КАТАСТРО́ФА экалагічная,
поўнае парушэнне экалагічнай раўнавагі ў прыродных жывых сістэмах. Узнікаюць ад прамога ці ўскоснага ўздзеяння прыродных фактараў або чалавека. Бываюць глабальныя, лакальныя, агульныя, частковыя.
Прыродныя фактары ўздзеяння, якія могуць абумоўліваць К. рознага маштабу: астр. (змены сонечнага выпрамянення, скорасці вярчэння Зямлі, нахілу яе восі да плоскасці арбіты), геафіз. (рухомасць мацерыкоў, гораўтварэнне, вулканізм, абледзяненні), метэаралагічныя (змены саставу і т-ры атмасферы, працяглыя засухі і паводкі, ураганы). Прыклады глабальных К.: змены клімату ў канцы каменнавугальнага перыяду палеазою (каля 290 млн. г. назад), што прывяло да вымірання гіганцкіх папарацепадобных і знікнення трапічных лясоў у высокіх шыротах (архіпелаг Зямля Франца-Іосіфа, а-вы Грэнландыя, Шпіцберген), і ў мезазойскую эру (каля 230—70 млн. г. назад), калі пры пераразмеркаванні сушы і мора («альпійская» стадыя гораўтварэння) голанасенныя расліны змяніліся пакрытанасеннымі, вымерлі дыназаўры. Прыклад К. меншага маштабу — абледзяненні антрапагеннага перыяду ў кайназоі (каля 2 млн. г. назад). Да К. можа прывесці і дзейнасць чалавека (узнікненне ў старажытнасці пустынь у Міжземнамор’і і Б. Усходзе ў выніку знішчэння лясоў). Прыклад лакальнай К. — вывяржэнне вулкана Кракатау (1883), у выніку якога загінулі мясц. флора, фауна і 36,5 тыс. чалавек. Антрапагенныя К. — выпрабаванні атамнай зброі, высыханне Аральскага м. і інш.
На Беларусі да глабальнай адносяць К. на Чарнобыльскай АЭС (1986). Лакальныя К. — нерацыянальная меліярацыя ў асобных раёнах, засаленне тэрыторыі вакол Салігорскага калійнага камбіната, забруджванне рэк і азёр.
Э.Р.Самусенка.
т. 8, с. 174
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)