КАСА́ТКІНА (Наталля Дзмітрыеўна) (н. 7.6.1934, Масква),

расійская артыстка балета, балетмайстар, сцэнарыст. Нар. арт. Расіі (1984). Скончыла Маскоўскае харэаграфічнае вучылішча (1953). У 1954—76 у Вял. т-ры; характарная танцоўшчыца. Сярод партый: Апантаная («Вясна свяшчэнная» І.​Стравінскага), Лёс («Кармэн-сюіта» Ж.​Бізэ—Р.​Шчадрына), Індыйская лялька («Шчаўкунок» П.​Чайкоўскага), Мерседэс («Дон Кіхот» Л.​Мінкуса), Фані («Сцежкаю грому» К.​Караева); характарныя танцы ў многіх балетах. Здымалася ў кіна- і тэлефільмах. Яе танец вылучаўся пластычнасцю, псіхал. пранікнёнасцю. З 1960-х г. працуе з У.​Васілёвым як балетмайстар і сцэнарыст, з 1977 маст. кіраўнік і гал. балетмайстар Дзярж. т-ра класічнага балета (з Васілёвым). Для іх спектакляў характэрны востраканфліктная драматургія, сталая рэжысура, спалучэнне класічнага танца і сучаснай пластыкі. Сярод пастановак: «Стварэнне свету» А.​Пятрова (1971), «Аповесць пра Рамэо і Джульету» (1980) і «Папялушка» (1993) С.​Пракоф’ева, «Лебядзінае возера» (1988) і «Шчаўкунок» (1994) Чайкоўскага, «Пацалунак феі» Стравінскага (1989), «Дама з камеліямі» на муз. Дж.​Вердзі—П.​Сальнікава (1995), «Цудоўны мандарын» Б.​Бартака (1996). Дзярж. прэмія СССР 1976.

т. 8, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)