Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КАРДЫЯЛО́ГІЯ (ад кардыя... + ...логія),

раздзел медыцыны, які вывучае сардэчна-сасудзістую сістэму чалавека, яе хваробы, іх прафілактыку, дыягностыку і лячэнне.

Асобныя звесткі пра будову сардэчна-сасудзістай сістэмы чалавека вядомы са старажытнасці. Схему кровазвароту распрацаваў рымскі ўрач К.​Гален (2 ст.), якая толькі ў 1628 была абвергнута англ. вучоным У.Гарвеем. У 17—19 ст. апісаны каранарны кровазварот, асобныя заганы сэрца, грудная жаба. У 19 ст. ўклад у даследаванне сардэчна-сасудзістай сістэмы зрабілі чэш. фізіёлаг Я.​Пуркіне, ням. ўрач В.​Гіс, англ. вучоныя А.​Кіс і М.​Флэк; у Расіі — І.​М.​Сечанаў, І.​Ф.​Цыён, А.​Б.​Фохт, І.​П.​Паўлаў, В.​Я.​Данілеўскі, Л.​А.​Арбелі, К.​М.​Быкаў і інш. У самаст. раздзел унутр. хвароб К. вылучылася ў пач. 20 ст.

На Беларусі станаўленне К. адносіцца да 1977, калі створаны Бел. НДІ кардыялогіі. Навук. працы вядуцца таксама ў Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў, мед. ін-тах. Уклад у і развіццё К. зрабілі Г.​І.​Сідарэнка, У.​В.​Гарбачоў, М.​Ф.​Волкаў, Я.​Б.​Бардзін, А.​Г.​Даўгяла і інш. Вывучаюцца пытанні эпідэміялогіі сардэчна-сасудзістых захворванняў. Распрацаваны эфектыўныя метады прафілактыкі, лячэння і рэабілітацыі хворых на гіпертанічную хваробу і ішэмічную хваробу сэрца, новыя віды аперацый на сэрцы і сасудах, створаны штучны клапан сэрца, прэпараты з кардыялагічным дзеяннем. Дапамога хворым аказваецца ў Мінскім і абл. кардыялагічных дыспансерах, кабінетах і стацыянарах, аддзяленнях рэабілітацыі ў санаторыях.

М.​Ф.​Сарока.

т. 8, с. 68

КАРДЫЯСКЛЕРО́З (ад кардыя... + ...склероз),

міякардыясклероз, разрастанне злучальнай тканкі ў мышцы сэрца. Найчасцей бывае як вынік хранічнага ці вострага захворвання сэрца (інфаркт міякарда, міякардыт, кардыяміяпатыя, на фоне ішэмічнай хваробы сэрца). Першасны К. бывае рэдка. Постінфарктны К. — вынік некрозу ўчастка міякарда, велічыня яго адпавядае памерам інфаркту міякарда, рубцовыя палі не могуць скарачацца. К. без ачаговых некратычных змен развіваецца на фоне ішэмічнай хваробы сэрца. Міякардытычны К. — вынік міякардыту віруснага, бактэрыяльнага ці алергічнага генезу. Пры К. павялічваюцца памеры сэрца, развіваюцца сімптомы недастатковасці сардэчнага кровазвароту (задышка, тахікардыя, ацёкі, павелічэнне памераў печані, застоі крыві ў сасудах, лёгкіх і інш.). Лячэнне тэрапеўтычнае.

М.​Ф.​Сарока.

т. 8, с. 69

КАРДЫЯСПА́ЗМА (ад грэч. kardia, тут — уваход у страўнік + ...спазмаў хвароба. якая праяўляецца спазмай стрававода ў месцы пераходу яго ў страўнік. Асн. прыкмета — загрудзінны боль, пачуццё распірання. У пачатку хваробы — цяжкасць пры глытанні (дысфагія), іншы раз першых порцый ежы, асабліва халоднай. У большасці хворых лепш праходзіць цёплая вадкая ежа, у некаторых — цвёрдая. Непрыемныя адчуванні ўзмацняюцца пры хуткай ядзе. Боль бывае і пры пустым страваводзе. Пры зрыгванні застаялыя ў страваводзе масы (сліна, рэшткі ежы, слізь) могуць зацякаць у дыхальныя шляхі і выклікаць аспірацыйныя запаленні, абсцэсы лёгкіх і інш. Лячэнне: дыетатэрапія, спазмалітыкі, хірургічнае.

М.​Ф.​Сарока.

т. 8, с. 69

КАРДЭБАЛЕ́Т (франц. corps de ballet),

ансамбль танцоўшчыц і танцоўшчыкаў, якія выконваюць групавыя і масавыя танцы ў балеце, оперы, аперэце. Можа выкарыстоўвацца самастойна, у масавых танцах, у спалучэнні з ансамблем і салістамі. Служыць эмацыянальным «акампанементам» танцу саліста. Часта танец саліста і К. звязвае ансамбль карыфеяў, які перадае рухі ад саліста да К. і наадварот. У балетах 19 ст. асн. ролю адыгрываў жаночы К. У 20 ст. з развіццём мужчынскага танца павялічылася вобразнае значэнне мужчынскага К. Шырока выкарыстоўваецца на эстрадзе.

т. 8, с. 69

КАРДЭГА́РДА (ад франц. cois de garde каравульнае памяшканне),

збудаванні ў гарадах і замках 16—18 ст. для размяшчэння варты. Будавалі з цэглы, каменю, дрэва, у тэхніцы «прускага муру». Аб’ядноўвалі К. з брамамі, астрогамі, мытняй. Часам існавала як асобнае памяшканне. Унутры былі жылыя памяшканні для салдат, у вял. К. — афіцэрскі пакой. На Беларусі вядомы К. ў гарадах Нясвіж, Пінск, Слуцк, Чачэрск, Давыд-Гарадок, Копысь (Аршанскі р-н), г.п. Мір (Карэліцкі р-н) і інш.

С.​А.​Сергачоў.

т. 8, с. 69

КАРДЭГА́РДЫЯ,

1) у 17 ст. ўсе каравулы, якія выстаўлялі ў крэпасці, ваен. лагеры ці інш. месцы размяшчэння войск, пазней памяшканне для каравула і ўтрымання арыштаваных пад вартай.

2) У канцы 19 ст. пабудова казематнага тыпу каля варот крэпасці або ўваходаў у асобныя часткі ўмацавання, звычайна абсталяваныя байніцамі.

т. 8, с. 69

КА́РДЭНАС, Кардэнас-і-Дэль-Рыо; (Cárdenas у de Rio) Ласара (21.5.1895, г. Хікільпан, штат Мічаакан, Мексіка — 19.10.1970), ваенны, дзярж. і паліт. дзеяч Мексікі. Дывізійны генерал (1928). Удзельнік Мексіканскай рэвалюцыі 1910—17. У 1928—32 губернатар штата Мічаакан, з 1931 міністр унутр. спраў, з 1933 ваен. міністр. У 1934—40 прэзідэнт Мексікі. Яго ўрад нацыяналізаваў уласнасць амер. і англа-галандскіх нафтавых кампаній, чыгункі, што належалі англа-амер. трэстам, праводзіў агр. рэформу. У 1943—45 міністр нац. абароны. З 1949 актыўны ўдзельнік Руху прыхільнікаў міру, з 1950 віцэ-старшыня Сусв. Савета Міру (з 1969 ганаровы старшыня). З 1966 член т. зв. трыбунала Расела, які займаўся расследаваннем злачынстваў ЗША у В’етнаме.

т. 8, с. 69

КАР’Е́Р [франц. carrière ад позналац. quarraria (quadraria) каменяломня],

сукупнасць горных абсталяваных для здабычы вугалю, руд і нярудных карысных выкапняў адкрытым спосабам (гл. Адкрытая распрацоўка радовішчаў). Глыбіня да соцень метраў, плошча да тысяч гектараў. У вугальнай прам-сці наз. разрэзам, у гарнаруднай — рудніком, па здабычы каменю — каменяломняй. Пасля выпрацоўкі радовішчаў К. падлягаюць рэкультывацыі. На тэр. Беларусі ёсць К. па здабычы буд. матэрыялаў.

Кар’ер Мікашэвіцкага радовішча будаўнічага каменю.

т. 8, с. 69

КАР’Е́РА (ад італьян. carriera бег, жыццёвы шлях, поле дзейнасці),

высокае становішча асобы ў грамадстве, дасягнутае дзейнасцю ў якой-н. галіне; вядомасць, слава, напр., бліскучая К. Род дзейнасці, прафесія, занятак, напр., К. настаўніка, артыстычная К.

т. 8, с. 69

КАР’Е́РНАЕ ПО́ЛЕ,

плошчы радовішчаў карысных выкапняў з масівам покрыўных і змяшчальных пустых парод, якія адводзяцца для адкрытай (кар’ернай) распрацоўкі. На тэр. Беларусі К. п. прызначаюцца пераважна для здабычы гліны, пяску, пясчана-жвіровага матэрыялу, карбанатнай сыравіны. Пасля выпрацоўкі кар’ераў на месцы К.п. праводзіцца рэкультывацыя зямель з мэтай вырашэння задач аховы прыроды і выкарыстання парушаных зямель у гасп. абароце.

т. 8, с. 69