Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ВІ́ДЗСКІ РАЁН,

адм.-тэр. адзінка БССР у 1940—60. Утвораны 15.1.1940 у складзе Вілейскай вобл. Цэнтр — г.п. Відзы. Пл. 900 км², 394 нас. пункты (1947). Падзяляўся на 11 сельсаветаў. З 20.9.1944 у Полацкай, з 8.1.1954 у Маладзечанскай абл. Скасаваны 20.1.1960, яго тэр. ўвайшла ў Браслаўскі раён.

т. 4, с. 142

ВІ́ДЗЫ,

гарадскі пасёлак у Браслаўскім р-не Віцебскай вобл. За 40 км ад Браслава, 30 км ад чыг. ст. Гадуцішкі на лініі Лынтупы—Варапаева, на аўтадарозе Паставы—Даўгаўпілс. 2,3 тыс. ж. (1995).

Вядомы з сярэдзіны 15 ст. Належалі Нарушэвічам, А.​Гаштольду, Пацам, Ваўжэцкім і інш. У 1481 тут пабудаваны касцёл, пры ім існаваў шпіталь. З 16 ст. ў Браслаўскім пав. Віленскага ваяв. У пач. 18 ст. езуіты адкрылі ў Відзах касцёл, рэзідэнцыю, школу. У 1794 у Відзах 1270 ж., у 1825 — 822 жыхары. З 1843 заштатны горад Ковенскай губ., цэнтр воласці. У 1860 — 3498 ж., у 1893 — 5800 жыхароў. З 1921 у складзе Польшчы. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 гар. пасёлак, цэнтр Відзскага раёна. З 27.6.1941 да 8.7.1944 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія загубілі ў Відзах і раёне 4154 чал. З 1960 у Браслаўскім р-не. У 1969 у Відзах 2,6 тыс. жыхароў.

Прадпрыемствы харч. прам-сці. Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, аптэка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання. Помнікі архітэктуры — Відзская царква (1910), Відзскі Троіцкі касцёл (1914). Брацкія магілы сав. воінаў і партызан.

т. 4, с. 142

ВІДО́МЕЦ (Parnassia),

род кветкавых раслін сям. відомцавых. Больш за 50 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераных і субтрапічных рэгіёнах Паўн. паўшар’я. На Беларусі трапляецца відомец балотны (Parnassia palustris). Расце на балотах, забалочаных лугах, берагах рэк і ручаёў.

Шматгадовыя травяністыя расліны з прамастойным сцяблом і кароткім карэнішчам. Лісце суцэльнае, сцябловае сядзячае, прыкаранёвае ў разетцы, доўгачаранковае, з сэрцападобнай асновай. Кветкі адзіночныя, белыя, з нектарнікамі. Плод — шматнасенная аднагнездавая каробачка. Лісце мае дубільныя і горкія рэчывы. Лек. (заспакаяльны, вяжучы, мачагонны, жаўцягонны, кровааднаўленчы і гаючы сродак), дэкар., кармавыя і меданосныя расліны. Некаторыя віды ядавітыя.

Відомец балотны.

т. 4, с. 142

ВІДО́Р ((Widor) Шарль Мары) (21.2.1844, г. Ліён, Францыя — 12.3.1937),

французскі арганіст, кампазітар, музыказнавец, педагог. Чл. Акадэміі прыгожых мастацтваў (1910). Праф. Парыжскай кансерваторыі (1891—1905). У 1870—1934 арганіст царквы Сен-Сюльпіс у Парыжы. Арганіст-віртуоз, імправізатар, канцэртаваў у многіх краінах. Па яго рэкамендацыі і пад яго наглядам устаноўлены арган фірмы «Кавае-Коль» у Вял. зале Маскоўскай кансерваторыі (у 1901 даў першы арганны канцэрт). Сярод твораў: 3 оперы, балет, творы для аркестра, 10 сімфоній і інш. творы для аргана, месы, камерна-інстр. ансамблі, фп. п’есы. Апублікаваў (разам з А.​Швейцэрам) арганныя творы І.​С.​Баха (т. 1—5, 1912—14). Сярод вучняў: арганісты Л.​Б’ёрн, М.​Дзюпрэ, Швейцэр, кампазітары Д.Міё, К.Анегер.

т. 4, с. 142

ВІ́ДУК,

гл. ў арт. Мак.

т. 4, с. 142

ВІ́ДУКІНД (Widukind, Witikind, Wittekind) Корвейскі (каля 925 — пасля 973), нямецкі сярэдневяковы гісторык, саксонскі бенедыкцінскі манах абацтва Корвей у Вестфаліі. Аўтар «Гісторыі саксаў» (у 3 кн., даведзена Відукіндам да 967; прадоўжана невяд. аўтарам да 973), у якой апісаны падзеі паліт. і ваен. жыцця саксаў (войны з венграмі і славянамі) і дзейнасць першых двух герм. каралёў Саксонскай дынастыі.

т. 4, с. 142

ВІДУ́НАС (Vidūnas; сапр. Староста) Вільгельмас

(22.3.1868, в. Іонайчай, Шылуцкі р-н, Літва — 20.2.1953),

літоўскі філосаф, драматург. З 1912 жыў і працаваў у Тыльзіце, дзе ўзначальваў культ. жыццё літоўцаў Усх. Прусіі. Яго філас. сістэма сфарміравалася пад уплывам ідэй стараж.-інд. веданты (вішышты-адвайты) і некат. канцэпцый зах.-еўрап. ідэаліст. філас. плыняў — платанізму, неаплатанізму, хрысц. містыцызму, пантэізму. Быццё трактаваў як дух, пэўным станам якога, яго несамаст. часткай з’яўляецца матэрыяльны свет. Чалавек, паводле Відунаса, — мікракосмас і найвышэйшая ступень эвалюцыі. Носьбіты абс. духа, праяўленне чалавечнасці — мараль, мастацтва і навука.

Развіццё грамадства, на думку Відунаса, супадае з ступенямі духоўнага ўдасканалення чалавека: індывід — нацыя — чалавецтва — абсалют. Аўтар філас. прац: «Пабудова сусвету», «Таямнічая вялікасць чалавека» (абедзве 1907), «Паходжанне лёсу» (1908), «Жыццёвая аснова народа» (1920), «Свядомасць» (1936) і інш. У маст. творчасці абуджаў пачуццё нац. годнасці літоўцаў і пратэст супраць ням. імперыялізму (драм. трылогія «Цені продкаў», 1908, трагедыя «Сусветны пажар», 1928, і інш.).

т. 4, с. 143

ВІ́ДУНІЧЫ,

вёска, гл. Відзенічы.

т. 4, с. 143

ВІДЫКО́Н,

пераўтваральнік светлавога сігналу ў электрычны; перадавальная тэлевізійная трубка з назапашваннем зарадаў. Працуе на аснове ўнутр. фотаэфекту. Мае паўпразрыстую мішэнь з паўправадніковых матэрыялаў, на якую праектуецца аптычны відарыс, што пераўтвараецца відыконам у відэасігнал (для патрэб каляровага тэлебачання створаны разнавіднасці відыкона: кадміконы, плюмбіконы і інш.). Характарызуецца высокай адчувальнасцю і малымі ўласнымі шумамі. Выкарыстоўваецца ў тэлевізійных камерах, відэатэлефонах, рэнтгенатэлевізійных сістэмах і інш.

Відыконы рознага прызначэння.

т. 4, с. 143

ВІДЭА... (ад лац. video бачу, гляджу),

першая састаўная частка складаных слоў, якая паказвае на іх дачыненне да эл. сігналаў, што нясуць інфармацыю аб відарысе (відэасігнал), а таксама да ўстройстваў, якія выкарыстоўваюцца ў сістэмах перадачы відарысаў, напр., відэамагнітафон, відэатэлефон.

т. 4, с. 143