КАРДЫЯЛО́ГІЯ (ад кардыя... + ...логія),

раздзел медыцыны, які вывучае сардэчна-сасудзістую сістэму чалавека, яе хваробы, іх прафілактыку, дыягностыку і лячэнне.

Асобныя звесткі пра будову сардэчна-сасудзістай сістэмы чалавека вядомы са старажытнасці. Схему кровазвароту распрацаваў рымскі ўрач К.​Гален (2 ст.), якая толькі ў 1628 была абвергнута англ. вучоным У.Гарвеем. У 17—19 ст. апісаны каранарны кровазварот, асобныя заганы сэрца, грудная жаба. У 19 ст. ўклад у даследаванне сардэчна-сасудзістай сістэмы зрабілі чэш. фізіёлаг Я.​Пуркіне, ням. ўрач В.​Гіс, англ. вучоныя А.​Кіс і М.​Флэк; у Расіі — І.​М.​Сечанаў, І.​Ф.​Цыён, А.​Б.​Фохт, І.​П.​Паўлаў, В.​Я.​Данілеўскі, Л.​А.​Арбелі, К.​М.​Быкаў і інш. У самаст. раздзел унутр. хвароб К. вылучылася ў пач. 20 ст.

На Беларусі станаўленне К. адносіцца да 1977, калі створаны Бел. НДІ кардыялогіі. Навук. працы вядуцца таксама ў Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў, мед. ін-тах. Уклад у і развіццё К. зрабілі Г.​І.​Сідарэнка, У.​В.​Гарбачоў, М.​Ф.​Волкаў, Я.​Б.​Бардзін, А.​Г.​Даўгяла і інш. Вывучаюцца пытанні эпідэміялогіі сардэчна-сасудзістых захворванняў. Распрацаваны эфектыўныя метады прафілактыкі, лячэння і рэабілітацыі хворых на гіпертанічную хваробу і ішэмічную хваробу сэрца, новыя віды аперацый на сэрцы і сасудах, створаны штучны клапан сэрца, прэпараты з кардыялагічным дзеяннем. Дапамога хворым аказваецца ў Мінскім і абл. кардыялагічных дыспансерах, кабінетах і стацыянарах, аддзяленнях рэабілітацыі ў санаторыях.

М.​Ф.​Сарока.

т. 8, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)