МО́РСБІ,
горад, сталіца дзяржавы Папуа—Новая Гвінея, гл. Порт-Морсбі.
т. 10, с. 522
МО́РУЛА (новалац. morula ад лац. morum тутавая ягада),
стадыя зародкавага развіцця некаторых губак, кішачнаполасцевых, плоскіх чарвей, членістаногіх, большасці млекакормячых у перыяд драблення. На стадыі М. зародак уяўляе сабой шарападобнае ўтварэнне шчыльна прыціснутых (без поласці) адна да адной клетак (бластамераў). У млекакормячых М. ператвараецца ў бластацысту.
т. 10, с. 522
МОРФ, морфа (ад грэч. morphe від, форма),
кожная з разнавіднасцей марфемы, калі апошняя выступае ў розных словах і словаформах. Напр., каранёвая марфема слова «рука» выступае ў слове «ручны» ў выглядзе «руч-», у словаформе «рукі» ў выглядзе «рук’-», у словаформе «руцэ» ў выглядзе «руц-». Усе гэтыя разнавіднасці марфемы — М. Вылучаюць варыянтныя М. (могуць свабодна ўзаемазамяняцца ў адной і той жа пазіцыі) і аламорфы (гукавы склад абумоўлены пэўнай пазіцыяй). Напр., канчаткі «-ой» і «-ою» («вадой», «вадою») — варыянтныя М., а суфіксы «-чык» і «-шчык» — («лётчык», «зваршчык») — аламорфы: суфікс «-чык» ужываецца толькі пасля зычных «с», «з», «ж», а таксама «т» і «д» без папярэдніх санорных, а суфікс «-шчык» — пасля ўсіх астатніх зычных, («пільшчык», «пайшчык») у т.л. і пасля «т», «д» з папярэднім санорным («працэнтшчык»). Такім чынам, аламорфы знаходзяцца адзін да аднаго ў адносінах дадатковай дыстрыбуцыі. Тэрмін «М.» прапанаваў Ч.Хокет (1947).
Літ.:
Глисон Г. Введение в дескриптивную лингвистику: Пер. с англ. М., 1959: Шуба П.П. Сучасная беларуская мова: Марфаналогія. Марфалогія. Мн., 1987.
П.П.Шуба.
т. 10, с. 522
МО́РФА (ад грэч. morphē від, форма),
група фенатыпаў унутры віду або папуляцыі, што рэзка вылучаецца знешнім выглядам, напр., альбіносы і меланісты пазваночных жывёл, рыжавалосыя асобіны (храмісты) у еўрапеоіднай расе чалавека і інш. Віды і папуляцыі, што маюць М., наз. паліморфнымі. Часам М. наз. сезонныя (асеннія, веснавыя) формы некат. насякомых, азёрныя і рачныя формы некат. рыб (напр., стронгі).
т. 10, с. 522
МО́РФАВА (Хрысціна) (24.4.1889, г. Стара-Загора, Балгарыя — 1.6.1936),
балгарская спявачка (лірыка-каларатурнае сапрана), педагог. Вучылася ў Пеўчай школе ў Празе. З 1913 салістка Балг. опернага т-ва (з 1921 Сафійская нац. опера), з 1916 — Нац. т-ра ў Празе. У 1931—36 выкладала ў Муз. акадэміі ў Сафіі. Валодала надзвычай прыгожым і гнуткім голасам, выконвала лірычныя і драм. партыі: Мажэнка («Прададзеная нявеста» Б.Сметаны), Маргарыта («Фауст» Ш.Гуно), Лакмэ(«Лакмэ» Л.Дэліба), Аіда («Аіда» Дж.Вердзі), Царыца ночы («Чароўная флейта» В.А.Моцарта), Даліла («Самсон і Даліла» К.Сен-Санса), Сантуца («Сельскі гонар» П.Масканьі). Выконвала балг., чэш. і інш. слав. нар. песні. У 1936 у Сафіі засн. Жаночы хор імя М.
т. 10, с. 522
МОРФАГЕНЕ́З (ад морфа + ...генез),
формаўтварэнне, узнікненне і развіццё структур арганізма ў індывідуальным (антагенез) і эвалюцыйным (філагенез) развіцці. Індывідуальны М. — сукупнасць працэсаў развіцця аплодненай яйцаклеткі, што прыводзіць да ўтварэння складанага шматклетачнага арганізма. У філагенет. М. пры атрыманых у спадчыну зменах генома відазмяняюцца морфагенет. карэляцыі арганізма. Працэсы, што спрыяюць выжыванню віду, замацоўваюцца натуральным адборам, у выніку паяўляюцца патомкі з новай структурай.
А.С.Леанцюк.
т. 10, с. 522
МОРФАМЕТРЫ́ЧНЫЯ КА́РТЫ Адлюстроўваюць колькасную характарыстыку форм і структуры геагр. аб’ектаў і тэр. размеркаванне морфаметрычных паказчыкаў (гл. Марфаметрыя). Складаюцца шляхам пераўтварэння тапаграфічных і тэматычных карт. Вылучаюць: М.к. рэльефу, якія адлюстроўваюць верт. і гарыз. расчляненне, нахілы, ярыстасць, закарставанасць і інш., гідралагічныя, якія характарызуюць звілістасць рэк, канфігурацыю рачной сеткі, заазёранасць і забалочанасць тэрыторыі і інш.; М.к. глебава-расліннага покрыва, ландшафтаў, сац.-эканамічныя і інш.
т. 10, с. 522
МОРФАСКУЛЬПТУ́РА (ад морфа... + скульптура),
адносна невял. формы рэльефу (яры, лагчыны, марэнныя грады, дзюны, карставыя паглыбленні і інш.), утвораныя пераважна экзагеннымі працэсамі; звычайна з’яўляюцца дэталямі морфаструктуры. Паводле працэсаў акумуляцыі і дэнудацыі адрозніваюць М., абумоўленую дзейнасцю водных патокаў, ледавікоў, ветру і інш. Падзяляецца на сучасную (адлюстроўвае існуючыя морфакліматычныя ўмовы) і рэліктавую, у якой захоўваецца палеазанальнасць. Пры стабільнасці фізіка-геагр. умоў, цыклічнасці іх характару развіваецца спадчынная М. На Беларусі пераважае рэліктавая ледавіковая М.
т. 10, с. 522
МОРФАСТРУКТУ́РА (ад морфа... + структура),
буйныя формы рэльефу зямной паверхні (значныя няроўнасці рэльефу мацерыкоў і акіянічнага дна), асн. рысы якіх абумоўлены эндагеннымі працэсамі (пераважна тэктанічным рухам) і ў марфалогіі якіх выразна адлюстроўваюцца геал. структуры. Напр., платформавыя раўніны, горныя краіны складкавых абласцей. Самыя вял. М. наз. геатэктурамі (мацерыковыя выступы, акіянічныя ўпадзіны).
т. 10, с. 523