ВІНАКУ́РАЎ Яўген Міхайлавіч
(н. 22.10.1925 г. Бранск, Расія),
рускі паэт. Скончыў Літ. ін-т імя Горкага (1951). Першая кн. «Вершы пра абавязак» (1951). Аўтар паэт. зб-каў «Сінь» (1956), «Прызнанні» (1958), «Слова» (1962), «Характары» (1965), «Відовішча» (1968), «Метафары» (1972), «Сярожка з Малой Броннай» (1974), «Кантрасты» (1975), «Жэрабя» (1978), «Быццё» (1982), «Іпастась» (1984), «Раўнадзенства» (1989) і інш. Асн. тэмы — духоўная сталасць чалавека, роздум над яго ўнутр. светам. Вершам Вінакурава ўласцівыя прыхільнасць да дакладнай быт. дэталі і імкненне да філас. асэнсавання жыцця. Аўтар паэмы «На Захад» (1981), перакладаў і літ.знаўчых артыкулаў. Дзярж. прэмія СССР 1987. Творы Вінакурава на бел. мову перакладалі Р.Барадулін, С.Гаўрусёў і інш.
Тв.:
Собр. соч. Т. 1—3. М., 1983—84.
т. 4, с. 182
ВІНАКУ́РАЎ Яўген Фёдаравіч
(н. Ташкент),
бел. вучоны ў галіне буд. механікі. Д-р тэхн. н. (1967), праф. (1968). Засл. будаўнік Беларусі (1985). Сын Ф.П.Вінакурава. Скончыў Маскоўскі інж.-буд. ін-т (1948). У 1950—53 і з 1972 у Бел. політэхн. акадэміі, у 1957—12 у Ін-це буд-ва і архітэктуры (Мінск). Навук. працы па механіцы грунтоў і фундаментабудаванні.
Тв.:
Итерационный метод расчета оснований и фундаментов с помощыо ЭВМ. Мн., 1972;
Справочник по сопротивлению материалов. Мн., 1988 (у сааўт.).
т. 4, с. 182
ВІНАРО́БНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна харчовай прам-сці, якая вырабляе віно вінаграднае, пладова-ягаднае, шампанскае, каньяк.
Вінаробства вядома з даўніх часоў у краінах развітога вінаградарства. Усяго ў свеце вырабляецца 26 млн. т вінаграднага віна, найб. (1994; млн. т) у Італіі (6,0), Францыі (5,5), Іспаніі (2,3), ЗША (1,7), Аргенціне (1,4) і Германіі (1,0). У 1969 СССР займаў 4-е месца ў свеце па памерах плошчаў вінаграднікаў і вырабе вінаграднага віна (240 млн. дал). У канцы 1980-х г. у сувязі з антыалкагольнай кампаніяй паменшыліся плошчы вінаграднікаў, многія вінаробныя з-ды былі закрыты. У 1994 Расія знаходзілася на 7-м месцы ў свеце па вырабе вінаградных він (0,7 млн. т). Значная вінаробная прамысловасць на Украіне, у Малдове, Азербайджане, Арменіі і інш.
Вінаробная прамысловасць Беларусі спецыялізуецца на вытв-сці пладова-ягаднага віна з мясц. і вінаграднага віна з прывазной сыравіны. Першыя вінзаводы пабудаваны ў 1925 у саўгасах «Лошыца» Мінскага і «Вымна» Віцебскага р-наў. У 1940 іх было 13 (выраблена каля 1млн. дал віна), у 1975 — 21 з-д. Да 1990 большасць з іх закрыта. Дзейнічаюць буйныя вінзаводы ў Магілёве, Пінску, Гомелі і Полацку, з-д шампанскіх він у Мінску. У 1994 выпушчана 0,6 млн. дал вінаграднага віна (у 1985 — 11,6), 5,5 млн. дал пладова-ягаднага (у 1985 — 9,9), 670 тыс. дал шампанскіх він (у 1985 — 544).
т. 4, с. 182
ВІНАРО́БСТВА,
прыгатаванне віна шляхам спіртавога браджэння з вінаграду, а таксама з соку пладоў і ягад. Тэхнал. працэсы вырабу вінаграднага віна падзяляюць на першаснае вінаробства (перапрацоўка вінаграду, прыгатаванне вінаматэрыялаў) і другаснае вінаробства (апрацоўка і вытрымка вінаматэрыялаў з мэтай надання ім пэўнага смаку, букета, паху і стабільнасці).
Асн. працэс першаснага вінаробства — спіртавое браджэнне сусла, у якое ўводзяць чыстую культуру дражджэй; браджэнне можа адбывацца і на прыродных дражджах, якія ёсць у вінаградзе. Для прыгатавання мацаванага і дэсертнага віна разам з сокам зброджваюць ці настойваюць і здробнены вінаград. Для сухіх він сусла зброджваюць поўнасцю, для паўсухіх, моцных і дэсертных — часткова. Найб. эфектыўныя для вытрымкі і захоўвання віна вінныя падвалы ці вінасховішчы (наземныя памяшканні з кандыцыяніраваннем паветра). Пры вытрымцы праводзяць даліўку, пераліўку, асвятленне, фільтрацыю, купаж, ахаладжэнне і інш. аперацыі, у выніку якіх віно набывае зададзеныя якасці. У раёнах, дзе вырошчваюць вінаград, на працягу тысячагоддзяў існуе непрамысл. вінаробства. У хатніх умовах вырабляюць пераважна ардынарныя віны мацункам 9—12%.
У прам-сці для вытв-сці віна выкарыстоўваюць паточныя высокапрадукцыйныя лініі перапрацоўкі вінаграду, устаноўкі бесперапыннага браджэння, аўтаматызаваныя лініі разліву (гл. Вінаробная прамысловасць).
С.П.Самуэль.
т. 4, с. 182
ВІ́НА ЗАКО́Н ВЫПРАМЯНЕ́ННЯ,
закон размеркавання энергіі ў спектры абсалютна чорнага цела. Тэарэтычна выведзены В.Вінам. Паводле Віна закона выпрамянення шчыльнасць энергіі выпрамянення , адпаведная частаце ν, выражаецца формулай:
, дзе f — некат. функцыя адносін ν/T, T — абс. т-ра. З Віна закона выпрамянення вынікае т.зв. закон зрушэння Віна, паводле яго даўж. хвалі λmax, на якую прыпадае максімум энергіі ў спектры выпрамянення абс. чорнага цела, адваротна прапарцыянальная яго абс. т-ры: , дзе м. K — пастаянная Віна. Віна закона выпрамянення — гранічны выпадак Планка закону выпрамянення для вял. частот (малых даўжынь хваль).
т. 4, с. 180
ВІ́НБЕРГ Георгій Георгіевіч
(31.5.1905, С.-Пецярбург — 26.6.1987),
савецкі гідрабіёлаг і лімнолаг; заснавальнік экалагічнай фізіялогіі водных жывёл на Беларусі. Чл.-кар. АН СССР (1976). Засл. дз. нав. Расіі (1976). Скончыў Маскоўскі ун-т (1927). З 1947 у БДУ, з 1967 у Заал. ін-це АН СССР. Навук. працы па тэорыі біял. прадукцыйнасці экалаг. сістэм, экалаг. фізіялогіі водных жывёл, першаснай прадукцыі планктону, угнаенні сажалак, ачыстцы сцёкавых вод у біял. сажалках. Стварыў школу гідрабіёлагаў эколага-фізіял. кірунку.
Тв.:
Первичная продукция водоемов. Мн., 1960;
Удобрение прудов. М., 1965 (разам з У.П.Ляхновічам);
Биологические пруды в практике очистки сточных вод. Мн., 1966 (у сааўт.).
т. 4, с. 182
ВІ́НДАЎС
(Windaus) Адольф (25.12.1876, Берлін — 9.6.1959),
нямецкі хімік і біяхімік. Праф. (1913). Вучыўся ў Берлінскім і Фрэйбургскім ун-тах. З 1900 у Берлінскім, у 1901—13 у Фрэйбургскім, з 1913 у Інсбрукскім ун-тах. У 1915—44 дырэктар Ін-та хіміі Гётынгенскага ун-та. Навук. працы па вывучэнні будовы стэрынаў, у прыватнасці халестэрыну. Вызначыў утварэнне вітаміну D з эргастэрыну пад уздзеяннем УФ прамянёў. Сінтэзаваў гістамін. Адначасова з Г.Віландам вызначыў будову жоўцевых кіслот (1913) і даказаў іх роднасць з халестэрынам. Вывучаў хім. будову сапанінаў, сардэчных гліказідаў і інш. біялагічна актыўных рэчываў. Нобелеўская прэмія 1928.
т. 4, с. 182
ВІ́НДЗАР
(Windsor),
горад у Канадзе, гл. Уінсар.
т. 4, с. 183
ВІ́НДЗАР
(Windsor),
Нью-Віндзар, горад у Вялікабрытаніі, у графстве Беркшыр, на З ад Лондана, на р. Тэмза, 31,5 тыс. ж. (1981). Гал. летняя рэзідэнцыя англ. каралёў (з 12 ст.). У 11 ст. Вільгельм І Заваёўнік набыў Віндзар у якасці паляўнічага запаведніка і пабудаваў замак. У 1711 па загадзе каралевы Ганны каля замка зроблены іпадром, дзе штогод у чэрв. праводзіцца тыдзень каралеўскіх скачак. Помнікі архітэктуры: замак 11 ст., перабудаваны ў 13—19 ст., захоўваецца калекцыя карцін, габеленаў, зброі і інш.), капэла Сент-Джордж (1474—1528, позняя готыка), ратуша (17 ст.), парк і інш.
т. 4, с. 183
ВІ́НДЗІШГРЭЦ
(Windischgrätz) Альфрэд (11.5.1787, Брусель — 21.3.1862),
аўстрыйскі военачальнік. Фельдмаршал (1833). Князь. На вайск. службе з 1805. Вызначыўся ў Лейпцыгскай бітве 1813. Галоўнакаманд. габсбургскімі войскамі ў Чэхіі (з 1840). Кіраваў задушэннем Пражскага паўстання 1848, рэв. выступленняў у Вене (кастр. 1848) і Венгрыі (канец 1848 — пач. 1849). 12.4.1849 адкліканы з арміі. Губернатар федэральнай крэпасці Майнц (з 1859). Чл. верхняй палаты аўстр. парламента, кіраўнік кансерватыўнай арыстакратыі (з 1861). Аўтар твора «Зімовая кампанія 1848—1849 гг. у Венгрыі» (1851) пра вайну супраць венг. паўстанцаў.
т. 4, с. 183