КАТМАНДУ́,
горад, сталіца Непала, на р. Багхматы, у Гімалаях на выш. 1360 м. 535 тыс. ж. (1993). Вузел аўтадарог і караванных шляхоў. Міжнар. аэрапорт. Асн. эканам. цэнтр краіны. Разнастайная маст.-рамесніцкая вытв-сць (прадметы хатняга ўжытку, прыкладнога мастацтва). Цэм., фармацэўтычныя, гарбарныя, тэкст., рамонтна-мех., ганчарныя прадпрыемствы. Здабыча мармуру. Ун-т. Каралеўская акадэмія, Асацыяцыя прыгожых мастацтваў. Нац. т-р і музей. Нумізматычны музей. Рэліг. цэнтр будызму. Быў моцна разбураны землетрасеннем (1934).
Засн. ў 724 непальскім правіцелем пад назвай Кантыпур. У час праўлення дынастыі Мала (13—15 ст.) паліт. цэнтр Непальскай даліны. З 1593 наз. К. (ад назвы стараж. драўлянай пагады Кастамандап). У 1482—1769 цэнтр аднайм. удзельнага княства. З 1769 сталіца Непала.
Над сярэдневяковымі кварталамі вузкіх вулачак з 2—3-павярховымі драўлянымі і цаглянымі дамамі ўзвышаюцца сучасныя будынкі грамадскіх, культ., гандл. устаноў. Сярод помнікаў: палац-пагада Катх Мандыр (Кастамандап; 1596), комплекс каралеўскіх палацаў і храмаў «Хануман Дхака» (15—18 ст.) з палацам каралёў дынастыі Мала, 3-яруснай капліцай-пагадай Таледжу (1549) і палацам Васантпур Дарбар (2-я пал. 18 ст.); Сінгха Дарбар (Палац Ільвоў; б. палац уладароў з сямейства Рана; пач. 20 ст.) і каралеўскі палац Нараянхіты Дарбар (пач. 20 ст.) — абодва ў неакласічным стылі. Найб. значныя пабудовы 20 ст.: будынкі Вярх. суда, Горнага бюро, аэрапорта, шпіталя (1960—62, арх. К.С.Матаян), помнік змагарам рэвалюцыі 1951. Каля К. ступа Бадхнатх і арх.-скульпт. комплекс Сваямбхунатх з каменнымі буд. рэльефамі 6—8 ст. (абодва 3 ст. да н. э., перабудаваны ў 8—9 ст.), комплекс індуісцкіх храмаў Пашупатынатх (закладзены ў 13 ст.).
т. 8, с. 176
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)