Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КАСА́ТКІНА (Наталля Дзмітрыеўна) (н. 7.6.1934, Масква),

расійская артыстка балета, балетмайстар, сцэнарыст. Нар. арт. Расіі (1984). Скончыла Маскоўскае харэаграфічнае вучылішча (1953). У 1954—76 у Вял. т-ры; характарная танцоўшчыца. Сярод партый: Апантаная («Вясна свяшчэнная» І.Стравінскага), Лёс («Кармэн-сюіта» Ж.Бізэ—Р.Шчадрына), Індыйская лялька («Шчаўкунок» П.Чайкоўскага), Мерседэс («Дон Кіхот» Л.Мінкуса), Фані («Сцежкаю грому» К.Караева); характарныя танцы ў многіх балетах. Здымалася ў кіна- і тэлефільмах. Яе танец вылучаўся пластычнасцю, псіхал. пранікнёнасцю. З 1960-х г. працуе з У.Васілёвым як балетмайстар і сцэнарыст, з 1977 маст. кіраўнік і гал. балетмайстар Дзярж. т-ра класічнага балета (з Васілёвым). Для іх спектакляў характэрны востраканфліктная драматургія, сталая рэжысура, спалучэнне класічнага танца і сучаснай пластыкі. Сярод пастановак: «Стварэнне свету» А.Пятрова (1971), «Аповесць пра Рамэо і Джульету» (1980) і «Папялушка» (1993) С.Пракоф’ева, «Лебядзінае возера» (1988) і «Шчаўкунок» (1994) Чайкоўскага, «Пацалунак феі» Стравінскага (1989), «Дама з камеліямі» на муз. Дж.Вердзі—П.Сальнікава (1995), «Цудоўны мандарын» Б.Бартака (1996). Дзярж. прэмія СССР 1976.

т. 8, с. 139

КАСАЦЫ́ЙНЫ ТРЫБУНА́Л пры ЦВК БССР,

орган нагляду за дзейнасцю Рэв. трыбунала рэспублікі ў 1921—22. Разглядаў у касацыйным парадку скаргі і пратэсты на прыгаворы трыбунала па справах аб контррэвалюцыйных і інш. небяспечных злачынствах. У склад К.т. ўваходзілі старшыня (звычайна нар. камісар юстыцыі рэспублікі) і 2 члены — заг. суд. аддзела Наркамюста і адзін з членаў Рэв. трыбунала (які не прымаў удзел у разглядзе справы па 1-й інстанцыі). Скасаваны 1.9.1922, яго функцыі перададзены Вышэйшаму касацыйнаму суду.

Г.А.Маслыка.

т. 8, с. 140

КАСА́ЦЫЯ (ад лац. cassatio адмена, знішчэнне),

1) абскарджанне і апратэставанне суд. рашэнняў і прыгавораў, якія не набылі законнай сілы.

2) Праверка вышэйстаячым судом законнасці і абгрунтаванасці рашэнняў і прыгавораў суда, што не набылі законнай сілы. Робіцца на аснове матэрыялаў, якія знаходзяцца ў справе або прыведзены дадаткова.

3) Перагляд, адмена суд. рашэння ніжэйшай інстанцыі вышэйстаячай пры парушэнні ніжэйшай інстанцыяй законаў або невыкананні ёю правіл судаводства. Парадак разгляду спраў па К. рэгламентуецца крымін.-працэсуальным заканадаўствам.

Э.І.Кузьмянкова.

т. 8, с. 140

КАСА́Ч (Iris),

род кветкавых раслін сям. касачовых. Каля 250 відаў і 30 тыс. сартоў, якія ўзніклі ў выніку скрыжавання шэрагу відаў, аб’яднаных пад назвай К. гібрыднага садовага (I. hybrida hort). Пашыраны ва ўмераных паясах Паўн. паўшар’я. Трапляюцца ў стэпах, утвараюць касачовыя стэпы. На Беларусі 3 дзікарослыя віды К.: бязлісты (I. aphylla); сібірскі (I. sibirica, нар. назвы дзікія агуркі, калацец), абодва занесены ў Чырв. кнігу; жоўты (I. pseudacorus, нар. назвы косіца, кошыц, касарыкі, вужачкі). Трапляюцца па хмызняках у рачной пойме, на заліўных лугах, ускрайках балот. Сарты К. гібрыднага садовага: Крысмес Тайм (белы), Блю Сапфаер (блакітны), Уан Дэзайр (ружовы), Віта Файр (чырв.), Лаймлайт (жоўты), Аметыст Флейм (бэзавы), Вебеш (двухколерны) і інш.

Шматгадовыя травяністыя карэнішчавыя расліны з адзіночнымі або некалькімі сцёбламі-кветаносамі выш. 30—150 см. Лісце лінейна- ці ланцэтна-мечападобнае, часта па 5—10 (12) лістоў у веерападобным прыкаранёвым пучку. Кветкі буйныя, правільныя, з доўгай трубкай і 6-раздзельным вяночкападобным яркаафарбаваным адгінам. Для К. характэрна пратэрандрыя. Плод — 3-гранная каробачка. Фарбавальная і лек. расліна. З карэнішчаў некат. К. атрымліваюць духмянае рэчыва ірон для парфумерыі. Адзін з найб. папулярных дэкар. мнагалетнікаў, вядомы ў культуры з пач. 17 ст.

Касачы.

т. 8, с. 140

КАСА́Ч (Павел Мікалаевіч) (20.11.1887, в. Рогава Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. — 7.12.1977),

бел. дзеяч самадзейнага мастацтва, кампазітар. Засл. дз. культуры Беларусі (1957). Скончыў Магілёўскі пед. ін-т (1938). Творчы шлях пачаў у капэле Дз.Агрэнева-Славянскага ў 1907. У 1912—56 настаўнічаў. У 1946 арганізаваў хор студэнтаў у Нясвіжскім пед. вучылішчы, у 1952—64 узначальваў хор сельскага клуба в. Лявонавічы (Нясвіжскі р-н Мінскай вобл.), які пад яго кіраўніцтвам дасягнуў значнага выканальніцкага майстэрства, атрымаў званне народнага. Аўтар шэрагу песень (у т. л. «Хораша вясною ходзіцца», «Мой Нёман», «Беларусь мая», «Цімох», «Выйдзі, дзяўчына», «Кланялася жыта»), апрацовак бел. нар. песень («Жніўная», «Ой, сівы конь бяжыць» і інш.).

т. 8, с. 140

КАСАЧО́Ў (Іван Міхайлавіч) (н. 13.1.1948, в. Шаўцова Веткаўскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне аўтаматычнага кіравання. Д-р тэхн. н. (1991). Скончыў Мінскае вышэйшае інж. зенітнае ракетнае вучылішча ППА (1973), дзе і працаваў з 1989. У 1993 у Ваеннай акадэміі Беларусі. Навук. працы па тэорыі аўтаматычнага кіравання, тэорыі дынамічных сістэм з выпадкова зменнай структурай, сістэм аўтаматызаванага праектавання, тэорыі выпрабаванняў і ацэньвання эфектыўнасці ўзбраення войск ППА, зенітных ракетных комплексаў і сістэм.

Тв.:

Аналитическое моделирование стохастических систем. Мн., 1993 (разам з М.Г.Ерашэнкавым).

т. 8, с. 140

Касач Аляксандр Канстанцінавіч

т. 18, кн. 1, с. 404

КАСЕ́КАНС [новалац. cosecans ад co(mplementi) secans секанс дапаўнення],

адна з трыганаметрычных функцый; абазначаецца cosec. К. вострага вугла прамавугольнага трохвугольніка — дзель гіпатэнузы на катэт, які ляжыць насупраць дадзенага вугла.

т. 8, с. 140

КА́СЕЛЬ (Kassel),

горад у цэнтры Германіі, на р. Фульда, зямля Гесен. Засн. ў 10 ст. 193 тыс. ж. (1990). Вузел чыгунак і аўтадарог. Прам-сць: трансп. машынабудаванне (лакаматывы, вагоны, аўтамабілі), інструментальная, хім. (у т. л. вытв-сць хім. валокнаў), эл.-тэхн., тэкст., харч., паліграфічная. Арх. помнікі і ансамблі 13—18 ст. Дзярж. маст. збор (у палацы Вільгельмсхёэ). Музей зямлі Гесен, Новая галерэя.

т. 8, с. 140

КА́СЕМ, Касім Абдэль Керым (Абд аль-Карым; 1914, Багдад — 9.2.1963), іракскі ваен. і дзярж. дзеяч. Брыгадны генерал (1955). Удзельнік 2-й сусв. вайны (змагаўся супраць брыт. войск у 1941), араба-ізраільскай вайны 1948—49. 14.7.1958 узначаліў антыманархічны ваен. пераварот (гл. Іракская рэвалюцыя 1958) і 27.7.1958 абвясціў Ірак рэспублікай. У 1958—63 прэм’ер-міністр і адначасова міністр абароны Ірака, устанавіў у краіне дыктатарскі рэжым; падкрэсліваў іракскую самабытнасць і самастойнасць, што выклікала канфлікт з панараб. сіламі. У лют. 1963 скінуты ў выніку ваен. перавароту і расстраляны.

т. 8, с. 140