Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КАТЛЯРО́ЎСКІ (Іван Пятровіч) (99.1769, г. Палтава, Украіна — 10.11.1838),

украінскі пісьменнік, пачынальнік новай укр. л-ры. Вучыўся ў Палтаўскай духоўнай семінарыі (1780—89). У 1796—1808 на вайск. службе (у 1807—08 у г. Ліда Гродзенскай вобл.). У 1818—21 дырэктар Палтаўскага т-ра. З 1821 ганаровы чл. Вольнага т-ва аматараў рас. славеснасці. Прытрымліваўся пазіцый памяркоўнага асветніцтва, хоць і быў блізкі да дзекабрысцкіх колаў. Аўтар сатырычнай, створанай на аснове сюжэта Вергілія, бурлескнай паэмы «Энеіда» (ч. 1—3, 1789; ч. 1—4, 1809; ч. 1—6, 1842) — першага ў нац. л-ры рэаліст. твора пра жыццё, побыт, норавы розных слаёў грамадства 2-й пал. 18 ст. Твор адметны выразна акрэсленым сац. зместам, вобразнай нар. мовай, каларытнымі нац. характарамі, прасякнуты гумарам і іроніяй. Вядомы як драматург: п’есы «Наталка Палтаўка» (1838; аднайм. опера М.Лысенкі 1889) і «Маскаль-чараўнік» (1841; абедзве паст. 1819). У 1840-я г. п’есы К. ставіліся ў т-рах Мінска і Віцебска. Пад уплывам «Энеіды» К. напісаны бел. ананімныя творы «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе». На бел. мову «Энеіду» К. пераклаў А.Куляшоў.

Тв.:

Повне зібрання творів. Т. 1—2. Київ, 1969;

Твори. Київ, 1982;

Бел. пер. — Энеіда. Мн., 1969;

Рус. пер — Соч. Л., 1986.

Літ.:

Кісялёў Г. Загадка беларускай «Энеіды». Мн., 1971. С. 8—11;

Левин Б. Веселый мудрец. М., 1981;

Кирилюк Е. Іван Котляревський. Київ, 1981.

В.А.Чабаненка.

т. 8, с. 176

КА́ТМАЙ (Katmai),

дзеючы вулкан у паўн. ч. Алеуцкага хр., на п-ве Аляска (ЗША). Выш. 2047 м. У выніку вывяржэння ў 1912 на месцы кратэра ўтварылася кальдэра з возерам дыям. 1,5 км. глыб. каля 1200 м. Апошняе вывяржэнне ў 1921. Складзены з андэзітаў, дацытаў. На паўн. схіле — ледавікі. Ніжнія ч. схілаў заняты хвойнымі лясамі, верхнія — тундравай расліннасцю. Уваходзіць у нац. парк Катмай.

т. 8, с. 176

КАТМАНДУ́,

горад, сталіца Непала, на р. Багхматы, у Гімалаях на выш. 1360 м. 535 тыс. ж. (1993). Вузел аўтадарог і караванных шляхоў. Міжнар. аэрапорт. Асн. эканам. цэнтр краіны. Разнастайная маст.-рамесніцкая вытв-сць (прадметы хатняга ўжытку, прыкладнога мастацтва). Цэм., фармацэўтычныя, гарбарныя, тэкст., рамонтна-мех., ганчарныя прадпрыемствы. Здабыча мармуру. Ун-т. Каралеўская акадэмія, Асацыяцыя прыгожых мастацтваў. Нац. т-р і музей. Нумізматычны музей. Рэліг. цэнтр будызму. Быў моцна разбураны землетрасеннем (1934).

Засн. ў 724 непальскім правіцелем пад назвай Кантыпур. У час праўлення дынастыі Мала (13—15 ст.) паліт. цэнтр Непальскай даліны. З 1593 наз. К. (ад назвы стараж. драўлянай пагады Кастамандап). У 1482—1769 цэнтр аднайм. удзельнага княства. З 1769 сталіца Непала.

Над сярэдневяковымі кварталамі вузкіх вулачак з 2—3-павярховымі драўлянымі і цаглянымі дамамі ўзвышаюцца сучасныя будынкі грамадскіх, культ., гандл. устаноў. Сярод помнікаў: палац-пагада Катх Мандыр (Кастамандап; 1596), комплекс каралеўскіх палацаў і храмаў «Хануман Дхака» (15—18 ст.) з палацам каралёў дынастыі Мала, 3-яруснай капліцай-пагадай Таледжу (1549) і палацам Васантпур Дарбар (2-я пал. 18 ст.); Сінгха Дарбар (Палац Ільвоў; б. палац уладароў з сямейства Рана; пач. 20 ст.) і каралеўскі палац Нараянхіты Дарбар (пач. 20 ст.) — абодва ў неакласічным стылі. Найб. значныя пабудовы 20 ст.: будынкі Вярх. суда, Горнага бюро, аэрапорта, шпіталя (1960—62, арх. К.С.Матаян), помнік змагарам рэвалюцыі 1951. Каля К. ступа Бадхнатх і арх.-скульпт. комплекс Сваямбхунатх з каменнымі буд. рэльефамі 6—8 ст. (абодва 3 ст. да н. э., перабудаваны ў 8—9 ст.), комплекс індуісцкіх храмаў Пашупатынатх (закладзены ў 13 ст.).

т. 8, с. 176

КАТО́ ((Kato) Геніці) (1890, прэфектура Акаяма, Японія — 1979),

японскі фізіёлаг, стваральнік школы фізіёлагаў Японіі. Скончыў ун-т Кіёта (1916). З 1919 праф. ун-та Кэйо ў Токіо. Адзін з заснавальнікаў мікрафізіялогіі нерваў і мышцаў; распрацаваў методыку прэпаравання і раздражнення адзіночных ізаляваных мышачных і нерв. валокнаў, на якіх даследаваў асн. законы ўзбуджанасці.

т. 8, с. 176

КАТО́ВІЧ (Леанід Яўгенавіч) (4.5.1935, Мінск — 15.5.1995),

бел. вучоны ў галіне хірургіі. Д-р. мед. н. (1976), праф. (1980). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1959). З 1961 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў. Навук. працы па дзіцячай хірургіі, гнойна-септычных ускладненнях у дзяцей.

Тв.:

Справочник по детской хирургии. Мн., 1980 (у сааўт.);

Техника выполнения хирургических операций: Справ. Мн., 1985 (у сааўт.).

т. 8, с. 176

КАТО́ВІЧЫ,

дзяржаўныя дзеячы ВКЛ герба «Корчак». Вядомы з 15 ст. У 16—18 ст. мелі маёнткі ў Віцебскім ваяв., Гродзенскім, Браслаўскім, Ковенскім пав., на Валыні. Найб. вядомыя:

Павел Юр’евіч, дваранін каралеўскі ў 1556, падкаморы гродзенскі ў 1568, архімандрыт гродзенскі і супрасльскі ў 1568—80. Андрэй Францішак (?—1682), староста гродзенскі з 1652, кухмістр ВКЛ з 1657, адначасова гараднічы віленскі ў 1657—65, пісар вялікі ВКЛ з 1658 і інш. Аляксандр (каля 1622—30.11.1686), царк. дзеяч, сакратар каралеўскі, рэгент вял. канцылярыі ВКЛ. Біскуп смаленскі (з 1672), віленскі (з 1684). Рыгор Юзаф (? — пач. 1724?), харунжы ў 1699—1700 і падстароста ў 1699—1704 гродзенскі, палкоўнік каралеўскі ў 1701, староста гродзенскі з 1706, лоўчы ВКЛ з 1710. Прыхільнік Сапегаў. У час. Паўн. вайны 1700—21 ваяваў супраць шведаў, потым на баку Станіслава Ляшчынскага. Пасля рэстаўрацыі Аўгуста II у 1709 ваяваў супраць шведаў і Сапегаў, выступаў за вывад рас. войск з ВКЛ.

т. 8, с. 176

КАТО́Д (ад грэч. katodos шлях уніз, вяртанне),

1) адмоўны электрод хім. крыніцы току.

2) Электрод электра- і радыётэхн. прылад (апаратаў), электралітычных ваннаў і інш., які далучаецца да адмоўнага полюса крыніцы току.

3) Крыніца электронаў у электравакуумных і газаразрадных прыладах. Паводле віду электроннай эмісіі адрозніваюць тэрма- і фотаэлектронныя, халодныя К. і інш.

т. 8, с. 176

КАТО́К ДАРО́ЖНЫ,

прычапная або самаходная машына для ўшчыльнення грунтоў, дарожных асноў і пакрыццяў стальнымі вальцамі (гладкімі, рабрыстымі, кулачковымі, крацістымі) ці апорнымі коламі на пнеўматычных шынах. Пашыраны таксама вібракаткі, у якіх акрамя статычнага дзеяння ўласнай вагі, выкарыстоўваецца ўшчыльняльнае дзеянне вібрацыі. Маса К. д. (часта павялічваецца баластам); самаходных ад 0,5 да 35 т, прычапных да 100 т. Выкарыстоўваюцца ў дарожным, чыгуначным, аэрадромным, гідратэхн. і інш. буд-ве. У Беларусі К.д. выпускаюць акцыянернае т-ва «Амкадор», машынабуд. прадпрыемства «Белдартэхніка».

І.І.Леановіч.

Каткі дарожныя вібрацыйныя: 1 — акцыянернага таварыства «Амкадор» (Беларусь); 2 — фірмы «Марыні» (Італія).

т. 8, с. 176

КАТО́К ПАЛЯВЫ́,

прычапная або навясная прылада для драблення глебавых камлыг, камякоў і скарынкі, для выраўноўвання і ўшчыльнення паверхневага слоя — прыкачвання глебы. Выкарыстанне К.п. спрыяе захоўванню вільгаці ў глебе, больш дружным ўсходам с.-г. культур, змяншэнню эразійных працэсаў.

Адрозніваюць К.п. гладкія воданаліўныя, кольчата-шпоравыя, кольчата-зубчастыя, барончастыя, камбінаваныя і інш. Агрэгатуюцца з трактарамі цягавага класа 1,4—2, а з выкарыстаннем шыроказахопных счэпаў — з трактарамі класа 3—5. Могуць працаваць у агрэгаце з сеялкамі, культыватарамі, плугамі і інш. (напр., у складзе камбінаванага глебаапрацоўчага агрэгата, які за адзін праход робіць культывацыю глебы, драбленне камлыг, прыкочванне і выраўноўванне паверхні поля).

Каткі палявыя: 1 — гладкі воданаліўны; 2 — кольчата-зубчасты; 3 — кольчата-шпоравы.

т. 8, с. 176

КАТО́К СПАРТЫ́ЎНЫ,

участак роўнай ледзяной паверхні, прызначаны для катання на каньках і санках. Выкарыстоўваецца для вучэбных заняткаў і спаборніцтваў па канькабежным і санным спорце, фігурным катанні на каньках, хакеі, для паказу відовішчаў (балет на лёдзе, цырк на лёдзе і інш.). Масавыя каткі — месца для актыўнага адпачынку, гульняў і забаў. Паводле спосабу падрыхтоўкі ледзяной паверхні каткі падзяляюць на прыродныя (на замерзлых вадаёмах), наліўныя (на прыроднай або штучнай аснове, найчасцей на спарт. пляцоўках, стадыёнах, асфальтаваных участках) і штучныя (робяцца з дапамогай спец. халадзільных установак). З 1950-х г. будуюць штучныя К. с. Найбольшыя з іх у краінах Зах. Еўропы, Расіі, на Украіне, у ЗША, Канадзе, Японіі і інш. З высакагорных каткоў найб. вядомыя ў Германіі, Італіі, Казахстане (Медэо), Швейцарыі. На Беларусі крытыя штучныя каткі ў Гродне, Мінску, Наваполацку.

т. 8, с. 177