БАДЛЕ́Р

(Baudelaire) Шарль (17.4.1821, Парыж — 31.8.1867),

французскі паэт. Папярэднік франц. сімвалізму. Друкаваўся з 1840 (вершы, брашуры «Салон 1845 года», «Салон 1846 года»). Удзельнік Рэвалюцыі 1848, выдаваў дэмакр.-рэсп. газету «Le salut public» («Грамадскі ратунак»). Расчараваўшыся ў выніках рэвалюцыі, адышоў ад палітыкі, асудзіў «бунт» як грэх. Выпрацаваў новую канцэпцыю асобы, прычыны пакутаў «чалавечай душы» бачыў не толькі ў навакольным свеце, але і ў самім чалавеку. У кн. «Кветкі зла» (1857, дап. выд. 1861, 1869) трагічная карціна свету, ахопленага шаленствам разбурэння, анархія бунтарства, сум па гармоніі, пошукі ідэалу спалучаюцца з прызнаннем непераможнасці зла, эстэтызацыяй заганаў вял. горада. Аўтар зб. артыкулаў пра франц. мастацтва і л-ру «Рамантычнае мастацтва» (1868), трактата пра наркотыкі «Штучны рай» (1860), «Маленькіх паэм прозай» («Парыжскі сплін», 1869), артыкулаў пра творчасць Э.По і перакладаў яго твораў. На бел. мову вершы Бадлера перакладалі Ю.Гаўрук, У.Жылка, З.Колас, С.Ліхадзіеўскі.

Тв.:

Бел. пер. — Маленькія паэмы прозай // Далягляды. Мн., 1983;

Рус. пер. — Цветы Зла. Ростов н/Д, 1991.

Літ.:

Нольман М. Шарль Бодлер: Судьба. Эстетика. Стиль. М., 1979.

т. 2, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)