Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ПАДЗЕ́МНЫЯ ЗБУДАВА́ННІ,

спецыяльна абсталяваныя збудаванні, размешчаныя ў тоўшчы зямлі. Да іх адносяцца: трансп. і гідратэхн. тунэлі; збудаванні метрапалітэна., электрастанцыі (гал. чынам гідраэлектрычныя станцыі, а таксама атамныя 4 цеплавыя); склады і халадзільнікі; аб’екты гар. гаспадаркі (пешаходныя пераходы, гаражы, калектары, трубаправоды, газаразмеркавальныя станцыі, магазіны і інш.); ёмістасці (рэзервуары) для пітной вады, газавыя сховішчы, нафтасховішчы, сховішчы для захоўвання шкодных адходаў вытв-сці; прамысл. аб’екты (напр., кампрэсарныя і помпавыя станцыі, заводы); лячэбныя аб’екты (пераважна ў саляных вырабатках); збудаванні грамадз. абароны, ваен. аб’екты. Асобную групу складаюць П.з. шахтаў (эл. падстанцыі, дэпо, станцыі водаадліву, шахтавыя ствалы, капітальныя штрэкі, штольні і інш).

П.з. неглыбокага залажэння будуюць адкрытым спосабам (у катлаванах, траншэях), метадамі апускнога калодзежа або «сцяна ў грунце» (у траншэях робяцца сцены з наступным выманнем грунту з унутр. аб’ёму). П.з. глыбокага залажэння ствараюць закрытым спосабам з выкарыстаннем буравых свідравін, горных вырабатак, горных камбайнаў, шчытоў праходчых, буравыбуховых работ і інш. Пры вядзенні падземных работ выкарыстоўваюць асушэнне, замарожванне грунтоў, хім. замацаванне, тампанаж, цэментацыю і сілікатызацыю. Гідраізаляцыя П.з. дасягаецца ўшчыльненнем або паляпшэннем хім. дабаўкамі матэрыялаў, што кладуцца ў канструкцыю, стварэннем воданепранікальных перакрыццяў.

На Беларусі П.з. з’яўляюцца Мінскі метрапалітэн, газасховішчы, аб’екты грамадз. абароны, калектары, шахты і інш.

І.І.Леановіч.

Падземныя збудаванні. Тунэль для 4-палоснага руху аўтатранспарту пад адным з каналаў Амстэрдама.

т. 11, с. 496

ПАДЗЕ́МНЫ ЛЁД,

лёд у тоўшчы мёрзлых горных парод і грунтоў у абласцях пашырэння шматгадовамёрзлых парод. Вылучаюць першасны П.л., які ўтвараецца ў працэсе прамярзання рыхлых адкладаў (лёд-цэмент) і другасны, які крышталізуецца з вады і вадзяной пары ў шчылінах (жыльны лёд), у порах і пустотах (пячорны лёд) або ўтвараецца на зямной паверхні і перакрываецца асадкавымі пародамі (пахаваны лёд).

т. 11, с. 496

ПАДЗЕ́ННЕ РАКІ́,

рознасць вышынь узроўняў вады ў 2 пунктах, размешчаных на некаторай адлегласці па даўжыні ракі. Можа вылічацца паміж вытокам і вусцем або на асобных участках. П.р. звычайна вылічаюць на 1 км рэчышча (для раўнінных рэк складае некалькі сантыметраў, для горных — некалькі метраў.

т. 11, с. 496

ПАДЗЕ́ННЕ РЭДУКАВА́НЫХ,

гл ў арт. Рэдукаваныя галосныя.

т. 11, с. 496

ПАДЗЕ́ННЕ ЦЕ́ЛА,

рух цела ў полі прыцягнення Зямлі з пачатковай скорасцю, роўнай нулю. Адбываецца пад дзеяннем сілы цяжару і сілы супраціўлення асяроддзя (паветра, вады), залежнай ад скорасці руху цела. На характар П.ц. (асабліва масіўных) аказвае ўплыў Карыяліса сіла, абумоўленая сутачным вярчэннем Зямлі. Пры П.ц. з невялікай вышыні скорасць — руху вызначаецца формулай V = 2gS , дзе g — паскарэнне свабоднага падзення, S — шлях, пройдзены целам ад пачатку руху (сіла супраціўлення паветра не ўлічваецца).

т. 11, с. 496

ПАДЗЕ́Я ў праве,

адзін з відаў факта юрыдычнага, з якім закон звязвае ўзнікненне праваадносін. Да П. адносяць натуральныя і прыродныя з’явы, што адбываюцца незалежна ад волі людзей (навадненне, землетрасенне, нараджэнне, смерць і да т.п.). Калі размова ідзе пра невалявы характар П., маецца на ўвазе не прычына, якая яе выклікала, а працэс уздзеяння П. на канкрэтныя праваадносіны.

т. 11, с. 496

ПАДЗЁНАЎ (Кузьма Платонавіч) (н. 13.9.1925, в Верхняе-Акозіна, Красначэтайскага р-на, Чувашская Рэспубліка, Расія),

бел. вучоны ў галіне аграноміі. Д-р с.-г. н. (1988). Скончыў Курганскі с.-г. ін-т (1955). У 1977—2000 у Бел. НДІ аховы раслін. Навук. працы па хім. спосабах барацьбы з пустазеллем у пасевах с.-г. культур, ахове раслін ад шкоднікаў і хвароб.

Тв.:

Применение гербицидов в сельском хозяйстве. Брянск, 1970 (разам з Б.І.Навайдарскім);

Сорные растения и меры борьбы с ними. Мн., 1987 (разам з М.І.Пратасавым, П.М.Шарснёвым);

Что надо знать о защите полевых культур. М., 1989 (разам з В.Ф.Самерсавым, В.С.Мярцалавай).

т. 11, с. 497

ПАДЗІ́МНЯЯ СЯЎБА́,

гл. ў арт. Сяўба.

т. 11, с. 497

ПАДЗІША́Х (ад стараж.-перс. уладар + перс. цар),

тытул манарха ў шэрагу краін Б. і Сярэдняга Усходу. Узнік у стараж. Іране. Тытул П. насілі правіцелі Асманскай імперыі (15 — пач. 20 ст.), Магольскай імперыі (16—19 ст.), Майсура (2-я пал. 18 ст.), Афганістана (1926—73) і інш.

т. 11, с. 497

ПАДЗО́ЛІСТА-БАЛО́ТНЫЯ ГЛЕ́БЫ,

глебы таежнай лясной зоны, што фарміруюцца сярод падзолістых глеб на Пн пад забалочанымі хвойнымі лясамі з імхова-кусцікавым наземным покрывам, на Пд пад забалочанымі мяшанымі лясамі з імхова-травяным покрывам або вільготнымі пасляляснымі лугамі (гл. Дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы). Адносяцца да паўгідраморфных глеб. На Беларусі трапляюцца лакальна ў паўн. раёнах, займаюць каля 70% усіх пераўвільготненых мінер. глеб.

т. 11, с. 497