БЁРК

(Burke) Эдмунд (12.1.1729, Дублін — 9.7.1797),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Вялікабрытаніі, публіцыст, філосаф. Першапачаткова адзін з лідэраў вігаў, пасля 1788 наблізіўся да торы. Выступаў супраць узмацнення каралеўскай улады, за больш актыўную ролю парламента і паліт. партый. У час вайны за незалежнасць у Паўд. Амерыцы (1775—83) быў прыхільнікам кампрамісу з паўстанцамі, патрабаваў ліквідаваць рабаўладальніцтва. У працы «Роздум аб Французскай рэвалюцыі» (1790) з кансерватыўных пазіцый абвяргаў ідэі рэвалюцыі і Асветніцтва. Стваральнік ідэалогіі кансерватызму. Асуджаў тэорыю і практыку грамадскіх пераваротаў, ідэям франц. рэвалюцыі проціпастаўляў канцэпцыю нацыі як «саюза пакаленняў» — арган. цэласнасці, сфарміраванай у ходзе гіст. працэсу. У эстэтыцы развіваў паняцце аб прыгожым, разумеючы яго як аб’ектыўную ўласцівасць прадметаў.

т. 3, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)