ВІСЛАПЛО́ДНІК
(Cremocarpium),
двухсямянка, плод сасудзістых раслін, відазмененая каробачка (схізакарпій). Характэрны для раслін сям. сельдэрэевых і некаторых араліевых. Складаецца з двух аднанасенных сухіх паўплодзікаў (мерыкарпіяў), якія не раскрываюцца. Развіваецца з двухгнездавой завязі, спелы распадаецца падоўжна на 2 палавінкі (адпавядаюць двум пладалісцікам завязі), якія вісяць на расшчэпленым напалам стрыжаньку (карпафоры), што прадаўжаецца ў пладаножку.
т. 4, с. 196
ВІ́СЛА-О́ДЭРСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1945,
наступальная аперацыя войск Сав. Арміі ў міжрэччы Віслы і Одэра 12 студз. — 3 лютага; састаўная частка стратэгічнага наступлення па завяршэнні разгрому ням.-фаш. войск у 2-ю сусв. вайну.
Удзельнічалі войскі 1-га Бел. (Маршал Сав. Саюза Г.К.Жукаў), 1-га Укр. (Маршал Сав. Саюза І.С.Конеў) франтоў (1,5 млн. чал. у баявых часцях, больш за 37 тыс. гармат і мінамётаў, больш за 7 тыс. танкаў і самаходна-артыл. установак, 5047 самалётаў), левы фланг 2-га Бел. (Маршал Сав. Саюза К.К.Ракасоўскі) і правы фланг 4-га Укр. (ген. арміі І.Я.Пятроў) франтоў, Чэхаславацкі корпус (ген.-л. Л.Свобада), 1-я армія Войска Польскага (ген.-л. С.Паплаўскі).
На Варшаўска-Берлінскім напрамку герм. камандаванне стварыла 7 абарончых рубяжоў глыбінёй да 600 км, сканцэнтравала групу армій «А» (ген.-палк. І.Гарпе), з 26 студз. «Цэнтр» (ген.-палк. Ф.Шорнер). Варожая групоўка з 3 армій (28 дывізій і 2 брыгады) налічвала каля 400 тыс. чал., 4103 гарматы, 1136 танкаў, 270 самалётаў.
Наступленне сав. войск планавалася на 20 студз. У сувязі з прарывам ням.-фаш. арміяй фронту ў Ардэнах (гл. Ардэнская аперацыя 1944—45) 1-ы Укр. фронт пачаў наступаць 12 студз. з Сандамірскага плацдарма на г. Брэслаў (Вроцлаў). 17 студз. вызвалена Варшава, 19 студз. — Кракаў. 1-ы Бел. фронт прарваў пазнанскі рубеж абароны і да 25 студз. выйшаў да б. герм.-польск. граніцы. 1-ы Укр. фронт 20—23 студз. ўступіў на тэр. Германіі і 25 студз. выйшаў да Одэра. Сав. войскі авалодалі Сілезскім прамысл. раёнам, акружылі варожыя групоўкі ў Познані, Шнайдэмюлі (Піла) і ўсім фронтам выйшлі да Одэра. У ходзе Вісла-Одэрскай аперацыі сав. войскамі вызвалена Польшча, значная ч. Чэхаславакіі; знішчана 35 дывізій ворага, а 25 дывізій страцілі ад 50 да 70% асабовага складу, узята ў палон каля 150 тыс. чалавек.
т. 4, с. 196
ВІ́СЛІНСКІ ЗАЛІ́Ў,
заліў у паўд. частцы Балтыйскага м., каля берагоў Польшчы. Разам з Калінінградскім залівам мае даўж. каля 90 км, шыр. 2—25 км, глыб. 3—5 м. Аддзелены ад мора Балтыйскай касой даўж. 60 км, на Пн злучаецца пралівам з Гданьскім залівам.
т. 4, с. 196
ВІ́СЛІЦА,
рака ў Пінскім р-не Брэсцкай вобл., правы прыток Бобрыка 1-га (бас. Прыпяці). Даўж. 41,8 км. Пл. вадазбору 543 км². Пачынаецца асушальнай канавай за 2 км на Пд ад в. Рэчкі, цячэ па зах. частцы нізіны Прыпяцкае Палессе. Асн. прытокі — каналы Ліпнікі і Дабраслаўка (злева). Даліна ў верхнім цячэнні невыразная, паміж в. Юзафін і в. Новы Двор трапецападобная, шыр. 1—3 км. Пойма двухбаковая, шыр. 300—700 м. Рэчышча на ўсім працягу каналізаванае (шыр. да 4 м, ніжэй в. Новы Двор да 20 м), абвалавана дамбамі.
т. 4, с. 196
ВІ́СЛІЦКА-ПЕТРАКО́ЎСКІЯ СТАТУ́ТЫ 1346—47, Статуты Казіміра Вялікага, помнік сярэдневяковага польск. права. Выдадзены польск. каралём Казімірам III Вялікім асобна для Малой і Вялікай Польшчы. Велікапольскі статут (34 арт.) прыняты на феад. з’ездзе ў Петракове ў 1346, малапольскі статут (59 арт.) зацверджаны на з’ездзе ў Вісліцы ў 1347. Абодва напісаны па латыні. Складзены на аснове польск. звычаёвага права. Адлюстравалі намеры каралеўскай улады ліквідаваць феад. раздробленасць, уніфікаваць права, умацаваць манархію. У 1420-я г. выдадзены Поўны збор статутаў Казіміра Вялікага. У канцы 14 ст. статуты пашыраны на Галіччыну, якая ўвайшла ў склад Польшчы.
т. 4, с. 197
ВІСЛІ́ЦКІ Ян
(каля 1485—1520-я г.),
паэт-лацініст ВКЛ і Польшчы. Паходзіў, верагодна, з Беларусі. Скончыў Ягелонскі ун-т у Кракаве. У 1510—12 працаваў там магістрам (у актах пазначаны як «русін»). Пісаў оды, эпіграмы, элегіі, пасланні («Ода да караля Жыгімонта», «Элегія да багародзіцы дзевы Марыі», «Эпіграма на зайздросніка»). Аўтар эпічнай гіст. паэмы «Пруская вайна» (Кракаў, 1516), 2-я кн. якой прысвечана Грунвальдскай бітве 1410, дзе ўславіў перамогу над крыжакамі, здабытую як нар. змаганне. Твор вызначаецца манументальнасцю батальных сцэн, пластычнасцю вобразаў прыроды. Паэма стаіць каля вытокаў жанру эпапеі ў бел., польск, і літ. л-рах.
Літ.:
Парэцкі Я.І. Ян Вісліцкі. Мн., 1991;
Дорошкевич В.И. Новолатинская поэзия Белоруссии и Литвы: Первая половина XVI в. Мн., 1979.
т. 4, с. 197
ВІСЛІЦЭ́НУС
(Wislicenus) Іаганес (24.6.1835, Кляйнехштат, каля г. Кверфурт, Германія — 5.12.1902),
нямецкі хімік-арганік. Вучыўся ва ун-тах Цюрыха і Гале. З 1861 выкладаў у Цюрыху, Вюрцбургу, Лейпцыгу (з 1867 праф.). Навук. працы па тэорыі хім. будовы і ізамерыі арган. злучэнняў. Выказаў меркаванне, што малочная і мяса-малочная к-ты з’яўляюцца прасторавымі ізамерамі (1869). На падставе гэтага Я.Х. вант Гоф стварыў стэрэахім. тэорыю. Паказаў існаванне геам. (цыс-, транс-) ізамераў на прыкладзе малеінавай і фумаравай к-т (1887).
т. 4, с. 197
ВІ́СМАНТ Францішак Іванавіч
(н. 12.6.1950, г. Ліда Гродзенскай вобл.),
бел. вучоны-фізіёлаг. Д-р мед. н. (1990), праф. (1996). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1973). З 1976 працуе ў ім. Навук. працы па фізіялогіі і патафізіялогіі тэрмарэгуляцыі; пра ролю ферментаў і фармакалагічных рэчываў у цэнтр. механізмах гіпертэрмічных эфектаў.
Тв.:
Об участии пептигидролаз мозга в центральных механизмах терморегуляции при перегревании и пирогеналовой лихорадке // Нейропептиды и терморегуляция. Мн., 1990.
т. 4, с. 197
ВІ́СМУТ
(лац. Bismuthum),
Ві, хімічны элемент V групы перыяд. сістэмы, ат. н. 83, ат. м. 208,9804. Прыродны мае 1 стабільны ізатоп 209Bi. У зямной кары знаходзіцца 2·10-5 % па масе. Трапляецца ў выглядзе мінералаў (гл. Вісмутавыя руды). Крохкі серабрыста-шэры з ружовым адценнем метал, шчыльн. 9800 кг/м³, tпл 271,4 °C (пры плаўленні памяншаецца ў аб’ёме), tкіп 1564 °C.
Устойлівы ў сухім паветры, пры t вышэй за 1000 °C гарыць (утварае аксід Bi2O3). Раствараецца ў к-тах азотнай і канцэнтраванай сернай (пры награванні). З галагенамі пры 200—250 °C утварае трыгалагеніды (напр., вісмута хларыд BiCl3), з большасцю металаў пры сплаўленні — інтэрметал. злучэнні вісмутыды (напр., вісмутыды натрыю Na3Bi, магнію Mg3Bi2). Атрымліваюць пры перапрацоўцы пераважна свінцовых руд. Выкарыстоўваецца як кампанент легкаплаўкіх сплаваў (напр., сплаў Вуда), бабітаў, як цепланосьбіт у ядз. рэактарах (расплаў), для вытв-сці пастаянных магнітаў, у прыладах для вымярэння напружанасці магн. поля. Злучэнні вісмута выкарыстоўваюць у вытв-сці керамікі, фарфору, спец. шкла, як антысептычныя сродкі.
І.В.Боднар.
т. 4, с. 197
ВІ́СМУТАВЫЯ РУ́ДЫ,
мінеральныя ўтварэнні, якія маюць вісмут у колькасцях, дастатковых для прамысл. атрымання. Вядома больш за 60 рудных вісмутавых мінералаў. Асноўныя: вісмут самародны, вісмуцін, тэтрадыміт, казаліт, бісміт, бісмуціт, тэлуравісмуціт. Радовішчы эндагенныя (постмагматычныя і гідратэрмальныя) і экзагенныя. Радовішчы ўласна вісмутавых руд, у якіх больш за 0,2% вісмуту, рэдкія. Асноўнае значэнне маюць вісмутзмяшчальныя руды (0,001—0,1 Ві) вальфрамавых, алавяных, медных, залатарудных і свінцова-цынкавых радовішчаў. Здабыча ў Аўстраліі, Японіі, Перу, Мексіцы, Балівіі, ЗША.
т. 4, с. 197