КУДРЭ́ВІЧ (Раіса Уладзіміраўна) (н. 1.4.1919, Мінск),
бел. жывапісец і графік. Дачка У.М.Кудрэвіча. Засл. дз. маст. Беларусі (1968). Скончыла Віцебскае маст. вучылішча (1941). Працуе пераважна ў станковым жывапісе ў быт., гіст. жанрах, партрэце, пейзажы, нацюрморце. Эмацыянальнай напоўненасцю і лірычнай паэтызацыяй штодзённасці вызначаюцца творы, прысвечаныя моладзі: «У родны калгас» (1948), «Сяброўкі» (1952), «Гарманіст ідзе» (1957), «Беларускія прыпеўкі» (1960), «Перад канцэртам» (1967), «Вясна. 1945 год», «Майскі дожджык» (абодва 1970), «Беларуская антонаўка» (1973), «Дачкам Айчыны прысвячаецца» (1975), «Калі цвітуць сады», «Балгарыя» (абодва 1978), «Вясна ў Серабранцы» (1983), «Іспанскі матыў» (1985), «Тэатральны сезон 1942 года» (1995). Гіст. тэматыцы прысвечаны карціны «А.С.Пушкін у Міхайлаўскім» (1951), «Першая рэпетыцыя» (1963), «Рудабельская рэспубліка» (1971), творы, выкананыя з А.Гугелем («Мікалай Астроўскі», 1957; «Кастусь Каліноўскі», 1958; «Апасіяната», 1964; «Вечная слава», 1977; «Партызанам Беларусі прысвячаецца», 1984). Аўтар партрэтаў: «Студэнтка» (1960), «Наташа» (1973), «Студэнт кансерваторыі» (1976), «Палеская маладзіца» (1978), «У майстэрні. Аўтапартрэт» (1979), «Партрэт бацькі», «Партрэт у чырвоным капелюшы», «Блакітная раніца» (усе 1988) і інш. Пейзажам і нацюрмортам уласцівы яркая дэкаратыўнасць, рамантычнасць, складаная і разнастайная танальная гама: «Вясна ў Ракаве» (1973), «Восень у Прылуках» (1974), «Перад навальніцай» (1977), «Азёрны край» (1978), «На Бярэзіне», «Нацюрморт з рабінай» (абодва 1979), «Вясна» (1981), «Лясныя званочкі» (1987), «Блакітны нацюрморт» (1989), «Астры» (1990) і інш. Сярод графічных работ серыі «Вакол Еўропы», «Па Балгарыі», «Па Волзе», «У Крыме», «Карпаты» і інш.
Літ.:
Салавей Л.Ф. Р.У.Кудрэвіч. Мн., 1974;
Адольф Гугель. Раиса Кудревич: [Альбом]. Мн., 1994.
Л.Ф.Салавей.
Р.Кудрэвіч. Студэнт кансерваторыі. 1976.
т. 8, с. 559