Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КАЎКА́ЗСКІ ЗАПАВЕ́ДНІК,

у Краснадарскім краі, Расія, на схілах Гал. хр. Вял. Каўказа (выш. каля 3350 м). Засн. ў 1924 для аховы пласкагорных прыродных комплексаў Каўказа. З 1978 біясферны запаведнік. Пл. 263,5 тыс. га і 300 га — Хосцінскі ціса-самшытавы гай (філіял). Вышынныя паясы ад альпійскіх лугоў да шыракалістых лясоў. Шмат эндэмічных раслін — каўк. піхта, явар, рададэндран. У фауне звычайныя тур, сарна, праметэева палёўка, каўк. цецярук, буры мядзведзь і інш. Рэакліматызаваны зубр.

т. 8, с. 183

КАЎЛЕ́РПА (Caulerpa),

род ніткаватых зялёных марскіх водарасцей сям. каўлерпавых. Каля 60 відаў. Характэрны для флоры трапічных мораў, зрэдку субтрапічных (C. prolifera). Трапляецца на мелкаводдзі на цвёрдых (камяні, мёртвыя каралы), пясчаных і глеістых грунтах.

Слаявшіча складаецца з цыліндрычнай сцелістай ч. даўж. 1—2 м, рызоідаў і вертыкальных цыліндрычных або плоскіх простых ці разгалінаваных парасткаў выш. да 50 м, марфал. разнастайнасць якіх з’яўляецца сістэм. адзнакай. Унутры слаявішча знаходзяцца папярочныя цяжы (унутр. шкілет). Размнажэнне палавое (анізагамія) і вегетатыўнае (ч. слаявішча). У краінах Азіі і Акіяніі спажываецца ў ежу.

Т.М.Міхеева.

Каўлерпа: 1—4 — розныя тыпы будовы вертыкальных галін.

т. 8, с. 183

КАЎЛІ́НІЯ (Caulinia),

род кветкавых падводных раслін сям. наядавых. Каля 45 відаў. Пашыраны ў цёплых і ўмерана цёплых краінах. На Беларусі 2 віды К.: гнуткая (C. flexilis) і малая (C. minor), занесеныя ў Чырв. кнігу. Трапляюцца ў азёрах і старыцах Бел. Паазер’я, наваколлі Магілёва, Лоева, у воз. Свіцязь Навагрудскага р-на і інш. Аб’ект біял. даследаванняў. Паводле выкапнёвых рэшткаў К. вызначаюць узрост адкладаў міяцэну, пліяцэну і антрапагену.

Аднагадовыя травяністыя расліны з тонкім разгалінаваным гнуткім або ломкім сцяблом даўж. 8—40 см. Лісце лінейнае, па краях зубчастае, супраціўнае або ў кальчаках. Кветкі адзіночныя, непрыкметныя, у пазухах лісця. Тычынкавыя кветкі абкружаны двухлопасцевым калякветнікам. Цвітуць і апыляюцца пад вадой. Плод касцянкападобны. Кармавыя і дэкар. расліны.

Каўлінія малая.

т. 8, с. 184

КАЎЛІФЛО́РЫЯ [грэч. kaulos сцябло, ствол + лац. flos (floris) кветка],

развіццё кветак і суквеццяў непасрэдна на ствале і буйных бязлістых галінах (са спячых пупышак). Характэрна для трапічных раслін (какава, фікусы, хурма, хлебнае дрэва), з раслін умеранага клімату — у воўчага лыка.

т. 8, с. 184

КАЎЛУ́Н,

горад у Кітаі, гл. Цзюлун.

т. 8, с. 184

КА́ЎНАС (Kaunas),

горад у Літве, на р. Нямунас (Нёман), пры ўпадзенні р. Нярыс (Вілія). 420 тыс. ж. (1997). Порт. Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Прам-сць: машынабуд. металаапр, (станкі, электраматоры, тэлевізары і інш.), лёгкая (тэкстыль, трыкатаж і інш.), харч., паліграф., хім. (штучнае валакно і інш.), дрэваапр. і інш., вытв-сць буд. матэрыялаў. ГЭС. 5 ВНУ (у т. л. політэхн., медыцынскі). Традыцыйны цэнтр маст. рамёстваў.

Упершыню згадваецца ў пісьмовых крыніцах у 1030. У 14 ст. крэпасць ВКЛ, на якую нападалі ням. крыжакі (1362, 1385, 1391, 1400). З 15 ст. гандл. і рамесніцкі цэнтр, карыстаўся магдэбургскім правам (з 1408). Паводле Люблінскай уніі 1569 адышоў да Рэчы Паспалітай; неаднойчы быў разбураны, асабліва ў час вайны паміж Рэччу Паспалітай і Расіяй 1654—67, вайны 1700—21, паводак 1625 і 1715, пажару 1800 (згарэла трэцяя ч. горада). З 1795 у складзе Рас. імперыі (наз. Коўна), з 1843 цэнтр Ковенскай губ. У 1812 акупіраваны і зруйнаваны франц. войскамі Напалеона I Банапарта. Адзін з цэнтраў вызв. паўстанняў 1830—31, 1863—64. У 1919—40 сталіца Літвы. Пасля абвяшчэння 21.9.1940 сав. улады ў складзе Літ. ССР (з 1991 Літ. Рэспубліка). У Вял. Айч. вайну акупіраваны ням.-фаш. войскамі (24.6.1941—1.8.1944). У 1950—53 абл. цэнтр Літ. ССР.

Большасць помнікаў архітэктуры ў Старым горадзе (Сянамесцісе): руіны замка (13—16 ст.), касцёл Вітаўта (закладзены ў 14 ст.), кафедральны сабор Пятра і Паўла (1413, дабудаваны ў 17 ст.), т. зв. Дом Пяркуна (канец 15 — пач. 16 ст., рэканструяваны ў 18 ст.) — усе готыка, б. палац Масальскіх (пач. 17 ст.; рэнесанс), ратуша (16—19 ст., арх. Б.Хайноўскі, прыбудова вежы і рэканструкцыя фасадаў 1771, арх. І.Мацекерас; готыка, рэнесанс, барока), манастыр камальдалійцаў у Пажайслісе (1667—1712, арх. Л.Фрэда, К. і П.Пуціні; барока), сядзібны дом у Аўкштаі-Фрэда (канец 18 ст.; класіцызм). Паводле генпланаў 1847 і 1871 на У ад Старога горада ўзнікла новая частка К. з рэгулярнай планіроўкай (сабор, 1891—95, арх. К.Лімарэнка; цяпер Галерэя вітража і скульптуры; псеўдавізант. стыль). У 1920—40 К. інтэнсіўна развіваўся: будынкі банка (1924—29, арх. М.Сангайла; неакласіцызм), вет. акадэміі (1930—31, інж. Й.Ясюкайціс; мадэрн), паштамта (1931—32, інж. Ф.Візбарас), Музея Вітаўта Вялікага (1933—36, арх. І.Дубянецкі; цяпер музеі гістарычны і імя М.К.Чурлёніса), гандл.-прамысл. палаты (1937—38, арх. В.Ландсбергіс-Жамкальніс; цяпер б-ка).

Літ.:

Каунас: Пер. с лит. Вильнюс, 1977.

Стары Каўнас.

т. 8, с. 184

КА́ЎНДА ((Kaunda) Кенет Дэйвід) (н. 28.4.1924 каля г. Чынгола, Замбія),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Замбіі. З 1948 сакратар раённых і правінцыяльных аддзяленняў Афр. нац. кангрэса (АНК) Паўн. Радэзіі, у 1953—58 ген. сакратар АНК. У 1958—59 заснавальнік і нац. прэзідэнт партыі АНК Замбіі. Са студз. 1960 прэзідэнт Аб’яднанай партыі нац. незалежнасці. У 1962—64 міністр мясц. самакіравання і сац. забеспячэння, у студз.кастр. 1964 прэм’ер-міністр Паўн. Радэзіі. У 1964—70, 1973—78 міністр абароны, у 1970—71 і 1987—88 старшыня Арганізацыі афрыканскага адзінства. У 1964—91 прэзідэнт Замбіі. Тэарэтык афр. сацыялізму, стваральнік канцэпцыі «замбійскага гуманізму» і т. зв. камунакратыі, якая з 1969 беспаспяхова рэалізоўвалася ў Замбіі.

т. 8, с. 185

КА́ЎНІЦ ((Kaunitz) Венцэль Антон) (2.2.1711, Вена — 27.6.1794),

аўстрыйскі дзярж. дзеяч, дыпламат. Князь фон Каўніц-Рытберг (з 1764). На аўстр. дзярж. службе з 1735. Пасланнік у Турыне (1742—44) і Парыжы (1750—53). Дарадца пры ген.-губернатару аўстр. Нідэрландаў (1744—46). Аўстр. ўпаўнаважаны на Ахенскім мірным кангрэсе 1748 (завяршыў вайну за Аўстрыйскую спадчыну). Дзярж. канцлер Аўстрыі ў 1753—93. Лічыў гал. праціўнікам Аўстрыі Прусію. Каб адваяваць у апошняй Сілезію, дамогся заключэння ў Сямігадовую вайну 1756—63 саюзу з Францыяй, Расіяй і Швецыяй (1757). Дамогся перадачы пад уладу Аўстрыі Галіцыі (1772) і Букавіны (1774). Ва ўнутр. палітыцы быў прыхільнікам рэформ у духу асветнага абсалютызму, у т. л. рэарганізаваў дзярж. канцылярыю.

т. 8, с. 185

КАЎПА́К (Сідар Арцёмавіч) (25.5.1887, г. п. Кацяльва Палтаўскай вобл., Украіна — 11.12.1967),

украінскі дзярж. дзеяч і военачальнік, адзін з арганізатараў партыз. руху на Украіне ў Вял. Айч. вайну. Двойчы Герой Сав. Саюза (1942, 1944). Ген.-маёр (1943). Удзельнік 1-й сусв. і грамадз. войнаў. У 1937—41 старшыня Пуціўльскага гарсавета Сумскай вобл. У Вял. Айч. вайну камандзір Пуціўльскага партыз. атрада, злучэння партыз. атрадаў Сумскай вобл. (са студз. 1944—1-я Укр. партыз. дывізія імя Каўпака), чл. падпольнага ЦК КП(б)У. Узначальваў 5 рэйдаў партызан па ням.-фаш. тылах, у т. л. ў 1942—43 — з бранскіх лясоў па тэр. Гомельскай, Палескай, Пінскай, Валынскай, Ровенскай і Жытомірскай абласцей. У студз. 1943 на воз. Чырвонае (Жыткавіцкі р-н) партызаны К. разам з бел. партызанамі стварылі аэрадром. З 1947 нам. старшыні, з 1967 чл. Прэзідыума Вярх. Савета Украіны. Дэпутат Вярх. Савета СССР у 1946—67. Аўтар успамінаў.

С.А.Каўпак.

т. 8, с. 185

КАЎПА́К КО́ЛЬЧАТЫ,

грыб, тое, што падбалацянка.

т. 8, с. 185