Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПІ́ДМАНТ (Piedmont),

перадгорнае плато, якое прымыкае да ўсх. краю Апалачаў, у ЗША. Выш. ад 40—80 м на У, да 200—400 м на З, шыр. ад 50 да 200 км. Складзена з крышт. і метамарфічных парод. Паверхня слабаўзгорыстая, на ПдУ стромка абрываецца да Прыатлантычнай нізіны. Астанцовыя ўзгоркі дасягаюць выш. 500—700 м. Рэкі, якія перасякаюць усх. край П., утвараюць серыю стром і вадаспадаў. Месцамі захаваліся мяшаныя лясы.

т. 12, с. 349

ПІДО́ПЛІЧКА (Аляксандр Паўлавіч) (10.9.1907, с. Казацкае Звянігародскага р-на Чаркаскай вобл., Украіна — 1980),

бел. вучоны ў галіне батанікі і балотазнаўства. Д-р біял. н. (1963). Скончыў Кіеўскі ін-т прафес. адукацыі (1931). У 1945—78 у Ін-це торфу АН Беларусі (з 1947 заг. лабараторыі). Навук. працы па генезісе тарфяных і азёрных адкладаў.

Тв.:

Флора сфагновых (торфяных) мхов Белорусской ССР. Мн., 1948;

Торфяные месторождения Белоруссии: (Генезис, стратиграфия и районирование). Мн., 1961;

Озерные отложения Белорусской ССР: (Генезис, стратиграфия и некоторые качественные особенности). Мн., 1975.

т. 12, с. 349

ПІДУРУТАЛА́ГАЛА,

самая высокая вяршыня на в-ве Шры-Ланка (Цэйлон). Выш. 2524 м, над прылеглымі пласкагор’ямі ўзвышаецца на 500—700 м. Складзена з гранітаў і гнейсаў. Мае купалападобную форму. На схілах — гушчары экватарыяльнага драбналесся, каля падножжа чайныя плантацыі.

т. 12, с. 349

ПІЕЛАНЕФРЫ́Т (ад грэч. pyelos лаханка + nephros нырка),

інфекцыйна-запаленчае захворванне лаханкі і парэнхімы ныркі з пераважным пашкоджаннем яе прамежкавай тканкі. Узбуджальнікі П. — стрэптакокі, стафілакокі, сінягнойная палачка і інш. Развіваецца як самаст. захворванне або на фоне хвароб мочапалавой сістэмы (напр., мочакамянёвая хвароба), як ускладненне пасля грыпу, запалення лёгкіх і інш. Бывае ў цяжарных жанчын. Адрозніваюць П. востры і хранічны. Прыкметы вострага: дрыжыкі, т-ра цела да 40 °C, моташнасць, ірвота, боль у паясніцы, мышцах, лейкацыты ў мачы. Пры хранічным П. — слабасць, хуткая стамляльнасць, ацёчнасць твару, расстройствы мочаспускання, у мачы лейкацыты і бактэрыі; бывае нырачная недастатковасць. Лячэнне тэрапеўт. і хірургічнае.

т. 12, с. 349

ПІЕ́ТА,

гл. П’ета.

т. 12, с. 350

ПІЕТЫ́ЗМ (ад лац. pietas набожнасць),

містычная плынь, якая ставіла рэліг. пачуцці вышэй за рэліг. догматы; супрацьлеглая артадаксальнаму пратэстантызму. Узнік у канцы 17—18 ст. ў Германіі. Яго заснавальнік ням. тэолаг Ф.​Шпенер абвяргаў царк. абраднасць, падкрэсліваў неабходнасць для вернікаў асабістага перажывання Бога, якое дазваляе зацвердзіць высокамаральныя прынцыпы жыцця і атрымаць «боскую ласку». Прыхільнікі П. абвяшчалі грахоўнымі тэатр, танцы, песні, забавы, насаджалі веру ў цуды, фанатызм, містыку, выступалі супраць навукі, розуму, прагрэсу, праследавалі вучоных і філосафаў. У 18 ст. іх ідэі былі выкарыстаны ў барацьбе супраць ідэй Асветніцтва. У шырокім сэнсе П. — рэліг.-містычны настрой, паводзіны.

т. 12, с. 350

ПІЁН ((Pion) Марыс) (Маўрыцы; 11.9.1801, Парыж — 14.2.1869),

польскі танцоўшчык, балетмайстар, тэатр. дзеяч. Творчую дзейнасць пачаў у Парыжы. Працаваў у Польшчы і на Беларусі. У 1818—25 першы танцоўшчык, у 1826—43 балетмайстар і дырэктар «Тэатра Нарадовага»; адначасова з 1832 кіраўнік балетнай школы ў Варшаве (у 1833—34 стажыраваўся ў Парыжскай оперы). У 1837 падрыхтаваў балетную трупу, у рабоце з якой карыстаўся навейшымі метадамі навучання. У большасці пастановак выконваў гал. партыі. У 1843 стварыў уласную балетную трупу, гастраліраваў з ёю ў розных гарадах, у т. л. ў Вільні, Магілёве, Мінску. Стваральнік і кіраўнік Віцебскага балета Піёна. Ставіў балеты на музыку кампазітараў Ю.​Дамсе, К.​Курпінскага, Ю.​Эльснера. У 1852—56 дырэктар т-ра ў Кіеве, з 1868 выкладчык балетнай школы ў Варшаве.

т. 12, с. 350

ПІЁНАВА (Рэўміра Сяргееўна) (н. 25.3.1931, Мінск),

бел. вучоны ў галіне педагогікі. Д-р пед. н. (1985), праф. (1987). Акад. Бел. акадэміі адукацыі (з 1998). Скончыла БДУ (1954). З 1954 на камсамольскай і парт. рабоце (сакратар ЦК ЛКСМБ, сакратар Ленінскага райкома КПБ Мінска). З 1973 у Мінскім пед. ін-це замежных моў (заг. кафедры). З 1979 дырэктар Бел. філіяла Усесаюзнага НДІ прафтэхадукацыі, у 1990—92 — НДІ пед. адукацыі АПН СССР. З 1992 у Бел. дзярж. пед. ун-це. Навук. працы па праблемах дзіцячых і маладзёжных грамадскіх арг-цый, выхавання і развіцця грамадскай актыўнасці моладзі, пед. адукацыі, навукова-прафес. падрыхтоўкі магістраў і аспірантаў і інш.

Тв.:

Очерки истории пионерской организации Белоруссии. Мн., 1975 (у сааўт.);

Воспитание общественно-политической активности учащихся средних профтехучилищ. М., 1987;

Сущность и специфика студенческого самоуправления. Мн., 1991;

Педагогика высшей школы. Мн., 2000.

т. 12, с. 350

ПІ́ЖМА (Tanacetum),

род кветкавых раслін сям. складанакветных. Больш за 50 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і.

У Забайкаллі і Манголіі ўтвараюць піжмавыя стэпы. На Беларусі 1 дзікарослы від — П. звычайная, або дзікая рабінка (T. vulgare), стараж. лек. расліна. Трапляецца на палях, у хмызняках, каля дарог і жылля. Інтрадукавана П. паўночная (T. boreale).

Шматгадовыя травяністыя карэнішчавыя расліны. Сцёблы прамастойныя або ўзыходныя. Лісце перыстарассечанае ці чаргаванае з кропкавымі паглыбленнямі, апушанае. Кветкі жоўтыя, трубчастыя, у кошыках, сабраных у шчыткападобныя суквецці, радзей адзіночныя. Плод — сямянка. Траву П. выкарыстоўваюць у харч. і лікёра-гарэлачнай прам-сці (заменнік карыцы, мускатнага арэху). Харч., лек., інсектыцыдныя расліны.

Піжма звычайная.

т. 12, с. 350

ПІ́ЗА (Pisa),

горад у Цэнтр. Італіі, на р. Арна, у вобл. Таскана. Адм. цэнтр прав. Піза. Каля 120 тыс. ж. (2000). Трансп. вузел. Міжнар. аэрапорт. Злучаны суднаходным каналам з портам Ліворна. Прам-сць: маш.-буд., хім., фармацэўтычная, шкляная, керамічная, тэкст., гарбарна-абутковая. Ун-т (з 1343), у якім вучыўся Г.​Галілей. Нац. музей Сан-Матэа.

У старажытнасці горад этрускаў, з 180 да н.э. рым. калонія. З 4 ст. н.э. рэзідэнцыя епіскапа. У 9—11 ст. буйны гандл. цэнтр. У пач. 11 ст. жыхары П. вялі паспяховую барацьбу з арабамі, авалодалі Корсікай і Сардзініяй, удзельнічалі ў 1-м крыжовым паходзе (1096—99), атрымалі вял. прывілеі на Усходзе, мелі факторыі ў Сірыі, Палесціне і Канстанцінопалі. Паспяховы паход у 1113—14 супраць араб. панавання на Балеарскіх а-вах забяспечыў П. ўплыў у Зах. Міжземнамор’і. Канкурэнцыя Генуі і Венецыі, разгром генуэзцамі пізанскага флоту (1284) прывялі да заняпаду ў П. марскога гандлю, да страты Сардзініі. У сярэдзіне 11 ст. ў П. консульскае праўленне, у сярэдзіне 12 ст. камуна, у 14 п. ўсталявана тыранія. У 1406 П. заваявана Фларэнцыяй. З 1569 у складзе Вял. герцагства Тасканскага, разам з якім у 1861 увайшла ў аб’яднанае Італьян. каралеўства.

Ад рым. часоў захаваліся рэшткі тэрмаў (2 ст. н.э.), амфітэатра, форума. Раманскія пабудовы ў П. паўплывалі на развіццё сярэдневяковага дойлідства Італіі. Яны адметныя багатай пластыкай фасадаў, ажурнасцю арх. дэкору (шмат’ярусныя аркатуры), арыгінальнай колеравай кампазіцыяй (чаргаванне белага і чорнага мармуру): ансамбль саборнай плошчы («Плошчы цудаў») з саборам (1063—1160, 5-нефавая базіліка, у інтэр’еры амбон работы Дж.​Пізана); кампаніла, ці т. зв. «Падаючая вежа» (1174—1372); баптыстэрый (пачаты ў 1153, скульпт. вонкавы дэкор і амбон — Н.​Пізана); крытыя могілкі Кампасанта (з 1278 арх. Дж. ды Сімоне). Сярод інш. помнікаў: касцёл Сан-Паала а Рыпа д’Арна (1148), Палацца дэі Кавальеры (перабудова, 1562), касцёл Сан-Стэфана дэі Кавальеры (1565—69. абодва арх. Дж.​Вазары). Нац. музей Сан-Матэа (тасканскі жывапіс і скульптура 12—15 ст.). Ансамбль саборнай плошчы ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Я.​Ф.​Шунейка (архітэктура).

Піза. Ансамбль саборнай плошчы.

т. 12, с. 350