Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВІРТА́ Мікалай Яўгенавіч

(19.12.1906, в. Вялікая Лазаўка Тамбоўскай вобл., Расія — 9.1.1976),

рускі пісьменнік. Друкаваўся з 1923. У рамане «Адзінота» (1935; Дзярж. прэмія СССР 1941; па яго матывах напісана п’еса «Зямля», паст. 1937) афіцыёзная трактоўка Антонава паўстання. Аўтар раманаў «Заканамернасць» (1937), «Вячэрні звон» (1951), «Стэп ды стэп наўкол...» (1960) і інш., п’ес «Змова» (1938), «Салдаты Сталінграда» (1944), «Хлеб наш надзённы» (1947; Дзярж. прэмія СССР 1948), «Змова асуджаных» (1948; Дзярж. прэмія СССР 1949) і інш., аповесцей, нарысаў, франтавых карэспандэнцый. Яму належаць кінасцэнарыі (у т. л. «Сталінградская бітва», 1949; Дзярж. прэмія СССР 1950). Многія творы Вірты адзначаны ўплывам «тэорыі бесканфліктнасці».

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—4. М., 1980—82.

т. 4, с. 192

ВІ́РТАНЕН

(Virtanen) Артуры Ілмары (15.1.1895, Хельсінкі — 11.11.1973),

фінскі біяхімік; заснавальнік фінскай навук. школы тэхн. біяхіміі. Чл. Фінскай акадэміі навук і л-ры (1927). Скончыў Гельсінгфорскі ун-т (1916). У 1924—48 у Хельсінскім ун-це, адначасова з 1931 дырэктар Біяхім. ін-та. Навук. працы па біяхіміі кармоў. Распрацаваў метад кансервацыі зялёных кармоў падкісленнем сумессю кіслот (салянай і сернай) да pH 4, што спыняе бактэрыяльныя і ферментатыўныя працэсы («АІВ-метад» наз. па яго ініцыялах), метады кансервавання малака і малочных прадуктаў. Нобелеўская прэмія 1945.

т. 4, с. 192

ВІ́РТАНЕН Ялмары Эрыкавіч

(8.1.1889, с. Майніемі, Фінляндыя — 2.4.1939),

карэльскі паэт. Пісаў на фінскай мове. Друкаваўся з 1906. У ранніх творах адлюстраваў паднявольнае становішча працоўных. У зб-ках вершаў «Вольнай часінай» (1930), «Стройныя шарэнгі» (1931), «Вершы» (1933, 1936, на рус. мове), «Чырвонае кантэле» (1937) асэнсаванне гіст. мінулага рус. і карэльскага народаў, самабытнасць людскіх характараў і прыроды паўночнага краю. Вядомы як драматург, перакладчык. Перакладаў на фінскую мову творы рус. і сусв. л-ры, паасобныя творы Я.Купалы.

Літ.:

Алто Э. Ялмари Виртанен: Жизнь и творчество. Петрозаводск, 1988.

т. 4, с. 192

ВІРТУА́ЛЬНЫЯ ЧАСЦІ́ЦЫ,

кароткаіснуючыя прамежкавыя станы, якія ўзнікаюць у працэсах узаемадзеяння ці пры флуктуацыях квантавых палёў.

У квантавай тэорыі поля для віртуальных часціц парушаецца звычайная рэлятывісцкая сувязь паміж энергіяй і імпульсам і таму ім нельга прыпісаць пэўнае значэнне масы. Аднак віртуальныя часціцы пераносяць энергію, імпульс, зарад і інш. квантавыя лікі, што забяспечвае выкананне адпаведных законаў захавання. У нерэлятывісцкай квантавай механіцы ў адпаведнасці з неазначальнасцей суадносінамі энергія прамежкавых станаў вызначаецца з дакладнасцю да ΔE ~ ΔE / Δt , дзе ΔE — неазначальнасць энергіі, = 2π , ℏ — Планка пастаянная, Δt — час існавання віртуальных часціц. Таму адпаведныя віртуальныя часціцы захоўваюць імпульс і шэраг іншых квантавых характарыстык, акрамя энергіі.

Віртуальныя часціцы непасрэдна эксперыментальна не назіраюцца, але іх ускосныя праяўленні, напр. палярызацыя вакууму квантавай тэорыі поля, правераны з высокай дакладнасцю. Шэраг рэальных часціц быў прадказаны на аснове іх віртуальных праяўленняў (П-, W​±-мезоны і інш.). У той жа час віртуальныя часціцы могуць і не мець аналагаў сярод рэальных (напр., т.зв. рэджэон у моцных узаемадзеяннях).

Я.А.Таўкачоў.

т. 4, с. 192

«ВІРТУО́ЗЫ МАСКВЫ́»,

камерны аркестр. Створаны ў 1982 як дзяржаўны камерны аркестр Мін-ва культуры Расіі «Віртуозы Масквы». Канцэртуе з 1979. Арганізатар, саліст і маст. кіраўнік У.Співакоў. Мае вял. і разнастайны класічны і сучасны рэпертуар: сімфоніі і канцэрты для аркестра, для фп. і для скрыпкі з аркестрам, для скрыпкі і альта з аркестрам В.А.Моцарта, Т.Альбіноні, А.Вівальдзі, Л.Бакерыні, творы І.С.Баха (у т. л. «Арыя», выканана ў г. Дахаў, Германія), Л.Бетховена, Ф.Шуберта, І.Штрауса, І.Брамса, П.Чайкоўскага, А.Рубінштэйна, Л.Бернстайна, Дз.Шастаковіча (у т. л. 14-я камерная сімфонія ў памяць аб ахвярах фашызму, выканана ў Дахаў) і інш. З 1989 пастаянны ўдзельнік Міжнар. муз. фестывалю ў г. Кармар Кальмар (Францыя); з ім выступаюць лепшыя выканаўцы сучаснасці. З 1990 на кантрактнай аснове працуе ў Іспаніі. Гастраліруе ва ўсім свеце, неаднаразова выступаў на Беларусі.

т. 4, с. 192

ВІРУЛЕ́НТНАСЦЬ

(ад лац. virulentus ядавіты),

ступень патагеннасці (хваробатворнасці) дадзенага штаму мікраарганізма ў адносінах да пэўнага віду жывёл, раслін пры натуральным або штучным заражэнні. Генетычна абумоўленая прыкмета (можа перадавацца ў спадчыну). Характарызуецца інфекцыйнасцю (заразлівасць), інвазіўнасцю і агрэсіўнасцю (пераадоленне ахоўных бар’ераў, інтэнсіўнае размнажэнне ў тканках мікраарганізма), таксічнасцю (утварэнне ядавітых для арганізма рэчываў). Залежыць ад уласцівасцей інфекц. агента і ўспрымальнасці (адчувальнасці) арганізма, які інфіцыруецца. Вірулентнасць можа змяняцца ў залежнасці ад умоў культывавання штаму або ў выніку мутацыйных працэсаў. Штучнае змяненне вірулентнасці мікробаў выкарыстоўваецца пры атрыманні вакцын.

т. 4, с. 192

ВІРУ́НГА

(Virunga),

Муфумбіра, група з 8 буйных і мноства дробных (больш за 400) дзеючых і патухлых вулканаў ва Усх. Афрыцы, Заіры, Руандзе і Угандзе. Размешчана ў тэктанічнай упадзіне на Пн ад воз. Ківу. Выш. да 4507 м (вулкан Карысімбі). Дзеючыя вулканы: Ньірагонга (3470 м) і Ньямлагіра (3056 м).

Вулканічнае поле Вірунгі, складзенае пераважна з базальтавых і лейцытавых лаў, ляжыць на выш. 1800 м і больш. Да выш. 2300—2500 м вечназялёныя экватарыяльныя лясы, саванны, вышэй — зараснікі бамбуку і дрэвападобнага верасу, на вяршынях — горныя лугі. Нац. парк Вірунга (у Заіры і Руандзе) уключаны ў Спіс сусветнай спадчыны; ва Угандзе — фауністычны рэзерват Гарылавы.

т. 4, с. 192

ВІРУСАЛО́ГІЯ

(ад вірусы + ...логія),

медыка-біял. навука аб вірусах. Агульная вірусалогія вывучае прыроду вірусаў, іх будову, размнажэнне, біяхімію, генетыку, паходжанне і пашырэнне ў прыродзе. Мед., вет. і с.-г. вірусалогія даследуе патагенныя вірусы, іх інфекцыйныя ўласцівасці, распрацоўвае меры папярэджання, дыягностыкі і лячэння захворванняў, якія імі выклікаюцца.

Сфарміравалася ў канцы 19 ст. пасля адкрыцця рус. вучоным Дз.І.Іваноўскім (1892) віруса тытунёвай мазаікі. Былі вызначаны вірусы яшчуру (1898) і жоўтай ліхаманкі (1901), потым вірусы — узбуджальнікі шаленства, воспы, поліяміэліту, адру, герпесу. Сучаснай вірусалогіі вядома больш за 500 вірусаў, патагенных для чалавека і жывёл.

На Беларусі распрацоўка пытанняў вірусалогіі пачалася ў 1924 і звязана з вырабам і выкарыстаннем вакцын супраць воспы і шаленства. Асн. навук. цэнтры па мед. і ветэрынарнай вірусалогіі — Бел. НДІ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі, эксперым. ветэрынарыі, рыбнай гаспадаркі, БДУ і інш. Распрацаваны актыўныя злучэнні супраць вірусаў грыпу, энцэфаліту і інш., удасканалена сістэма аховы пры даследаванні патагенных узбуджальнікаў хвароб чалавека і жывёл (В.І.Вацякоў, П.Р.Рыцік, Э.У.Фельдман, Б.П.Савіцкі, І.І.Протас, М.А.Кавалёў, Л.М.Галаўнёў і інш.). Асаблівае значэнне набываюць праблемы вывучэння вірусаў, якія выклікаюць пухлінныя працэсы, латэнтных вірусных інфекцый і ВІЧ-інфекцыі.

Літ.:

Зуев В.А. Медленные вирусные инфекции человека и животных. М., 1988.

т. 4, с. 193

ВІ́РУСНЫЯ ХВАРО́БЫ,

хваробы раслін, жывёл і чалавека, узбуджальнікамі якіх з’яўляюцца вірусы. Падзяляюцца на групы: пухліны і інфекцыі. У чалавека выклікаюцца вірусамі РНК- і ДНК-геномных тыпаў. Крыніца заражэння — хворыя і вірусаносьбіты; шляхі — паветрана-кропельны (узбуджальнікі вострых рэспіратарных захворванняў, адру і інш.), аліментарны (узбуджальнікі кішэчных інфекцый і інш.), трансмісіўны (узбуджальнікі крывяных інфекцый і інш.), праз скуру (вірусы шаленства, воспы натуральнай, папіломы і інш.), палавы (вірус герпесу, узбуджальнік СНІДу і інш.), парэнтэральны (узбуджальнік гепатыту В.), трансплацэнтарны (унутрывантробны, выклікае цяжкія захворванні нованароджаных) і інш. Патагеннае дзеянне вірусаў абумоўлена ў першую чаргу пашкоджаннем клетак, у якіх яны размнажаюцца. Часткова яно можа быць звязана з гібеллю клетак пад уплывам антывірусных антыцел і сенсібілізаваных Т-лімфацытаў, а таксама з цытатаксічным уплывам вірыёнаў на клеткі органаў, у якіх вірус не размнажаецца. Вірусныя хваробы класіфікуюць паводле цяжкасці хваробы, віду ўзбуджальніка, механізма перадачы, крыніцы інфекцыі, месца заражэння і інш. Адрозніваюць прыроднаачаговыя і антрапагенныя заанозы, паза- і ўнутрыбальнічныя антрапанозы. Да вірусных хвароб адносяцца: поліяміэліт, герпес, грып, воспа, адзёр, энцэфаліты, ліхаманкі, гепатыт інфекцыйны, краснуха, шаленства і інш. У большасці выпадкаў пасля іх застаецца працяглы імунітэт. Лячэнне: процівірусныя хім. прэпараты, інтэрфероны, імунапрэпараты, патагенетычныя і сімптаматычныя сродкі. У жывёл вірусныя хваробы выклікаюцца агульнымі з чалавекам або патагеннымі толькі для іх заавірусамі. Адрозненні ў этыялогіі, патагенезе, клінічных праяўленнях, фарміраванні імунітэту, метадах дыягностыкі і лячэння ў параўнанні з віруснымі хваробамі чалавека нязначныя. Для свойскай жывёлы асабліва небяспечныя яшчур, шаленства, чума, воспа, грып і інш. У раслін — гл. Вірусныя хваробы раслін.

А.П.Красільнікаў.

т. 4, с. 193

ВІ́РУСНЫЯ ХВАРО́БЫ РАСЛІ́Н,

інфекцыйныя хваробы, якія выклікаюцца фітапатагеннымі вірусамі. Пашкоджваюць кветкавыя расліны, хвойныя, папарацепадобныя, водарасці, грыбы. Прычыняюць вял. страты с.-г. культурам, якія размнажаюцца вегетатыўна, зніжаюць устойлівасць раслін да неспрыяльных фактараў асяроддзя і павышаюць успрымальнасць іх Да інш. патагенаў. Вірусныя хваробы раслін падзяляюць на мазаічныя хваробы раслін (мазаікі) і жаўтухі раслін. Вонкавыя прыкметы вірусных хвароб раслін: мазаічная афарбоўка, хлароз і пажаўценне лісця, некрозы, прыгнечанне росту, дэфармацыя органаў. Вірусныя хваробы раслін перадаюцца з сокам хворых раслін пры пікіраванні расады, пасынкаванні, кантакце хворых і здаровых раслін, пры вегетатыўным размнажэнні, прышчэпках, насякомымі-пераносчыкамі (пераважна тлямі і цыкадамі). Ідэнтыфікуюцца з дапамогай імуналагічных метадаў, у т. л. імунаферментнай дыягностыкі. На Беларусі віруснымі хваробамі найчасцей пашкоджваюцца бульба (мазаіка звычайная, палоскавая і маршчыністая, аўкуба-мазаіка, мазаічнае закручванне лісця, скручванне лісця, кучаравая карлікавасць, пярэстасцябловасць і інш.), лубін (пабурэнне, вузкалістасць), памідоры (мазаіка, стрык), яблыня (мазаіка, хларатычная плямістасць лісця, ямістасць і баразнаватасць драўніны). Меры барацьбы: вырошчванне ўстойлівых сартоў, атрыманне здаровага насеннага і пасадачнага матэрыялу біятэхнал. метадамі і ахова яго ад віруснай рэінфекцыі, знішчэнне насякомых-пераносчыкаў і інш.

Літ.:

Амбросов А.Л. Вирусные болезни картофеля и меры борьбы с ними. Мн., 1975;

Дубоносов Т.С., Панарин И.В., Каневчева И.С. Вирусные болезни злаков. М., 1975;

Власов Ю.И. Вирусные и микоплазменные болезни растений. М., 1992;

Блоцкая Ж.В. Вирусные болезни картофеля. Мн., 1993.

Ж.В.Блоцкая.

т. 4, с. 193