КАЎКА́З (паходжанне слова, магчыма, звязана з хецкім «каз-каз» — назва народа, які жыў на паўд. беразе Чорнага м),

тэрыторыя паміж Чорным, Азоўскім і Каспійскім морамі ад Кума-Маныцкай упадзіны да паўд. часткі Армянскага нагор’я. У межах К. частка Расіі, Азербайджан, Арменія, Грузія, частка Турцыі і Ірана. Пл. больш за 500 тыс. км2. Вылучаюць Паўн. К., Перадкаўказзе і Закаўказзе. У цэнтры — горная сістэма Вял. К., якая падзяляецца на Зах. К (да Эльбруса), Цэнтр. К. (паміж Эльбрусам і Казбекам) і Усх. К. (на У ад Казбека). Вял. К. цягнецца ад Таманскага п-ва да Апшэронскага на 1500 км, шыр. 160—180 км. Восевую частку К. складаюць Галоўны, або Водападзельны, і Бакавы хрыбты, з вяршынямі больш за 5000 м (г. Эльбрус — 5642 м, Дыхтау — 5203 м, Шхара — 5068 м, Казбек — 5033 м). На Пн ад восевай зоны перадавыя хрыбты — Скалісты, Пашавы, Церскі, на Пд — Бзыбскі, Кадорскі, Рачынскі. Хрыбты Вял. К. вызначаюцца альпійскімі формамі рэльефу або маюць характар куэстаў. Рэльеф Перадкаўказзя раўнінны; у яго зах. ч. Кубана-Прыазоўская нізіна, ва ўсходняй — Прыкаспійская нізіна, паміж імі Стаўрапольскае ўзв. з выш. да 831 м. У цэнтры і на З Закаўказзя — сярэднягорны рэльеф; горныя хрыбты Малога К. (выш. да 3724 м, г. Гямыш) і Армянскае нагор’е (выш. да 5165 м, г. Вял. Арарат). На ПнЗ размешчана Калхідская, на У — Кура-Араксінская нізіны, на ПдУ — Ленкаранская нізіна і складкавыя Талышскія горы (выш. да 2492 м). Тэр. К. знаходзіцца ў межах Альпійскай складкавай вобласці. Утварэнне горнай сістэмы пачалося ў мезазоі, у кайназоі адбылося падняцце і фарміраванне горнага рэльефу, у антрапагене ў выніку амаладжэння гор склалася сучасная араграфічная структура К. Горныя хрыбты Вял. К. і масівы Малога К. складзены пераважна з палеазойскіх гранітоідаў. Пашыраны таксама юрскія, мелавыя, палеагенавыя адклады. Армянскае нагор’е ўкрыта вулканічнымі пародамі неагенавага і чацвярцічнага часу. Нізіны Перадкаўказзя і Калхідская нізіна характарызуюцца шырокім развіццём неагенавых і палеагенавых кантынентальных і марскіх адкладаў. Карысныя выкапні: нафта (Баку, Грозны, Майкоп), газ (Краснадарскі і Стаўрапольскі краі), жалеза (Дашкесан), вальфрам і малібдэн (Тырныауз), цынк, свінцовыя руды (Садон), буд. матэрыялы (граніт, габра, мармур, туф, базальт, андэзіт, вапняк). Шмат мінер. крыніц. К. размешчаны на мяжы ўмеранага і субтрапічнага кліматычных паясоў. Хрыбты Вял. К. перашкаджаюць пранікненню халодных паветр. мас у Закаўказзе і цёплых субтрапічных у Перадкаўказзе. Сярэдняя т-ра студз. ў Перадкаўказзі ад -2 °C да -5 °C, у Закаўказзі 3—6°C. Летам на Зах. К. уплываюць вільготныя паветр. масы Атлантыкі і Міжземнамор’я, на Усх. К. — сухія кантынентальныя масы ўнутр. абласцей Еўразіі. Сярэдняя т-ра ліп. ад 23—24°C на З да 25—29°C на У. На схілах Вял. К. вышынная кліматычная пояснасць. Сярэдняя т-ра студз. на выш. 2000 м каля -8°C, жн. (самы цёплы месяц) 13°C. Вышэй — высакагорны клімат з вял. вільгаццю і нівальны клімат вяршынь. Гадавая колькасць ападкаў у Перадкаўказзі 200—800 мм, на З Вял. К. і Калхідскай нізіне больш за 1500 мм, у хрыбтах Малога К. і Армянскім нагор’і 400—800 мм, на Кура-Араксінскай нізіне 200—400 мм. У гарах Вял. К. каля 2000 ледавікоў (агульная пл. 1428 км2); буйнейшыя — Дыхсу, Безенгі, Караугом, Цанер. Рэкі належаць да бас. Чорнага (Рыёні, Інгуры), Каспійскага (Церак, Кура, Самур) і Азоўскага (Кубань) мораў. Рэкі парожыстыя, багатыя гідраэнергіяй, выкарыстоўваюцца для арашэння, суднаходныя ў ніжнім цячэнні. Шмат невял. азёр; буйныя — Ван, Севан, Урмія. Глебава-расліннае покрыва і жывёльны свет К. разнастайныя. На З Перадкаўказзя стэпавыя і лесастэпавыя ландшафты, на У — паўпустынныя, кавыльныя і ціпчаковыя стэпы на чарназёмах і палыновыя групоўкі на светла-каштанавых глебах. У межах Вял. К. выразная вышынная занальнасць, дзе вылучаюцца горна-лясная, горна-лугавая і гляцыяльна-нівальная зоны. Унізе схілаў Зах. К. дубовыя лясы на шэрых лясных глебах (на Пн) і рэліктавыя шыракалістыя на дзярнова-карбанатных глебах (на Пд) пераходзяць у грабава-букава-дубовыя лясы на бурых лясных глебах; на выш. 1200—1500 м ялова-піхтавыя лясы на дзярнова-карбанатных глебах. На выш. 2200 м — субальпійскія і альпійскія лугі на горна-лугавых тарфяністых глебах, вышэй 2750—3200 м — ледавікі. Ніжнюю ч. гор Усх. К. займаюць стэпы на горна-лугавых глебах, у лясной зоне арыднае рэдкалессе або хмызняковыя субтрапічныя зараснікі на горных карбанатных глебах, потым грабава-дубовыя лясы, вышэй хваёвыя лясы і горныя стэпы, якія пераходзяць у субальпійскія і альпійскія лугі. Ледавікі і снежнікі на выш. 3700—4200 м. У Закаўказзі субтрапічнае глебава-расліннае покрыва. На Калхідскай нізіне пашыраны балоты і альховыя лясы на забалочаных падзолістых і тарфяна-балотных глебах. Каля перадгор’яў іх змяняюць рэліктавыя лясы на жаўтазёмах і чырваназёмах. У цэнтры Кура-Араксінскай нізіны палыновыя і салянкавыя паўпустыні на шэразёмах, у перадгор’ях стэпавыя групоўкі і арыднае рэдкалессе на шэра-карычневых і карычневых глебах. На Армянскім нагор’і расліннасць горна-Стэпавая і горна-лугавая на чарназёмах і каштанавых глебах. Схілы Малога К. і Талышскіх гор маюць вышынную пояснасць, блізкую да паўд. схілаў Вял. К., толькі ў Талышскіх тарах горна-лясны пояс гірканскага (азіяцкага) тыпу. Жывёльны свет Перадкаўказзя прадстаўлены пераважна грызунамі (суслік, палёўка, тушканчык, пясчанка). Вял. К. населены ляснымі і высакагорнымі жывёламі (алень, дзік, зубр, буры мядзведзь, куніца, вавёрка, муфлон); ёсць эндэмічныя віды (тур, каўказскі цецярук, улар). Фауна Кура-Араксінскай нізіны блізкая да сярэднеазіяцкай (джэйран, дзікабраз, тушканчык, пясчанка), на Армянскім нагор’і — заходнеазіяцкага тыпу (малаазіяцкі суслік, хамяк, сляпыш, горная курапатка). На тэр. К. 20 запаведнікаў, у т. л. Каўказскі, Тэбердзінскі, Рыцынскі, Дыліжанскі. К. — адзін з найб. курортных раёнаў (Каўказскія Мінеральныя Воды, група курортаў на Чарнаморскім узбярэжжы ад Анапы да Батумі). Цэнтр турызму і альпінізму, горналыжнага спорту.

А.М.Матузка.

Да арт. Каўказ. Дамбай-Ульген. Гара Пік Інэ.

т. 8, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)