ПАТА́ПАЎ (Юрый Фёдаравіч) (н. 3.9.1930, г. Сяміпалацінск, Казахстан),
бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1985). Скончыў Маскоўскі арх. ін-т (1954). Працаваў у Свярдлоўску, Маскве, Мінску, Гродне. З 1980 гал. архітэктар ін-та «Белдзяржпраект». З 1990 кіраўнік творчай майстэрні. Асн. работы на Беларусі (усе ў сааўт.): забудова мікрараёнаў № 1, 2, вул. Леніна, 9-павярховы жылы дом, адм. будынак (усе 1960-я г.) у г. Салігорск; добраўпарадкаванне прывакзальнай плошчы (1974—85), 16-павярховая гасцініца па вул. Савецкіх пагранічнікаў (1982) у Гродне; мост цераз Зах. Дзвіну (1973) і добраўпарадкаванне плошчы імя 1000-годдзя Віцебска (1985) у Віцебску; забудова цэнтра в. Расна Камянецкага р-на (1976—85); тыпавыя праекты жылых дамоў для індывід. буд-ва (1975) і дзіцячых дашкольных устаноў (1980—85); Мінскі лядовы палац спорту (1998). Сярод інш. работ водалячэбніца санаторыя «Беларусь» (1984) у г. Друскінінкай (Літва).
Тв.:
Архитектура Советской Белоруссии. М., 1986 (у сааўт.).
т. 12, с. 179
ПАТА́ПЕНКА (Ігнацій Мікалаевіч) (снежань 1856, с. Фёдараўка Херсонскай вобл., Украіна — 17.5.1929),
рускі пісьменнік. Вучыўся ў Новарасійскім ун-це (Адэса), скончыў Пецярбургскую кансерваторыю. Друкаваўся з 1881. Аповесць «На абавязковай службе» (1890), раман «Не герой» (1891), апавяданні з жыцця інтэлігенцыі і духавенства. Праблемы жаночай эмансіпацыі ў аповесці «Генеральская дачка» (1891). Аўтар раманаў «Жах шчасця» (1908), «Адступленне» (1915), аповесцей «Шасцёра» (1891), «Дурань» (1902), «Брат Андрэй» (1904), зб. вершаў «Думы і песні Ігнація Бяздольнага» (1881), п’ес, мемуараў пра жыццё студэнтаў 1870-х г. «Гісторыя адной «камуны» (1928), публіцыстычных і крытычных артыкулаў, апавяданняў для дзяцей і інш. Прозе П. ўласцівы аптымізм, вострая назіральнасць, гумар, камізм.
Тв.:
У кн.: Писатели чеховской поры: Избр. произв. писателей 80—90-х гг. М., 1982. Т. 1.
т. 12, с. 179
ПАТАПНЁЎ (Міхаіл Пятровіч) (н. 8.6.1950, г. Гомель),
бел. вучоны ў галіне імуналогіі і анкагематалогіі. Д-р мед. н. (1996). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1974). З 1978 у Бел. НДІ гематалогіі і пералівання крыві, з 1997 у Рэсп. навукова-практ. цэнтры дзіцячай анкалогіі і гематалогіі (нам. дырэктара). Навук. працы па біялогіі і імуналогіі, рака, ролі цытакінінаў у антыінфекц. і проціпухлінным імунітэце, экалагічнай імуналогіі.
Тв.:
Спид и оппортунистические вирусные нейроинфекции. Екатеринбург, 1993 (у сааўт.);
Функциональная недостаточность Т-клеточного иммунитета ликвидаторов через 10 лет после аварии на ЧАЭС (у сааўт.) // Докл. Над. АН Беларуси. 1998. Т. 42, № 4.
т. 12, с. 179
ПАТАПО́ВІЧ (Мікалай Іосіфавіч) (26.7.1922, в. Старына Смалявіцкага р-на Мінскай вобл. — 12.5.1985),
поўны кавалер ордэна Славы. У Вял. Айч. вайну ў партыз. брыгадзе «За Савецкую Беларусь» Мінскай вобл., з 1944 на 3-м і 1-м Бел. франтах. Камандзір аддзялення разведчыкаў сяржант П. вызначыўся ў баях на тэр. Літвы і Германіі: каля г. Марыямпале захапіў у ворага прычэп з боепрыпасамі; 6.2.1945 з 4 байцамі знішчыў кулямёт з разлікам; 16.4.1945 знішчыў кулямётны разлік, захапіў мінамёт, склад з мінамі.
т. 12, с. 179
ПАТАРЖЫ́НСКІ (Іван Сяргеевіч) (3.3.1896, с. Петра-Свістунова Вясёлаўскага р-на Запарожскай вобл., Украіна — 22.2.1960),
украінскі спявак (бас), педагог; адзін з заснавальнікаў укр. вак. школы. Нар. арт. СССР (1944). Скончыў Екацярынаслаўскую кансерваторыю (1922). З 1925 саліст Харкаўскага, з 1935 — Кіеўскага т-раў оперы і балета. З 1946 праф. Кіеўскай кансерваторыі. Валодаў моцным, гнуткім, выразным голасам аксамітнага тэмбру, вял. артыстызмам. Сярод партый: Карась («Запарожац за Дунаем» С.Гулак-Арцямоўскага), Выбарны, Тарас Бульба («Наталка Палтаўка», «Тарас Бульба» М.Лысенкі), Гаўрыла («Багдан Хмяльніцкі» К.Данькевіча), Чуб («Ноч перад калядамі» М.Рымскага-Корсакава), Сусанін («Іван Сусанін» М.Глінкі), Барыс Гадуноў («Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага), Млынар («Русалка» А.Даргамыжскага), Галіцкі («Князь Ігар» А.Барадзіна), Мефістофель («Фауст» Ш.Гуно), Дон Базіліо («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні). Сярод вучняў: Дз.Гнацюк, А.Кікаць, Я.Чарванюк і інш. Дзярж. прэмія СССР 1942.
Літ.:
И.С.Паторжинский. М., 1976.
т. 12, с. 179
ПАТА́РЫЯ (італьян. Pataria ад назвы рынку старызнікаў у Мілане),
народны рух у 2-й пал. 11 ст. ў Мілане і інш. паўн.-італьян. гарадах супраць духавенства і гар. знаці. Пачалася ў Варэсе, Асты і Павіі выгнаннем епіскапаў, прызначаных імператарам, потым набыло форму рэліг. барацьбы прыхільнікаў Клюнійскай рэформы, якія патрабавалі незалежнасці манастыроў ад свецкай улады і ад епіскапаў, непасрэднага падпарадкавання папе, забароны сіманіі, прытрымлівання цэлібату. Рым. папа Віктар II (1055—57) пракляў правадыроў руху, папа Грыгорый VII падтрымаў П. Узброеныя сутычкі адбыліся ў Мілане, Брэшыі, Парме і П’ячэнцы. П. задушана ў 1080-я г. Садзейнічала ўтварэнню ў Паўн. Італіі ў 11 — пач. 12 ст. гарадоў-камун.
т. 12, с. 179
ПАТА́Ш [англ. potash ад pot гаршчок + ash(es) попел],
тэхнічная назва карбанату калію K2CO3. Гл. таксама Калію злучэнні.
т. 12, с. 180
ПА́ТНА,
горад на Пн Індыі, на правым беразе р. Ганг. Адм. ц. штата Біхар. Засн. ў 5 ст. да н.э. У старажытнасці называлася Паталіпутра, з 12 ст. сучасная назва. Больш за 1 млн. ж. (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт і рачны порт. Прам-сць: баваўняная, харч., металаапр.; выраб дываноў, парчы, мэблі. Саматужныя промыслы. Ун-т; б-ка з каштоўнай калекцыяй усх. рукапісаў. Каля П. рэшткі стараж. Паталіпутры.
т. 12, с. 180
ПАТНІ́ЦА,
высыпанне на скуры тулава дробных светлых або чырв. пухіркоў, скурнае захворванне. Развіваецца ад затрымкі поту ў вывадных канальцах потавых залоз. Прычыны: пераграванне арганізма, залішняя паўната і інш. Часам суправаджаецца свербам. Пашырана ў дзіцячым узросце. Лячэнне; прысыпкі, мясцова — антысептычныя і процізапаленчыя сродкі.
т. 12, с. 180
ПАТО́КА,
пасёлак ў Клічаўскім р-не Магілёўскай вобл., каля р. Ольса, на аўтадарозе Беразіно—Клічаў. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 10 км на Пн ад г.п. Клічаў, 101 км ад Магілёва, 1 км ад чыг. ст. Стаялава. 132 ж., 50 двароў (2000). Пач. школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі.
т. 12, с. 180