Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АБРА́МЕНКА Дзмітрый Кузьміч

(22.7.1910, в. Філіпкава Віцебскага р-на — 28.1.1981),

поўны кавалер ордэна Славы. У Вял. Айч. вайну камандзір гарматы ст. сяржант Абраменка вызначыўся ў баях пры вызваленні Севастопаля, Шаўляя, каля г. Пройсіш-Эйлаў (Усх. Прусія).

т. 1, с. 37

АБРА́МЕНКА Тамара Мікалаеўна

(н. 26.11.1938, г. Смалявічы),

бел. вучоны ў галіне цеплафізікі і малекулярнай фізікі. Д-р тэхн. н. (1987), праф. (1994). Скончыла Мінскі пед. ін-т (1960). З 1960 у Ін-це цепла- і масаабмену імя А.В.Лыкава, з 1980 у Ін-це прыкладной фізікі АН Беларусі. Навук. працы па тэрмадынаміцы працэсаў пераносу энергіі, цеплафіз. уласцівасцях газаў і іх сумесяў.

Тв.:

Термическая диффузия в газах. Мн., 1982 (разам з А.Ф.Залатухінай, Я.А.Шашковым);

Нелинейные эффекты в высокотемпературных газах // Обзоры по теплофизическим свойствам вещества. М., 1992.

т. 1, с. 37

АБРА́МІС Іосіф Самуілавіч

(29.10.1918, Мінск — 29.9.1984),

бел. дырыжор. Засл. дз. маст. Беларусі (1964). Скончыў Бел. кансерваторыю па класах валторны (1941) і оперна-сімф. дырыжыравання (1950). З 1936 у Дзярж. т-ры оперы і балета, у 1979 — 82 гал. дырыжор Дзярж. т-ра муз. камедыі Беларусі. Пад яго кіраўніцтвам пастаўлены: нац. оперы «Марынка» Р.Пукста і «Калі ападае лісце» Ю.Семянякі, аперэта «Несцерка» Р.Суруса, класічныя оперы «Баль-маскарад» і «Атэла» Дж.Вердзі, «Князь Ігар» А.Барадзіна, балеты «Спячая прыгажуня» П.Чайкоўскага, «Спартак» А.Хачатурана, «Жызэль» А.Адана, аперэта «Лятучая мыш» І.Штрауса і інш.

т. 1, с. 37

АБРАМО́ВІЧ Аляксандр Міхайлавіч

(н. 10.4.1944, в. Забалацце Нясвіжскага р-на Мінскай вобл.),

правазнавец, дзярж. дзеяч Беларусі. Д-р юрыд. н. (1986), праф. (1990). Скончыў БДУ (1973). Працаваў у Ін-це філасофіі і права АН Беларусі. З 1988 заг. кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права БДУ. У 1991—92 чл. К-та канстытуцыйнага нагляду СССР. З 1992 старшыня Цэнтр. камісіі па выбарах нар. дэпутатаў Рэспублікі Беларусь (з 1994 — па выбарах і правядзенні рэсп. рэферэндумаў). Працы па праблемах дзярж. буд-ва і заканадаўства, узаемаадносін цэнтр. і мясц. органаў кіравання.

т. 1, с. 37

АБРАМО́ВІЧ Антон Іванавіч

(1811?, Віцебскі пав. — пасля 1854),

бел. кампазітар. Пасля 1832 жыў у Пецярбургу. Быў вядомы як піяніст-выканаўца і педагог, склаў школу ігры на фп. Адзін з першых пачаў ствараць нац.-характэрныя творы, у аснове якіх мелодыі бел. нар. песень і танцаў: праграмная 8-часткавая паэма «Беларускае вяселле», п’есы «Беларускія мелодыі», «Зачараваная дуда» для фп., песні «Дзеванька» і «Гарэліца» на словы Я.Баршчэўскага і інш.

Літ.:

Мальдзіс А.І. Падарожжа ў XIX стагоддзе. Мн., 1969;

Кісялёў Г. Радок у энцыклапедыю // Кісялёў Г. Героі і музы. Мн., 1982.

т. 1, с. 37

АБРАМО́ВІЧ Зігмунт Іосіфавіч

(па сцэне Антон Забель; 25.6.1892, Масква — 20.3.1988),

бел. акцёр. У 1909—10 удзельнік Гродзенскага гуртка бел. моладзі. У 1911 адзін з вядучых акцёраў Першай беларускай трупы Ігната Буйніцкага. Выконваў камедыйныя і характарныя ролі: Пранцішак («Модны шляхцюк» К.Каганца), Бондар («У зімовы вечар» паводле Э.Ажэшкі), Скакунец («Пашыліся ў дурні» М.Крапіўніцкага) і інш. З 1919 жыў у Польшчы. Аўтар успамінаў пра Буйніцкага і бел. тэатр «Няходжанымі сцежкамі» (1971).

Літ.:

Няфёд У.І. Беларускі тэатр: Нарыс гісторыі. Мн., 1959. С. 98—101;

Сабалеўскі А.В. [Уступ да артыкула «Няходжанымі сцежкамі»] // Полымя. 1971. № 4.

У.І.Няфёд.

т. 1, с. 37

АБРАМО́ВІЧ Людвік Кароль

(5.7.1879, Масква — 9.3.1939),

польскі гісторык, грамадскі дзеяч, журналіст, выдавец. Скончыў Ягелонскі ун-т у Кракаве. З 1905 у Вільні. З 1906 супрацоўнік газ. «Gazeta Wileńska» («Віленская газета»), «Kurier Wileński» («Віленскі веснік»). У 1911—38 рэдагаваў і выдаваў газ. «Przegląd Wileński» («Віленскі агляд»), дзе часта публікаваліся бел. аўтары, пісалася пра нац.-вызв. рух на Беларусі. У 1925—39 старшыня Навук. к-та садзейнічання б-цы Урублеўскіх (цяпер Цэнтр. б-ка АН Літвы). Быў звязаны з бел. грамадска-культ. жыццём у Вільні. У кн. «Чатыры стагоддзі кнігадрукавання ў Вільні, 1525—1925» (Вільня, 1925) пісаў пра дзейнасць Ф.Скарыны і яго паслядоўнікаў.

А.В.Мальдзіс.

т. 1, с. 38

АБРАМО́ВІЧ Марыян Станіслаў

(25.3.1871, г. Цвер — 7.1.1925),

удзельнік рэв. руху, дзеяч культуры Польшчы і Беларусі. У час вучобы ў Маскоўскім ун-це ўзначальваў гурток сацыяліст. кірунку ў маскоўскім польскім коле. У 1892 выдаў у Тыльзіце (Усх. Прусія) бел. агіт. брашуру «Дзядзька Антон», за што арыштаваны, прыгавораны да 3 гадоў турмы і 6 гадоў ссылкі, пасля якой жыў у Пецярбургу, узначальваў рабочую друкарню «Праца». У рэвалюцыю 1905—07 забяспечваў сувязь паміж Польскай сацыяліст. партыяй і рас. рэв. партыямі. З 1908 у Варшаве. З 1918 займаўся архіўнай і бібліятэчнай справай.

Літ.:

Скалабан В. Працяг гісторыі з «Дзядзькам Антонам» // Полымя. 1988. № 2.

т. 1, с. 38

АБРАМО́ВІЧ Франц Вікенцьевіч

(1864, в. Клесель Рэчыцкага пав. — 10.6.1933),

бел. хірург. Д-р медыцыны (1900). Скончыў Ваенна-мед. акадэмію ў Пецярбургу (1889). З 1914 урач у бальніцах Гомеля, Мазыра. Працы па даследаванні хвароб органаў брушной поласці, па клінічнай хірургіі і арганізацыі хірург. дапамогі.

т. 1, с. 38

АБРАМО́ВІЧ Эміль Абрамавіч

(ліп. 1864, Гродна — 4.4.1922),

адзін з першых прапагандыстаў марксізму на Беларусі. Скончыў Гродзенскую гімназію (1882), вучыўся на мед. ф-тах Парыжскага (1882—84) і Дэрпцкага (Тартускага, 1884—88) ун-таў. У 1884 арганізаваў у Мінску гурток друкарскіх рабочых с.-д. кірунку. У 1886—87 вёў прапаганду ў Вільні, меў сувязі з народнікамі. У 1889 стварыў с.-д. гурток у Кіеве, дзе арыштаваны і высланы ў Сібір. У 1896 у Мінску, неўзабаве выехаў на Ленскія прыіскі. У 1912 за артыкул для «Правды» пра Ленскі расстрэл сасланы ў Табольскую губ. У 1914—15 служыў урачом у арміі. З 1917 працаваў у Саратаве.

М.В.Біч, Ф.І.Ігнатовіч.

т. 1, с. 38