АГА́Р,
чырвоная качка (Casarca ferruginea), птушка сям. качыных атр. гусепадобных. Пашырана ў Паўд. Еўропе, Паўн. Афрыцы і Азіі. На Беларусі рэдкая залётная птушка.
Даўж. цела каля 60 см, маса 1—1,6 кг. Самкі меншыя за самцоў. Жыве парамі. Гнёзды ў глыбокіх норах стэпавых звяркоў, нішах абрываў, пакінутых будынках. Самка нясе 8—12 яец, наседжвае іх. Птушаняты растуць і ў няволі. Корміцца раслінамі і воднымі беспазваночнымі.
т. 1, с. 70
АГАРА́
(грэч. agora),
у стараж. грэкаў назва нар. сходу і месца, дзе ён адбываўся. Агара займала цэнтр. месца т.зв. ніжняга горада, які размяшчаўся пад узгоркам акропаля. Звычайна агара — цэнтр. гандл. плошча горада (у перыяд архаікі складалася стыхійна; у эпоху класікі і элінізму мела рэгулярную планіроўку), на якой знаходзіліся храмы, дзярж. ўстановы, майстэрні і крамы.
т. 1, с. 70
АГАРАДЖА́ЛЬНЫЯ ЗБУДАВА́ННІ,
гідратэхнічныя збудаванні для засцярогі партовай акваторыі ад хваляў, плыняў, наносаў і лёду. Бываюць унутраныя (прадухіляюць утварэнне хваляў у акваторыі порта) і знешнія. Да агараджальных збудаванняў адносяцца молы і хваляломы (на морах, вадасховішчах, азёрах), лёдаахоўныя дамбы і ледарэзы (на рэках). Паміж берагам і агараджальнымі збудаваннямі або паміж суседнімі агараджальнымі збудаваннямі пакідаюць праход для суднаў. З боку мора (вадаёма) кожнае агараджальнае збудаванне мае пашыраную частку абцякальнай формы, якая будуецца звычайна на глыбіні не меншай за падводную вышыню разліковай хвалі. Пры праектаванні агараджальных збудаванняў улічваюць канфігурацыю берага і дна, напрамак вятроў, плыняў і наносаў.
т. 1, с. 71
АГАРАДЖА́ЛЬНЫЯ КАНСТРУ́КЦЫІ,
будаўнічыя канструкцыі, якія складаюць вонкавую частку будынкаў ці падзяляюць іх на асобныя памяшканні. Засцерагаюць будынкі ад вільгаці, ветру, шуму, т-ры. Часта адначасова выконваюць функцыі нясучых канструкцый. Адрозніваюць вертыкальныя (сцены, перагародкі) і гарызантальныя (перакрыцці, пакрыцці, дахі).
Паводле канструкцыі агараджальныя канструкцыі бываюць: маналітныя, зборныя і зборна-маналітныя; простыя (аднаслойныя) і комплексныя (мнагаслойныя); з дробных (пліт, шчытоў, насцілаў) і буйнапамерных (буйнаблочныя, буйнапанельныя і каркасна-панельныя) элементаў. Робяць з бетону, жалезабетону, армацэменту, сталі, алюмініевых сплаваў, цэглы, каменю, драўніны, шкла, пластмасаў, паветранепранікальных тканін і плёнак і інш. Асн. патрабаванні да агараджальных канструкцый — мех. трываласць, жорсткасць, вільгаце-, вогне- і марозаўстойлівасць, даўгавечнасць, арх. выразнасць. Удасканаленне агараджальных канструкцый ідзе ў бок змяншэння іх масы і кошту, паляпшэння цеплафіз. уласцівасцяў і канструкцыйных вырашэнняў, павышэння ступені заводскай гатоўнасці.
т. 1, с. 71
АГА́РКАЎ Мікалай Васілевіч
(30.10.1917, с. Молакава Цвярской вобл. — 25.1.1994),
Маршал Сав. Саюза (1977), Герой Сав. Саюза (1977). Удзельнік Вял. Айч. вайны. У 1961—68 нач. штаба і камандуючы войскамі паветр. абароны. З 1968 1-ы нам. нач. Генштаба, з 1974 нам. міністра абароны СССР. У 1977—84 нач. Генштаба Узбр. Сіл СССР — 1-ы нам. міністра абароны СССР. З 1984 на кіруючых пасадах ва Узбр. Сілах СССР.
т. 1, с. 71
АГАРО́ДЖВАННІ,
спецыфічная форма ліквідацыі абшчынных зямель і распарадкаў у еўрап. краінах у 13 — пач. 19 ст. Назва ад распачатага ў Англіі працэсу захопу і агароджвання лендлордамі абшчынных пашаў для гадоўлі на іх авечак. У 15—16 ст. развіццё тэкст. прам-сці і вял. попыт на воўну зрабілі авечкагадоўлю прыбытковай справай. Таму буйныя землеўладальнікі пачалі інтэнсіўна зганяць сялян з ворных зямель і ператвараць іх у пашу. У 16—18 ст. агароджванні былі пашыраны ў Нідэрландах, Францыі, Германіі. У 18 ст. англ. парламент узаконіў агароджванні і яны працягваліся да пач. 19 ст. Супраціўленне і паўстанні збяднелых сялян супраць агароджванняў (адно з буйнейшых у 1549 пад кіраўніцтвам Р.Кета) душыліся ўладамі. Адным з вынікаў агароджванняў быў адток сялян у прамысловасць.
Літ.:
Митрофанов В.П. Вопрос об огораживаниях в английском парламенте (конец XVI — начало XVII в.) // Проблемы истории Западной Европы развитого и позднего феодализма. Иваново, 1986.
т. 1, с. 71
АГАРО́ДНІКІ,
сяляне ў ВКЛ, якія пасяляліся на невял. дзялянках зямлі, за што абавязваліся выконваць пэўныя павіннасці. Агароднікі давалі па 3 маргі (1 морг — 0,71 га) зямлі і сялілі вёскамі па 10—20 двароў паблізу фальваркаў. За надзелы агароднікі адпрацоўвалі на землеўладальніка 1 дзень у тыдзень без каня, а іх жонкі — 6 дзён за лета. У час валочнай памеры ў катэгорыю агароднікаў пераводзілі чэлядзь. У 18 — 1-й пал. 19 ст. агароднікамі называлі сялян, якія мелі толькі хату і агарод.
т. 1, с. 71
АГАРО́ДНІКІ,
вёска ў Беларусі, у Бярозаўскім с/с Калінкавіцкага р-на Гомельскай вобл. Цэнтр калгаса імя Чапаева. За 35 км на ПдУ ад горада і чыг. ст. Калінкавічы, 157 км ад Гомеля. 1855 ж., 860 двароў (1995). Базавая школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі.
т. 1, с. 71
АГАРО́ДНІКІ,
вёска ў Беларусі, у Камянецкім р-не Брэсцкай вобл., на р. Пульва. Цэнтр сельсавета і калгаса «Дружба». За 40 км на З ад г. Камянец, 45 км ад Брэста, 6 км ад чыг. ст. Вярба. 405 ж., 158 двароў (1994). Базавая школа, б-ка, клуб, дзіцячы сад, аддз. сувязі. Селішча паморскай культуры (4—2 ст. да н.э.).
т. 1, с. 71
АГАРО́ДНІКІ,
вёска ў Беларусі, у Сакалоўскім с/с Бярозаўскага р-на Брэсцкай вобл. Цэнтр калгаса «Журавінка». За 10 км на У ад Бярозы, 120 км ад Брэста, 13 км ад чыг. ст. Бяроза-Картузская. 428 ж., 186 двароў (1995). Сярэдняя школа.
т. 1, с. 71