КАТАСТРО́ФА (ад грэч. katastrophē пераварот, паварот, канец, гібель),
раптоўнае вялікае бедства; падзея, якая цягне за сабой трагічныя вынікі: разбурэнні, знішчэнні, гібель людзей. Вылучаюць К.: прыродныя (землетрасенне, вывяржэнне вулкана і інш.), экалагічныя (гл. Катастрофа экалагічная), тэхналагічныя (аварыі, крушэнні чыгуначныя, авіякатастрофы), сацыяльныя (напр., гібель Рымскай імперыі, распад СССР), асобасныя (смерць блізкага чалавека, забойствы, самазабойствы і інш.). Па маштабах дзеяння К. падзяляюць на лакальныя, рэгіянальныя, краінныя, глабальныя. Некаторыя з іх з’яўляюцца унікальнымі, напр. Чарнобыльская катастрофа 1986, па прычынах яна тэхналагічная, па ўздзеянні на навакольнае асяроддзе — экалагічная, па наступствах для здароўя і жыцця людзей, разбурэнні іх ладу жыцця — сацыяльная, па маштабах уздзеяння на ўсе сферы жыцця і мыслення людзей — глабальная. Такога роду К. могуць адбывацца ў выніку прымянення ядзернай і інш. зброі масавага паражэння, ракетна-ядзернай вайны і інш. У сучасных умовах вялікае значэнне мае навук. прадказанне К. (землетрасенняў, вывяржэнняў вулканаў, сутыкненняў Зямлі з вялікімі касмічнымі целамі і інш.). Розныя тыпы К. з’яўляюцца аб’ектам даследавання катастроф тэорыі. У Рэспубліцы Беларусь папярэджваннем і пераадольваннем наступстваў К. займаецца Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.
Літ.:
Арнольд В.И. Теория катастроф. 3 изд. М., 1990;
Бабосов Е.М. Катастрофы: социол. анализ. Мн., 1995;
Яго ж. Чернобыльская трагедия в ее социальных измерениях. Мн., 1996.
Я.М.Бабосаў.
т. 8, с. 173
КАТАСТРО́ФА экалагічная,
поўнае парушэнне экалагічнай раўнавагі ў прыродных жывых сістэмах. Узнікаюць ад прамога ці ўскоснага ўздзеяння прыродных фактараў або чалавека. Бываюць глабальныя, лакальныя, агульныя, частковыя.
Прыродныя фактары ўздзеяння, якія могуць абумоўліваць К. рознага маштабу: астр. (змены сонечнага выпрамянення, скорасці вярчэння Зямлі, нахілу яе восі да плоскасці арбіты), геафіз. (рухомасць мацерыкоў, гораўтварэнне, вулканізм, абледзяненні), метэаралагічныя (змены саставу і т-ры атмасферы, працяглыя засухі і паводкі, ураганы). Прыклады глабальных К.: змены клімату ў канцы каменнавугальнага перыяду палеазою (каля 290 млн. г. назад), што прывяло да вымірання гіганцкіх папарацепадобных і знікнення трапічных лясоў у высокіх шыротах (архіпелаг Зямля Франца-Іосіфа, а-вы Грэнландыя, Шпіцберген), і ў мезазойскую эру (каля 230—70 млн. г. назад), калі пры пераразмеркаванні сушы і мора («альпійская» стадыя гораўтварэння) голанасенныя расліны змяніліся пакрытанасеннымі, вымерлі дыназаўры. Прыклад К. меншага маштабу — абледзяненні антрапагеннага перыяду ў кайназоі (каля 2 млн. г. назад). Да К. можа прывесці і дзейнасць чалавека (узнікненне ў старажытнасці пустынь у Міжземнамор’і і Б. Усходзе ў выніку знішчэння лясоў). Прыклад лакальнай К. — вывяржэнне вулкана Кракатау (1883), у выніку якога загінулі мясц. флора, фауна і 36,5 тыс. чалавек. Антрапагенныя К. — выпрабаванні атамнай зброі, высыханне Аральскага м. і інш.
На Беларусі да глабальнай адносяць К. на Чарнобыльскай АЭС (1986). Лакальныя К. — нерацыянальная меліярацыя ў асобных раёнах, засаленне тэрыторыі вакол Салігорскага калійнага камбіната, забруджванне рэк і азёр.
Э.Р.Самусенка.
т. 8, с. 174
КАТАСТРО́Ф ТЭО́РЫЯ, катастрафізм,
1) геал. канцэпцыя, паводле якой гісторыя Зямлі — гэта чаргаванне адносна спакойных працяглых перыядаў і кароткіх катастрафічных падзей, якія рэзка змяняюць рэльеф зямной паверхні і знішчаюць усё жывое. Пачатак вывучэння праблемы катастроф звязваюць з натурфіласофіяй стараж.-грэч. мысліцеляў. Ідэі наіўнага катастрафізму назіраліся ў прыродазнаўстве і філасофіі Новага часу, у аказіяналістычных уяўленнях 18 ст., дзе прычынай кожнай такой з’явы лічыўся Бог. Грандыёзныя змены на паверхні Зямлі тлумачылі дзеяннем надзвычайных сіл разавага характару. У класічным выглядзе К. т. была вылучана ў 1812 франц. вучоным Ж.Кюўе. На аснове таго, што кожнаму геал. адрэзку часу адпавядаюць свае віды жывёл і раслін, ён прыйшоў да высновы аб шматразовых грандыёзных катастрофах на Зямлі, што прыводзілі да гібелі ўсяго жывёльнага і расліннага свету, які кожны раз адраджаўся нанава ў новых формах. Ідэі Кюўе развівалі А.Д.Д’Арбіньі, Ж.Л.Р.Агасіс, А.Седжвік і інш. У неакатастрафізме (узнік у 1-й пал. 20 ст.) адрозніваюць 2 асн. кірункі: адзін звязаны з прызнаннем перыядычнага характару змен фактараў і прычын эвалюцыі (О.Шындэвольф і інш.), другі зыходзіць з прызнання абіятычных (неарганічных) фактараў касм. паходжання, якія дзейнічаюць раптоўна (радыяцыя, падзенне метэарытаў і інш., Р.Ведэкінг, К.Бойрлен, Э.Даке).
2) Тэорыя, якая вывучае прычыны ўзнікнення, характар працякання, спосабы і метады прадказання, прадухілення і пераадолення вынікаў катастроф.
Літ.:
Кювье Ж. Рассуждение о переворотах на поверхности земного шара: Пер. с фр. М.; Л., 1937;
Постон Т., Стюарт И. Теория катастроф и ее приложения: Пер. с англ. М., 1980;
Крисаченко В.С. Природные катастрофы. Киев, 1989;
Арнольд В.И. Теория катастроф. 3 изд. М., 1990.
В.А.Вадап’янаў.
т. 8, с. 173
КАТАФАРО́З (ад грэч. kataphora скіданне),
устарэлая назва электрафарэзу.
т. 8, с. 174
КАТА́Х,
простае бакакветнае (батрычнае) коласападобнае суквецце з тоўстай мясістай воссю, на якой шчыльна размешчаны сядзячыя (без кветаножак) кветкі. Звычайна абкружаны ярка афарбаваным ці белым падсукветным лісцем (пакрывалам) для прываблівання насякомых-апыляльнікаў. Характэрны для трапічнага сям. ароідных (ва ўмераным поясе капытнік, аер). У побыце К. наз. суплоддзе кукурузы.
т. 8, с. 174
КАТАХРЭ́ЗА (ад грэч. katachrēsis злоўжыванне),
спалучэнне несумяшчальных у сваім асн. значэнні слоў, паняццяў, выразаў, якое стварае своеасаблівае сэнсавае адзінства. Пашырана ў гутарковай мове, найб. у фразеалагізмах: «языком малоць», «зубы на сонцы грэць», «ветрам падшыты» і інш. Вядома ў бел. вусна-паэт. творчасці. У л-ры ўзбагачае маст. выразнасць тропаў, надае ім эфект эмацыянальнай нечаканасці і навізны. Гл. таксама Аксімаран.
т. 8, с. 174
КАТАЦЭНО́З (ад грэч. kata уніз + koinos агульны),
заключная стадыя дыгрэсіі біятычнага згуртавання, пасля якой настае яго поўнае знікненне (напр., пасля працяглага затаплення, засалення і інш.). Для К. характэрна малая колькасць відаў, што захаваліся ў пэўным згуртаванні, і дэградацыя біятычнага асяроддзя (напр., дэградацыя пашы пры парушэннях пашазвароту, якія могуць прывесці да яе поўнага знішчэння).
т. 8, с. 174
КАТАШО́К,
бакакветнае (батрычнае), коласападобнае паніклае суквецце. Складаецца з вял. колькасці аднаполых кветак і ападае цалкам пасля цвіцення (тычынкавы К.) ці паспявання пладоў (песцікавы К.). Да К. адносяцца суквецці бярозы, вярбы, таполі, мужчынскія суквецці алешніку, дуба, грэцкага арэха, каштана і інш. драўнінных ветраапыляльных раслін. У вярбы, таполі К. — просты колас, у алешніку, бярозы і інш. — колас з дыхазіяў (складанае суквецце).
т. 8, с. 174
КА́ТКА,
вёска ў Глускім р-не Магілёўскай вобл., каля аўтадарогі Глуск—Акцябрскі. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 22 км на Пд ад г. п. Глуск, 192 км ад Магілёва, 12 км ад чыг. ст. Акцябрскі. 629 ж., 222 двары (1998). Лясніцтва. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.
т. 8, с. 174
КА́ТКАЎСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1942,
баі партызанскіх атрадаў М.П.Бумажкова, А.П.Пакуша, У.Ц.Шантыра, Р.І.Краўца, М.Б.Храпко супраць ням.-фаш. захопнікаў у Глускім і Акцябрскім р-нах у жн. 1942 у Вял. Айч. вайну. Аперацыя праведзена паводле рашэння штаба партыз. злучэння Мінскай і Палескай абл. з мэтай разграміць варожы гарнізон у в. Катка, які прыкрываў дарогу на Глуск, рабаваў і знішчаў жыхароў суседніх вёсак. Кіраваў аперацыяй нам. камандзіра партыз. злучэння М.П.Канстанцінаў. 9 жн. 300 варожых салдат з 2 гарматамі выйшлі з в. Катка ў в. Харомцы; раніцай 10 жн. атрады Бумажкова, Пакуша, Краўца і Шантыра раптоўным ударам выбілі праціўніка з в. Харомцы. Потым разам з атрадам Храпко пераправіліся цераз р. Пціч і ў баях з 19 да 22 жн. разбілі гарнізоны ў в. Халопенічы, Слабодка, Бярозаўка, авалодалі в. Катка. Вёску Харомцы партызаны ўтрымлівалі да снеж. 1943.
т. 8, с. 174