Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КУДРА́ЎЦАЎ (Іван Фёдаравіч) (н. 10.3.1922, в. Лезвіна Аленінскага р-на Цвярской вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне электратэхнікі і аўтаматыкі. Д-р тэхн. н. (1968), праф. (1969). Засл. работнік вышэйшай школы Беларусі (1987). Скончыў Маскоўскі ін-т механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі (1948). З 1957 у Бел. агр. тэхн. ун-це. Распрацаваў бескантактавыя сістэмы кіравання с.-г. электрапрыводам, тэарэт. асновы энергазберажэння ў с.-г. электрапрыводных устаноўках.

Тв.:

Электрооборудование и автоматизация сельскохозяйственных агрегатов и установок. М., 1988 (у сааўт.).

Л.​В.​Бароўка.

т. 8, с. 558

КУДРА́ЎЦАЎ (Ігар Аляксандравіч) (н. 23.1.1946, г. Уфа, Башкортастан),

бел. вучоны ў галіне механікі грунтоў. Д-р тэхн. н. (1995), праф. (1996). Скончыў Бел. ін-т інжынераў чыг. транспарту (1970). З 1977 у Бел. дзярж. ун-це транспарту. Навук. працы па ўплыве хвалевых працэсаў на ўласцівасці грунтоў і дынамічных уздзеянняў на надзейнасць работы буд. канструкцый.

Тв.:

Диффузионная модель процесса виброуплотнения дисперсных грунтов (разам з А.​С.​Алёшыным, А.​І.​Івановым) // Докл. АН России. 1995. Т. 342, № 3.

т. 8, с. 558

КУДРАШО́ВА (Клаўдзія Кузьмінічна) (н. 13.12.1925, хутар Белы Ленінградскага р-на Краснадарскага краю, Расія),

бел. і расійская спявачка (мецца-сапрана). Нар. арт. Беларусі (1955). Нар. арт. СССР (1970). Скончыла Маскоўскую кансерваторыю (1952). З 1952 салістка Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, з 1960 — Пермскага т-ра оперы і балета. Валодае моцным голасам прыгожага мяккага тэмбру. Яе творчасць вызначаюць высокая вак. тэхніка, драм. тэмперамент, акцёрскае майстэрства. Сярод лепшых партый на бел. сцэне: Надзея («Надзея Дурава» А.​Багатырова), Алеся, Ганка («Дзяўчына з Палесся», «Міхась Падгорны» Я.​Цікоцкага), Марына («Яснае світанне» А.​Туранкова), Любаша, Любава («Царская нявеста», «Садко» М.​Рымскага-Корсакава), Марына Мнішак («Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага), Княгіня, Вольга, Графіня («Чарадзейка», «Яўген Анегін» і «Пікавая дама» П.​Чайкоўскага), Азучэна, Амнерыс («Трубадур», «Аіда» Дж.​Вердзі), Кармэн («Кармэн» Ж.​Бізэ), Шарлота («Вертэр» Ж.​Маснэ); у Пермскім т-ры — Іаанна («Арлеанская дзева» Чайкоўскага), Варвара Васілеўна («Не толькі любоў» Р.​Шчадрына), Каця («Вогненныя гады» А.​Спадавекія).

Літ.:

Смольскі Б.С. Таленавітая спявачка // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1960.

Дз.​М.​Жураўлёў.

К.К.Кудрашова.
К.Кудрашова ў ролі Амнерыс.

т. 8, с. 558

КУДРЫ́НСКІ (Фядот Андрэевіч) (псеўд. Сцепанец Багдан; 3.3.1867, г.п. Сцепань Сарненскага р-на Ровенскай вобл., Украіна — 1933),

педагог, літаратар, этнограф. Працаваў выкладчыкам Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі, дзе ў 1898—1902 вучыўся Я.​Колас. Заўважыўшы талент маладога семінарыста, К. дапамог яму знайсці шлях у л-ру. Аўтар работ па рус. л-ры, гісторыі, бел. і ўкр. этнаграфіі, гісторыі нар. асветы, педагогіцы. Прапагандаваў пед. ідэі К.​Дз.​Ушынскага, М.​І.​Пірагова, Л.​М.​Талстога, У.​Я.​Стаюніна.

Тв.:

Старцы: Полесская легенда. Киев, 1894;

Черты общественного быта Литовской Руси XVI в. Вильна, 1907;

История развития и падения крепостничества в России (в связи с положением крестьянства Северо-Западной России). Вильна, 1911;

Первый урок о любви: Рассказы. [Вильна, 1915].

Літ.:

Семяновіч А. Настаўнік народнага паэта // Полымя. 1959. № 6;

Казбярук У. Новае пра Кудрынскага // ЛіМ. 1960. 6 лют.

т. 8, с. 558

КУДРЭ́ВІЧ (Раіса Уладзіміраўна) (н. 1.4.1919, Мінск),

бел. жывапісец і графік. Дачка У.М.Кудрэвіча. Засл. дз. маст. Беларусі (1968). Скончыла Віцебскае маст. вучылішча (1941). Працуе пераважна ў станковым жывапісе ў быт., гіст. жанрах, партрэце, пейзажы, нацюрморце. Эмацыянальнай напоўненасцю і лірычнай паэтызацыяй штодзённасці вызначаюцца творы, прысвечаныя моладзі: «У родны калгас» (1948), «Сяброўкі» (1952), «Гарманіст ідзе» (1957), «Беларускія прыпеўкі» (1960), «Перад канцэртам» (1967), «Вясна. 1945 год», «Майскі дожджык» (абодва 1970), «Беларуская антонаўка» (1973), «Дачкам Айчыны прысвячаецца» (1975), «Калі цвітуць сады», «Балгарыя» (абодва 1978), «Вясна ў Серабранцы» (1983), «Іспанскі матыў» (1985), «Тэатральны сезон 1942 года» (1995). Гіст. тэматыцы прысвечаны карціны «А.​С.​Пушкін у Міхайлаўскім» (1951), «Першая рэпетыцыя» (1963), «Рудабельская рэспубліка» (1971), творы, выкананыя з А.​Гугелем («Мікалай Астроўскі», 1957; «Кастусь Каліноўскі», 1958; «Апасіяната», 1964; «Вечная слава», 1977; «Партызанам Беларусі прысвячаецца», 1984). Аўтар партрэтаў: «Студэнтка» (1960), «Наташа» (1973), «Студэнт кансерваторыі» (1976), «Палеская маладзіца» (1978), «У майстэрні. Аўтапартрэт» (1979), «Партрэт бацькі», «Партрэт у чырвоным капелюшы», «Блакітная раніца» (усе 1988) і інш. Пейзажам і нацюрмортам уласцівы яркая дэкаратыўнасць, рамантычнасць, складаная і разнастайная танальная гама: «Вясна ў Ракаве» (1973), «Восень у Прылуках» (1974), «Перад навальніцай» (1977), «Азёрны край» (1978), «На Бярэзіне», «Нацюрморт з рабінай» (абодва 1979), «Вясна» (1981), «Лясныя званочкі» (1987), «Блакітны нацюрморт» (1989), «Астры» (1990) і інш. Сярод графічных работ серыі «Вакол Еўропы», «Па Балгарыі», «Па Волзе», «У Крыме», «Карпаты» і інш.

Літ.:

Салавей Л.Ф. Р.​У.​Кудрэвіч. Мн., 1974;

Адольф Гугель. Раиса Кудревич: [Альбом]. Мн., 1994.

Л.​Ф.​Салавей.

Р.Кудрэвіч. Студэнт кансерваторыі. 1976.

т. 8, с. 559

КУДРЭ́ВІЧ (Уладзімір Мікалаевіч) (25.11.1884, г. Чавусы Магілёўскай вобл. — 4.1.1957),

бел. жывапісец-пейзажыст. Засл. дз. маст. Беларусі (1944). Вучыўся ў маст. вучылішчы ў Ліепаі (Латвія; 1903—06). Творчасці ўласцівы мяккая, стрыманая колеравая гама, тонкае спалучэнне халодных і цёплых тонаў, спакойная кампазіцыйная будова, паэтычнасць раскрыцця прыгажосці бел. прыроды. У ранні перыяд зазнаў уплыў франц. імпрэсіяністаў. Высокім каларыстычным майстэрствам вызначаюцца работы «Стары Мінск» (1921), «Раніца вясны» (1924), «Млын», «Беларуская вёска» (абедзве 1925) і інш. У 1930-я г. пісаў індустр. пейзажы: «Паглыбленне Арэсы» (1934), «Экскаватар на асушцы» (1938—39), «БелДРЭС» (1940) і інш. Паводле ўражанняў ваен. гадоў стварыў карціну «Па дарогах вайны» (1945—46). Пранікнёнай перадачай свету прыроды вызначаюцца творы пасляваен. гадоў: «Вецер» і «На рацэ Сож» (1945), «Бярозкі» (1948), «Беларускі пейзаж» (1949), «Свіслач» (1952), «Жыта», «Раніца», «Лясная рэчка» (1956) і інш.

Літ.:

Лейтман Ф. У.​М.​Кудрэвіч. Мн., 1958;

Бяспалы А.А. Пясняр беларускага пейзажу // Выяўленчае мастацтва Беларусі. Мн., 1981;

Фатыхава Г.А. З раніцы — настрой і працавітасць // Мастацтва. 1995. № 11.

Г.​А.​Фатыхава.

У.Кудрэвіч. Раніца вясны. 1924.

т. 8, с. 559

КУДРЭ́ВІЧ (Уладзімір Уладзіміравіч) (н. 2.5.1927, Мінск),

бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1976). Скончыў студыю пры Бел. т-ры імя Я.​Купалы (1948), з 1949 працуе ў гэтым т-ры (цяпер Нац. акадэм. т-р імя Я.​Купалы). Выканаўца драм. і камедыйна-быт. роляў, майстар сцэн. мініяцюры. Акцёрская індывідуальнасць найб. поўна раскрылася ў ролях класічнай і сучаснай драматургіі: Якім Сарока («Паўлінка» Я.​Купалы), Дажывалаў («Брама неўміручасці» К.​Крапівы), Цесакоў, Сырадоеў, Скаромны, Ваенны міністр («Лявоніха на арбіце», «Трыбунал», «Таблетку пад язык», «Святая прастата» А.​Макаёнка), Семяніхін («Канстанцін Заслонаў» А.​Маўзона), Шаргаёў («Парог» А.​Дударава), Пётр Сабейкін («Стары Новы год» М.​Рошчына), Павел Козін («Традыцыйны збор» В.​Розава), Іван і Мацей Худзякоў («Характары» паводле В.​Шукшына), Ураднік («Памінальная малітва» Р.​Горына паводле твораў Шолам Алейхема) і інш. Здымаецца ў кіно.

А.​А.​Савіцкая.

т. 8, с. 559

КУДЫМКА́Р,

горад у Рас Федэрацыі, цэнтр Комі-Пярмяцкай аўт. акругі. Размешчаны ў Перадураллі, пры ўпадзенні р. Кува ў р. Іньва (бас. р. Кама). Засн. ў 16 ст., горад з 1938. 33,7 тыс. ж. (1997). Вузел аўтадарог. Аэрапорт. Прам-сць дрэваапр., металаапр., харч. і інш. Драм. т-р. Краязнаўчы музей. Спарткомплекс «Парма» (з трамплінамі 40 і 60 м). Нікольскі сабор (1792—95).

т. 8, с. 560