горад у Цэнтр. Італіі, на р. Арна, у вобл. Таскана. Адм. цэнтр прав. Піза. Каля 120 тыс.ж. (2000). Трансп. вузел. Міжнар. аэрапорт. Злучаны суднаходным каналам з портам Ліворна. Прам-сць: маш.-буд., хім., фармацэўтычная, шкляная, керамічная, тэкст., гарбарна-абутковая. Ун-т (з 1343), у якім вучыўся Г.Галілей. Нац. музей Сан-Матэа.
У старажытнасці горад этрускаў, з 180 да н.э.рым. калонія. З 4 ст.н.э. рэзідэнцыя епіскапа. У 9—11 ст. буйны гандл.цэнтр. У пач. 11 ст. жыхары П. вялі паспяховую барацьбу з арабамі, авалодалі Корсікай і Сардзініяй, удзельнічалі ў 1-м крыжовым паходзе (1096—99), атрымалі вял. прывілеі на Усходзе, мелі факторыі ў Сірыі, Палесціне і Канстанцінопалі. Паспяховы паход у 1113—14 супраць араб. панавання на Балеарскіх а-вах забяспечыў П. ўплыў у Зах. Міжземнамор’і. Канкурэнцыя Генуі і Венецыі, разгром генуэзцамі пізанскага флоту (1284) прывялі да заняпаду ў П. марскога гандлю, да страты Сардзініі. У сярэдзіне 11 ст. ў П. консульскае праўленне, у сярэдзіне 12 ст. камуна, у 14 п. ўсталявана тыранія. У 1406 П. заваявана Фларэнцыяй. З 1569 у складзе Вял. герцагства Тасканскага, разам з якім у 1861 увайшла ў аб’яднанае Італьян. каралеўства.
Ад рым. часоў захаваліся рэшткі тэрмаў (2 ст.н.э.), амфітэатра, форума. Раманскія пабудовы ў П. паўплывалі на развіццё сярэдневяковага дойлідства Італіі. Яны адметныя багатай пластыкай фасадаў, ажурнасцю арх. дэкору (шмат’ярусныя аркатуры), арыгінальнай колеравай кампазіцыяй (чаргаванне белага і чорнага мармуру): ансамбль саборнай плошчы («Плошчы цудаў») з саборам (1063—1160, 5-нефавая базіліка, у інтэр’еры амбон работы Дж.Пізана); кампаніла, ці т. зв. «Падаючая вежа» (1174—1372); баптыстэрый (пачаты ў 1153, скульпт. вонкавы дэкор і амбон — Н.Пізана); крытыя могілкі Кампасанта (з 1278 арх. Дж. ды Сімоне). Сярод інш. помнікаў: касцёл Сан-Паала а Рыпа д’Арна (1148), Палацца дэі Кавальеры (перабудова, 1562), касцёл Сан-Стэфана дэі Кавальеры (1565—69. абодва арх. Дж.Вазары). Нац. музей Сан-Матэа (тасканскі жывапіс і скульптура 12—15 ст.). Ансамбль саборнай плошчы ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.