Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПАЎТАНКАРУ́ННЫЯ АВЕ́ЧКІ,

пароды авечак з аднароднай паўтонкай воўнай, якая складаецца з грубых пуховых, тонкіх пераходных валокнаў, ці з іх сумесі. Асн. кірункі паўтанкаруннай авечкагадоўлі: мяса-воўнавы (гемпшырская парода, латвійская цёмнагаловая парода, куйбышаўская, літоўская, паўночнакаўказская парода, оксфардшыр, ромнімарш і інш.), воўна-мясны (грузінская і цыгайская пароды). Пароды П.а. значна адрозніваюцца паміж сабой паказчыкамі прадукцыйнасці і знешнім выглядам. Воўна П.а. выкарыстоўваецца для вытв-сці высакаякасных тканін, трыкатажу; аўчына — для вырабу футра пад выдру, нутрыю, марскога коціка і інш. На Беларусі гадуюць латвійскую цёмнагаловую пароду.

А.​А.​Козыр.

т. 12, с. 235

ПАЎТАРА́К,

нізкапробная сярэбраная манета Рэчы Паспалітай у 17—18 ст. вартасцю ў 1,5 гроша. Першыя П. з’явіліся ў 1614, вырабляліся да 1627 (маса 1,58—1,20 г). Іх чаканілі і ў 1648—68 пры Яне II Казіміру (маса 1,09 г). У абарачэнні заставаліся да сярэдзіны 18 ст. П. Рэчы Паспалітай 1753—56 змянілі тып, на іх з’явілася назва «PULTORAK», яны мелі стандартныя лігатурную масу і памеры. У Рас. дзяржаве курс П. адпавядаў сярэбранай капейцы.

т. 12, с. 235

ПАЎТО́Н у музыцы,

найменшы інтэрвал 12-ступеннага тэмпераванага муз. строя; ​1/12 частка актавы. П. паміж 2 суседнімі ступенямі гукарада (мі—фа, соль—ля-бемоль, соль—фа-дыез) наз. дыятанічным (інтэрвал малая секунда), паміж асн. ступенню гукарада і яе павышэннем (рэ—рэ-дыез) ці паніжэннем (рэ—рэ-бемоль) — храматычным (інтэрвал павялічаная ці паменшаная прыма). Усе паўтонавыя інтэрвалы энгарманічна роўныя. Гл. таксама Дыятоніка, Лад, Тэмперацыя, Храматызм, Энгарманізм.

Т.​А.​Дубкова.

т. 12, с. 235

ПАЎУСТА́Ў,

тып пісьма кірыліцы. Выпрацаваўся ў выніку паскарэння працэсу пісання на аснове ўстава і адрозніваўся ад яго меншай геаметрычнасцю пісьма, драбнейшымі літарамі і значна большай колькасцю скарачэнняў. Ужываўся ў паўд.-слав. (з канца 13 ст.) і ўсх.-слав. (з канца 14 ст.) пісьменнасці на пергаменце і паперы. У старабел. пісьменнасці, як і ў інш. усходнеслав. меў 2 разнавіднасці — старэйшы і малодшы. Старэйшы П., блізкі да ўстава, ужываўся ў справаводстве, граматах канца 14—1-й пал. 15 ст. Малодшы П. паралельна са скорапісам выкарыстоўваўся пераважна ў кнігах рэліг. і свецкага зместу 2-й пал. 15—16 ст., зрэдку 17 ст. («Чэцця» 1489, перакладныя аповесці «Александрыя», «Аповесць пра трох каралёў» 15 ст., Нікіфараўскі, Акадэмічны, Віленскі, Супрасльскі летапісы 15 — пач. 16 ст., «Гісторыя пра Трою», «Псалтыр», «Арыстоцелева брама» 16 ст., «Хранограф» 17 ст. і інш.). У параўнанні са старэйшым П. у малодшым П. словы пісаліся асобна (акрамя прыназоўнікаў і злучнікаў, літары мелі больш скарапісных элементаў, пашырылася напісанне слоў ці іх частак над радком, пачала выкарыстоўвацца вязь. Шырока ўжываліся надрадковыя знакі, сталі больш разнастайнымі знакі прыпынку. П. паслужыў узорам для шрыфтоў у выданнях Ф.​Скарыны, С.​Буднага, В.​Цяпінскага.

Літ.:

Карский Е.Ф. Славянская кирилловская палеография. М., 1979.

А.​М.​Булыка.

Паўустаў. Фрагмент граматы рыжскіх ратманаў да палачан. 1405.

т. 12, с. 236

ПАЎФАБРЫКА́Т,

выраб, прадукт працы, які патрабуе наступнай дадатковай або канчатковай дапрацоўкі для пераўтварэння ў гатовы выраб, а таксама гатовая прадукцыя аднаго прадпрыемства, якая можа выкарыстоўвацца як элемент гатовай прадукцыі іншага.

т. 12, с. 236

ПАЎХО́РДАВЫЯ (Hemichordata),

тып беспазваночных жывёл з групы другаснаротых. Вядомы з кембрыю (каля 550 млн. г. назад). 3 класы: выкапнёвыя грапталіты (паводле інш. класіфікацый падтып), сучасныя кішачнадыхальныя і перыстажабравыя; каля 95 сучасных відаў. Пашыраны ва ўсіх акіянах, жывуць на дне. Рухомыя і прымацаваныя, адзіночныя і каланіяльныя формы.

Даўж. ад 0,2 мм да 2,5 м. Цела двухбакова-сім., складаецца з 3 аддзелаў хабатка (або галаўнога шчытка), каўнерыка і тулава. У кожным аддзеле ёсць асобная цэламічная поласць. Маюць хордападобны орган (натахорд, або стамахорд), які выконвае апорную функцыю. Кормяцца дэтрытам, дробнымі прыдоннымі і доннымі арганізмамі. Раздзельнаполыя і гермафрадыты, некат. могуць размнажацца пачкаваннем.

т. 12, с. 236

ПАЎЦВЕРДАКРЫ́ЛЫЯ,

атрад насякомых, гл. Клапы.

т. 12, с. 236

ПАЎЦЕ́НЬ у жывапісе і графіцы,

адзін са сродкаў мадэліроўкі аб’ёмнай формы, які ахоплівае святлоценявыя градацыі сярэдняй моцы, што адпавядаюць пераходу ад асветленых частак прадмета да зацененых; адзін з асн. элементаў святлаценю.

т. 12, с. 236

ПАЎША́Р’І ЗЯМНЫ́Я,

дзве палавіны сферычнай паверхні Зямлі, што падзяляюцца па прыкметах: па экватары — на Паўн. і Паўд. паўшар’і; па мерыдыянах 160° усх. д. і 20° зах. д. — на Зах. і Усх.; па плошчы, укрытай акіянамі і занятай сушай, — на Акіянічнае паўшар’е і Мацерыковае паўшар’е.

Паўшар’і зямныя. 1. Акіянічнае паўшар’е. 2. Мацерыковае паўшар’е.

т. 12, с. 236

ПА́ЎЭЛ, Поўэл (Powell) Сесіл Франк (5.12.1903, г. Тонбрыдж, Вялікабрытанія — 9.8.1969), англійскі фізік, стваральнік навук. школы англ. фізікаў. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1949). Замежны чл. АН СССР (1958). Скончыў Кембрыджскі ун-т (1925), працаваў у Кавендышскай лабараторыі. З 1928 у Брыстольскім ун-це (з 1948 праф.). У 1952—61 дырэктар Еўрап. экспедыцыі па даследаванні касм. прамянёў у высокіх слаях атмасферы. Навук. працы па ядз. фізіцы, фізіцы элементарных часціц і касм. прамянёў. Распрацаваў фатагр. метад даследавання ядз. працэсаў (метад ядз. фатагр. эмульсій). Адкрыў π-мезоны ў касм. прамянях (1947, разам з супрацоўнікамі). Нобелеўская прэмія 1950. Залаты медаль імя Ламаносава АН СССР 1968.

Тв.:

Рус. пер. — Исследование элементарных частиц фотографическим методом. М., 1962 (разам з П.​Фаўлерам, Д.​Перкінсам).

С.Ф.Паўэл.

т. 12, с. 236