознага колеру. Плод — голая сціснутая сямянка з чубком. Меданосныя, лек., кармавыя і дэкар. Расліны.

т. 2, с. 213

БАДЗЯ́КА Міхаіл Мікалаевіч

(н. 17.8.1914, в. Пячары Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне металазнаўства. Чл.-кар. АН Беларусі (1974), д-р тэхн. н., праф. (1968). Скончыў Маскоўскі ін-т сталі (1941). З 1950 у БПІ, з 1953 у Фіз.-тэхн. ін-це АН Беларусі. Навук. працы па тэрмадынаміцы структурных і фазавых ператварэнняў у металах і сплавах ва ўмовах звышвысокіх скарасцей награвання. Распрацаваў тэарэт. асновы тэрмадынамікі рэкрышталізацыі. Дзярж. прэмія Беларусі 1988.

Тв.:

Термокинетика рекристаллизации. Мн., 1968 (разам з С.А.Астапчыкам, Г.Б.Ярашэвічам);

Мартенситностареющие стали. Мн., 1976 (з імі ж);

Электротермообработка сплавов с особыми свойстама. Мн., 1977 (разам з С.А.Астапчыкам).

т. 2, с. 213

БАДЗЯ́Н

(Illicium),

род кветкавых раслін сям. іліцыевых. 42 віды. Пашыраны ва Усх. і Паўд.-Усх. Азіі, у Паўд. Амерыцы і на ПдУ Паўн. Амерыкі. Найб. вядомы бадзян сапраўдны, або кітайскі, аніс зорчаты (Illicium verum) — вострапахучая расліна. Інтрадукаваны на Чарнаморскае ўзбярэжжа Каўказа разам з інш. (амерыканскімі) відамі — бадзяном фларыдскім (Illicium floridanum) і драбнакветкавым (Illicium parviflorum).

Шматгадовазялёныя кусты і дрэвы. Бадзян сапраўдны — дрэва выш. да 10 м са скурыстым падоўжана-эліптычным лісцем з суцэльным краем. Кветкі двухполыя, шматпялёсткавыя, адзіночныя. Плод — цыклічная скурыстая або дравяністая шматлістоўка ў выглядзе своеасаблівай зоркі (адсюль другая назва «аніс зорчаты»). Пашыраны ў Індакітаі, Паўд. Кітаі і інш. раёнах Паўд.-Усх. Азіі. Харч. (плады выкарыстоўваюць як вострую прыправу для араматызацыі лікёраў, вінаў, кандытарскіх вырабаў і інш.), тэхн. і лек. (лісты, плады і алей) расліна. Бадзян анісавы, ці японскі, або японскі зорчаты аніс, так зв. сікімі (Illicium anisatum, або Illicium religiosum) — ядавітая расліна (асабліва плады, якія маюць алкалоід скіміянін). Пашыраны ў Японіі, Карэі, Кітаі. Старажытная культавая расліна (алей выкарыстоўваецца ў храмах як свяцільны сродак, тоўчаныя кара і насенне — для паху). Плады бадзяну японскага вельмі падобныя на плады бадзяну сапраўднага, таму выкарыстоўваюць іх для фальсіфікацыі ў гандлі. З пладоў усіх відаў бадзяну атрымліваюць эфірны алей, у якім да 90% анетолу.

т. 2, с. 213

БАДЗЯ́НСКІ Восіп Максімавіч

(12.11.1808, г.п. Варва Чарнігаўскай вобл., Украіна — 18.9.1877),

рускі і ўкр. філолаг-славіст, гісторык і пісьменнік. Скончыў Маскоўскі ун-т (1834). Праф. гэтага ун-та (1842—68), сакратар Маскоўскага т-ва гісторыі і старажытнасцяў расійскіх (1845—48, 1858—68). З 1858 рэдактар час. «Чтения Московского общества истории и древностей российских». Аўтар прац па гісторыі, фальклоры і мове славян: «Разгляд розных думак аб старажытнай мове паўночных і паўднёвых русаў» (1835), «Аб народнай паэзіі славянскіх плямёнаў» (1837), «Аб часе паходжання славянскіх пісьмёнаў» (1855), «Кірыла і Мяфодзій...» (1863—66) і інш. Збіраў бел. нар. песні, даследаваў мову «Бібліі» Ф.Скарыны, бел. ананімную паэму «Энеіда навыварат». Адкрыў бел. паходжання Пазнанскі рукапіс. Пісаў вершы (зб. «Нашы ўкраінскія песні», 1835).

М.Г.Булахаў.

т. 2, с. 213

БАДЛЕ́Р

(Baudelaire) Шарль (17.4.1821, Парыж — 31.8.1867),

французскі паэт. Папярэднік франц. сімвалізму. Друкаваўся з 1840 (вершы, брашуры «Салон 1845 года», «Салон 1846 года»). Удзельнік Рэвалюцыі 1848, выдаваў дэмакр.-рэсп. газету «Le salut public» («Грамадскі ратунак»). Расчараваўшыся ў выніках рэвалюцыі, адышоў ад палітыкі, асудзіў «бунт» як грэх. Выпрацаваў новую канцэпцыю асобы, прычыны пакутаў «чалавечай душы» бачыў не толькі ў навакольным свеце, але і ў самім чалавеку. У кн. «Кветкі зла» (1857, дап. выд. 1861, 1869) трагічная карціна свету, ахопленага шаленствам разбурэння, анархія бунтарства, сум па гармоніі, пошукі ідэалу спалучаюцца з прызнаннем непераможнасці зла, эстэтызацыяй заганаў вял. горада. Аўтар зб. артыкулаў пра франц. мастацтва і л-ру «Рамантычнае мастацтва» (1868), трактата пра наркотыкі «Штучны рай» (1860), «Маленькіх паэм прозай» («Парыжскі сплін», 1869), артыкулаў пра творчасць Э.По і перакладаў яго твораў. На бел. мову вершы Бадлера перакладалі Ю.Гаўрук, У.Жылка, З.Колас, С.Ліхадзіеўскі.

Тв.:

Бел. пер. — Маленькія паэмы прозай // Далягляды. Мн., 1983;

Рус. пер. — Цветы Зла. Ростов н/Д, 1991.

Літ.:

Нольман М. Шарль Бодлер: Судьба. Эстетика. Стиль. М., 1979.

т. 2, с. 213

БАДМІНТО́Н

(англ. badminton),

спартыўная гульня з ракеткай і валанам. Радзіма бадмінтона — Індыя. У 2-й пал. 19 ст. завезены ў Англію, назва ад англ. г. Бадмінтан, дзе ў 1872 прайшлі першыя спаборніцтвы па бадмінтоне.

У бадмінтон гуляюць на пляцоўцы 13,4 х 5,2 м (для адзіночных) ці 13,4 х 6,1 м (для парных сустрэч) праз сетку памерам 6,10 х 0,75 м, нацягнутую на выш. 155 см. Мэта гульні не дапусціць падзення валана на сваім баку, а прызямліць яго на пляцоўцы саперніка. Гуляюць 3 партыі да ліку 15 ачкоў у кожнай, у жаночых і дзіцячых сустрэчах да 11 ачкоў. З 1934 дзейнічае Міжнар. федэрацыя бадмінтона, чэмпіянаты свету з 1977, Еўропы з 1968; з 1992 (Барселона) бадмінтон у Алімпійскай праграме.

На Беларусі развіваецца з 1960-х г. Зборная Беларусі па бадмінтоне неаднаразовы чэмпіён і прызёр чэмпіянатаў СССР, Кубкаў СССР і летніх Спартакіяд народаў СССР. Бел. бадмінтаністы С.Розін і А.Скрыпко (1977, 1979), Скрыпко і С.Балясава (1979) уладальнікі Кубка Еўропы ў камандным першынстве. З 1993 Беларусь член Міжнар. федэрацыі і Еўрап. саюза па бадмінтоне.

т. 2, с. 214

БАДО́

(Baudot) Жан Марыс Эміль (11.9.1845, Маньё, Францыя — 23.3.1903),

французскі вынаходнік у галіне тэлеграфіі. Стварыў першую практычна прыдатную да эксплуатацыі сістэму шматразовага тэлеграфавання перадачай раўнамерных кодавых пасылак эл. току (1874—76). Першыя Бадо апараты пачалі дзейнічаць у 1877 на тэлеграфнай лініі Парыж—Бардо. Імем Бадо названа (1927) адзінка скорасці тэлеграфавання — бод.

т. 2, с. 214

БАДО́ЛЬЁ

(Badoglio) П’етра (28.9.1871, Грацана-Манферата, правінцыя П’емонт, Італія — 31.10.1956),

дзяржаўны і ваенны дзеяч Італіі, маршал (1926). Галоўнакамандуючы італьян. войскамі ў італа-эфіопскай вайне 1935—36, пасля захопу Эфіопіі віцэ-кароль (1936—37). Удзельнік дзярж. перавароту 25.7.1943, які прывёў да падзення фаш. дыктатуры Б.Мусаліні. У 1943—44 прэм’ер-міністр. Урад Бадольё 3.9.1943 у Касібілі падпісаў з антыфаш. кааліцыяй дагавор аб ваенным перамір’і і 13.10.1943 абвясціў вайну Германіі.

т. 2, с. 214

БАДО́ АПАРА́Т,

літарадрукавальны шматразовы тэлеграфны апарат. Мае клавіятуру, пры дапамозе якой перадача тэлеграм праводзіцца ў вызначаным рытме, што задаецца тактавымі сігналамі. Вынайдзены Ж.Бадо (1876). Выкарыстоўваўся да замены ў 1960-я г. тэлетайпамі.

т. 2, с. 214