Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БЁРБЕДЖ

(Burbage) Рычард (каля 1567, Шодыч, цяпер у межах Лондана — 13.3.1619),

англійскі акцёр. Буйнейшы прадстаўнік т-ра эпохі Адраджэння. Сябар У.Шэкспіра, які напісаў для яго ролі Рычарда III, Гамлета, Атэла, Ліра, Макбета і інш. Уваходзіў у склад трупы «Слугі лорда-камергера». Валодаў здольнасцю сцэн. пераўвасаблення, багатай мімікай і жэстам. Быў таксама выдатным жывапісцам.

т. 3, с. 136

БЁРДА,

вёска ў Беларусі, у Клічаўскім пасялковым Савеце Клічаўскага р-на Магілёўскай вобл. Цэнтр калгаса «Зарэчны». За 10 км на Пд ад Клічава, 100 км ад Магілёва, 17 км ад чыг. ст. Нясета. 221 ж., 88 двароў (1995). Базавая школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі.

т. 3, с. 136

БЁРДА,

адно з асноўных рабочых прыстасаванняў ткацкага станка. Мае выгляд грэбеня з вузкімі метал. пласцінкамі, замацаванымі ў драўляных або металічных планках. Служыць для раўнамернага размеркавання ніткі асновы, якая праходзіць паміж пласцінкамі па шырыні тканіны.

т. 3, с. 136

БЁРДЖЭС

(Burgess) Энтані [сапр. Бёрджэс Уілсан (Burgess Wilson) Джон; 25.2.1917, г. Манчэстэр, Вялікабрытанія — 25.11.1993], англійскі пісьменнік. Аўтар каля 30 раманаў. Найб. значныя — «Права на адказ», «Доктар хворы» (абодва 1960),

«Семя канчаецца» (1962), «На зоркі не падобныя» (1964), «Трапятанне намеру» (1966), «Напалеонаўская сімфонія» (1974), а таксама «Завадны апельсін» (1962; аднайм. фільм С.Кубрыка, 1971) і «1985» (1978), створаныя ў жанры антыутопіі. Асн. ўвагу Бёрджэса прыцягвалі праблемы дабра і зла, выбару і адказнасці, свабоды і гвалту, пратэсту і канфармізму, асобы і грамадства, злачынства і выпраўлення, суадносін біялагічнага і свядомага ў чалавеку. Даследаваў творчасць У.Шэкспіра, Дж.Джойса, Э.Хемінгуэя і інш. Пісаў лінгвістычныя працы, кн. для дзяцей, эсэ, сцэнарыі тэлесерыялаў. Аўтар шматлікіх муз. сачыненняў, у т. л. сімфанічных.

Тв.:

Рус. пер. — Заводной апельсин;

Вожделеющее семя;

Трепет намерения: Романы. Л., 1993.

Літ.:

Дорошевич А. Энтони Бёрджэсс: Цена свободы // Иностр. лит. 1991. № 12.

Е.А.Лявонава.

т. 3, с. 136

БЁРДСЛІ,

Бердслей (Beardsley) Обры Вінсент (24.8.1872, г. Брайтан, Вялікабрытанія — 16.3.1898), англійскі мастак-ілюстратар. Вучыўся ў Вестмінстэрскай маст. школе (1891). Зазнаў уплыў Э.Бёрн-Джонса, звяртаўся да прыёмаў яп. гравюры. Развіваў сімвалічныя тэндэнцыі мастацтва позніх прэрафаэлітаў. Шматлікія малюнкі Бёрдслі (іл. да час. «Жоўтая кніга», які ён выдаваў у 1894—95, і «Савой», 1896, да «Саламеі» О.Уайльда, 1894), адметныя вытанчанасцю і дэкар. элегантнасцю вобразаў, віртуознай гульнёй тонкіх ліній і сілуэтаў, адыгралі важную ролю ў фарміраванні графікі стылю «мадэрн».

т. 3, с. 136

БЁРК

(Burke) Роберт О’Хара (1821, Сент-Клеранс, графства Голуэй, Ірландыя — 28.6.1861),

англійскі даследчык Аўстраліі. У 1860 узначаліў экспедыцыю па пошуку трасы для трансаўстралійскага тэлеграфа. Накіраваўся з Мельбурна на Пн і дасягнуў вусця р. Фліндэрс на беразе зал. Карпентарыя, упершыню перасек аўстралійскі мацярык у мерыдыянальным напрамку. Загінуў на зваротным шляху. Імем Бёрка названа адкрытая ім рака.

т. 3, с. 136

БЁРК

(Burke) Эдмунд (12.1.1729, Дублін — 9.7.1797),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Вялікабрытаніі, публіцыст, філосаф. Першапачаткова адзін з лідэраў вігаў, пасля 1788 наблізіўся да торы. Выступаў супраць узмацнення каралеўскай улады, за больш актыўную ролю парламента і паліт. партый. У час вайны за незалежнасць у Паўд. Амерыцы (1775—83) быў прыхільнікам кампрамісу з паўстанцамі, патрабаваў ліквідаваць рабаўладальніцтва. У працы «Роздум аб Французскай рэвалюцыі» (1790) з кансерватыўных пазіцый абвяргаў ідэі рэвалюцыі і Асветніцтва. Стваральнік ідэалогіі кансерватызму. Асуджаў тэорыю і практыку грамадскіх пераваротаў, ідэям франц. рэвалюцыі проціпастаўляў канцэпцыю нацыі як «саюза пакаленняў» — арган. цэласнасці, сфарміраванай у ходзе гіст. працэсу. У эстэтыцы развіваў паняцце аб прыгожым, разумеючы яго як аб’ектыўную ўласцівасць прадметаў.

т. 3, с. 136

Б’ЁРКНЕС

(Bjerknes) Якаб (2.11.1897, Стакгольм — 7.7.1975),

нарвежскі метэаролаг. З 1931 праф. ін-та геафізікі ў Бергене (Нарвегія), э 1940 праф. ун-та ў Каліфорніі. Разам з бацькам (Вільгельмам Б’ёрнесам) сфармуляваў тэорыю цыклонаў, на якой базіруецца сучаснае прагназаванне надвор’я. Аўтар прац па дынамічнай і сінаптычнай метэаралогіі.

т. 3, с. 136

Б’ЁРКСКІ ДАГАВО́Р,

паміж Расіяй і Германіяй, падпісаны 24.7.1905 Мікалаем II і Вільгельмам II (па ініцыятыве апошняга) на царскай яхце каля в-ва Б’ёркё ў Балтыйскім м. (каля Выбарга). Прадугледжваў узаемную дапамогу бакоў у выпадку нападу на адзін з іх 3-й дзяржавы, супярэчыў існуючым рас.-франц. адносінам і ваен. пагадненням. Сілы не набыў. Рашучае пярэчанне супраць Б’ёркскага дагавора старшыні кабінета міністраў С.Ю.Вітэ і міністра замежных спраў У.М.Ламздарфа вымусіла Мікалая II у ліст. 1905 пайсці на фактычнае скасаванне Б’ёркскага дагавора, што канчаткова аформлена ў жн. 1907.

т. 3, с. 136

Б’ЁРЛІНГ

(Björling) Юхан Юнатан (Юсі; 2.2.1911, Стура-Туна, лен Копарберг, Швецыя — 9.9.1960),

шведскі спявак (лірыка-драм. тэнар); адзін з буйнейшых спевакоў 20 ст., прадстаўнік бельканта. Вучыўся ў бацькі — Давіда Б’ёрлінга (тэнар), у кансерваторыі (1928—30) і Каралеўскай опернай школе (1930—31) у Стакгольме. У 1930—38 саліст Шведскай каралеўскай оперы, з 1938 спяваў у т-ры «Метраполітэн-опера» і інш. т-рах Амерыкі і Еўропы. Сярод партый: Фларэстан («Фідэліо» Л.Бетховена), Герцаг, Альфрэд («Рыгалета», «Травіята» Дж.Вердзі), Каніо («Паяцы» Р.Леанкавала), Каварадосі («Тоска» Дж.Пучыні), Ленскі («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Матс («Нявеста» Т.Рангстрэма), Марцін Скарп («Фаналь» К.Атэрберга). Выконваў швед. нар. песні і сольныя партыі ў араторыях пад кіраўніцтвам А.Тасканіні.

т. 3, с. 136