Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КУЛЬТЫВА́ТАР,

прылада для рыхлення глебы, знішчэння пустазелля, акучвання і падкормкі раслін (гл. Культывацыя). Падзяляюцца на папарныя (для суцэльнай апрацоўкі глебы) і прапашныя (для міжрадковай апрацоўкі прапашных культур); прычапныя, навясныя і паўнавясныя.

Папарныя К. бываюць лапавыя (палявыя, садовыя, ягаднікавыя, лясныя, рыхліцелі і проціэразійныя са стральчатымі лапамі), штангавыя (з франтальна размешчанай штангай, якая пры вярчэнні вырывае пустазелле) і пласкарэзы (для апрацоўкі глебы, схільнай да ветравой эрозіі). Прапашныя К., у т. л. К.-раслінасілкавальнікі, К.-акучнікі выкарыстоўваюць для рыхлення глебы і знішчэння пустазелля ў міжрадкоўях, падкормкі раслін і іх акучвання, наразання барознаў для паліву. У залежнасці ад велічыні прасвету пад рамай (для праходу над раслінамі) бываюць для апрацоўкі пасеваў нізкасцябловых (буракоў і інш. караняплодаў) і высокасцябловых (кукурузы, бульбы, капусты і інш.) культур. Універсальныя К. прыстасаваны для суцэльнай апрацоўкі глебы і догляду за пасевамі. К. забяспечваюцца зменнымі рабочымі органамі.

На Беларусі найб. выкарыстоўваюць К. з палольнымі лапамі (аднабаковыя, стральчатыя пласкарэзныя і універсальныя), з разрыхляльнымі лапамі (долата- і коп’епадобныя), акучвальныя карпусы.

Культыватары: 1 — для суцэльнай апрацоўкі глебы; 2 — культыватар-раслінасілкавальнік-акучнік; 3 — лясны; 4 — фрэзерны.
Рабочыя органы культыватара: 1 — аднабаковая пласкарэзная лапа; 2 — коп’епадобная лапа; 3 — пласкарэзная стральчатая лапа; 4 — універсальная лапа; 5 — акучвальны корпус; 6 — ігольчасты дыск; 7 — разрыхляльная зваротная лапа з спружыновым стаяком; 8 — нож для падкормкі.

т. 9, с. 15

КУЛЬТЫВА́ЦЫЯ (ад позналац. cultivo апрацоўваю),

рыхленне (без пераварочвання) апрацаванай глебы з падразаннем пустазелля. У выніку К. паляпшаецца паветраны і водны рэжым глебы, узмацняецца дзейнасць глебавых мікраарганізмаў, забяспечваюцца лепшыя ўмовы для прарастання насення культ. раслін, іх росту і развіцця. Праводзіцца прычапнымі і навяснымі культыватарамі з рабочымі органамі розных тыпаў. Бывае суцэльнай і міжрадковай.

Л.В.Круглоў.

т. 9, с. 15

КУЛЬТЫ́ЗМ, культэранізм,

гл. Гангарызм.

т. 9, с. 16

КУ́ЛЬТ АСОБЫ,

празмернае ўзвелічэнне якога-н. дзеяча. Гнасеалагічныя карані К.а. ў культавай рэліг. сферы. Шанаванне нябожчыкаў і пакланенне ім было пашырана ў Стараж. Грэцыі, Рыме, Індыі, Кітаі, у слав. народаў, у т. л. ў беларусаў (гл. Культ продкаў). К.а. Буды, Хрыста, Магамета, надзвычайны ўплыў іх вучэнняў на людзей садзейнічалі ўзнікненню і развіццю культаў рэлігійных, адпаведных тром найбуйнейшым сусв. рэлігіям. Абагаўленне і фетышызацыя правадыроў, цароў, каралёў, імператараў былі ўласцівы гіст. перыядам рабаўладання і феадалізму. Напр., усе рымскія цэзары валодалі неабмежаванай і бескантрольнай уладай. Тэарэт. абгрунтаванне і абсалютызацыя ролі выдатных асоб у гісторыі як непадуладных аб’ектыўным законам і звычайным нормам маралі ўтрымліваецца ў навук. працах прадстаўнікоў розных школ ідэалізму (гл. Валюнтарызм, Гегельянства, Народніцтва). У аўтарытарнай асобы канцэпцыі К.а. звязваецца з масавай свядомасцю, калі чалавек па сутнасці адмаўляецца ад асабістай свабоды, незалежнасці, атаясамлівае сябе з аўтарытэтам «моцнага», харызматычнага лідэра. У СССР найб. поўна праявіўся К.а. І.В.Сталіна. На XX з’ездзе КПСС (1956), у пастанове ЦК КПСС ад 30.6.1956 «Аб пераадоленні культу асобы і яго вынікаў» адзначалася, што К.а. Сталіна, які ўзнік у складаных умовах міжнар. і ўнутр. жыцця сав. грамадства, суправаджаўся валюнтарызмам у кіраванні эканомікай і культурай, грубымі парушэннямі сацыяліст. законнасці, масавымі рэпрэсіямі. У розных гіст. умовах і ў розных формах існавалі К.а. Цэзара, Чынгісхана, Людовіка XIV, Напалеона, Мао Цзэдуна і інш. Гарантыяй недапушчэння любога К.а. і звязаных з ім негатыўных вынікаў з’яўляецца пабудова прававой дзяржавы, у якой забяспечваюцца роўныя правы і свабоды ўсіх грамадзян.

С.Ф.Дубянецкі.

т. 9, с. 10

КУЛЬТ ПРО́ДКАЎ,

шанаванне памерлых бацькоў і інш. родзічаў. Развіваўся як сямейны культ на стадыі распаду радавога ладу. Звязаны з анімістычнымі вераваннямі і ўяўленнямі аб продках як ахоўніках роду, іх нашчадкаў. У першабытныя часы ўшаноўваліся татэмныя першапродкі (гл. Татэмізм). У політэістычных рэлігіях стараж. грэкаў, рымлян, славян і некаторых інш. народаў вял. ролю меў сямейна-радавы К.п. У Кітаі ён быў пакладзены ў аснову канфуцыянства. Існавалі таксама агульнаплемянны і агульнанародны К.п. правадыроў і князёў, якія ў некаторых народаў абагаўляліся яшчэ пры жыцці і іх продкі лічыліся асабліва магутнымі (Палінэзія, Паўд. Азія, Цэнтр. Афрыка і інш.). У балцкіх плямён, што насялялі б. ч. тэр. Беларусі ў раннім жал. веку, татэмнымі першапродкамі былі, магчыма, мядзведзь і дзік. Паводле адной з легендаў, продкам беларусаў быў Бой (Бай), які пакінуў сыну Белаполю землі ў Падзвінні і Падняпроўі. Назву племяннога саюзу крывічоў часам выводзяць ад імя іх мяркуемага родапачынальніка Крыва. У «Аповесці мінулых гадоў» назва радзімічаў выводзіцца ад Радзіма, які са сваім родам прыйшоў у Пасожжа «з ляхаў». Сляды К.п. захаваліся ў бел. святкаваннях Дзядоў, Радаўніцы, у пахавальных абрадах і звычаях (памінкі), галашэннях. З К.п. звязаны і міфалагічны вобраз дамавіка як духа-ахоўніка хатняга ачага.

Літ.:

Легенды і паданні. Мн., 1983.

т. 9, с. 10

КУЛЬТ РЭЛІГІ́ЙНЫ,

сістэма абрадаў, сродкаў і дзеянняў, накіраваных на абгрунтаванне веры ў звышнатуральнае і зацверджаных у царк. канонах. Яго вытокі ў дахрысц. культах, якія ўключалі розныя праяўленні фетышызму, магіі, татэмізму і да т.п. Элементамі К.р. з’яўляюцца як простыя акты (паклоны, малітвы, пасты, стаянне на каленях і інш.), так і больш складаныя (святы, абрады, набажэнствы, культ святых і інш.). Да іх належаць таксама культавыя збудаванні (храмы, малітоўныя дамы), рэліквіі, адзенне святароў, розныя прыстасаванні для набажэнстваў і інш. Формы К.р. суадносяцца з гіст. формамі рэлігіі: культы татэмічныя, пахавальныя, родавыя, магічныя, анімістычныя (экзаркізм), астральныя, жывёльныя (зоалатрыя), прапіцыяльныя (звязаныя з шанаваннем багоў, якія нібыта кіруюць лёсам як Сусвету, так і кожнага чалавека). Развіццё і ўскладненне К.р., неабходнасць іх абгрунтавання абумовілі з’яўленне спецыфічнай рэліг. супольнасці, храмаў, іерархіі святароў, якія рэгламентавалі К.р. і манапалізавалі права здзяйсняць культавыя дзеянні. К.р. як найб. даступны элемент рэлігіі і непасрэдна набліжаны да простых вернікаў, стымулюе пачуццёва-рэліг. светаўспрыманне, і ў выніку сам ператвараецца ў самастойны аб’ект веры і шанавання як паказчык рэлігійнасці народа.

А.А.Цітавец.

т. 9, с. 10

КУЛЬЧЫ́ЦКІ (Баляслаў) (Эўстахій Баляслаў) Францавіч (2.10.1842, Аўгустоўская губ. — 12.5.1863),

адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64. Брат Л.Кульчыцкага. Вучыўся ў Брэсцкім (1850—59) і Наўгародскім (1859—61) кадэцкіх карпусах і артыл. вучылішчы ў Пецярбургу. У 1862 залічаны ў артыл. акадэмію, падпаручнік. Належаў да пецярбургскіх афіцэрскіх рэв. гурткоў. Камандаваў паўстанцкім атрадам, які фарміраваўся на мяжы Себежскага і Дрысенскага пав. (у Юхавіцкіх лясах). 6.5.1863 яго атрад быў разбіты. К. з групай паўстанцаў перайшоў у Зябецкія лясы, дзе 12.5.1863 іх акружылі ўрадавыя войскі. Паўстанцы вымушаны былі здацца. Каб пазбегнуць палону, К. застрэліўся.

Г.В.Кісялёў.

т. 9, с. 16

КУЛЬЧЫ́ЦКІ (Лявон Францавіч) (каля 1823, Аўгустоўская губ. — 17.4.1863),

адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64. Брат Б.Кульчыцкага. Служыў на тэр. Польшчы ў Кастрамскім пях. палку, выйшаў у адстаўку штабс-капітанам. Напярэдадні паўстання — нач. чыг. станцыі ў Гродне. Быў звязаны з «чырвонымі». Быў інструктарам і камандзірам стралкоў у паўстанцкім атрадзе, які дзейнічаў у літоўскім Занямонні (паўн. частка Аўгустоўскай губ.). 9 4.1863 цяжка паранены ў баі пад Сапяжышкамі (у літ. крыніцах — Лякечай) у Марыямпальскім пав., узяты ў палон, памёр у шпіталі ў Коўне.

Г.В.Кісялёў.

т. 9, с. 16

КУЛЬЧЫ́ЦКІ (Уладзімір Адамавіч) (н. 6.3.1948, ст. Даурыя Борзінскага р-на Чыцінскай вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне фізіялогіі. Д-р мед. н. (1989). Скончыў Куйбышаўскі мед. ін-т (1972). З 1989 у Ін-це фізіялогіі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па вывучэнні рэтыкулярнай фармацыі ствала галаўнога мозга, механізмах фарміравання ноцыцэптыўных рэфлексаў.

Те.: Центральная регуляция органной гемодинамики. СПб., 1992 (разам з Б.І.Ткачэнкам, АА.Вішнеўскім); Функции вентральных отделов продолговатого мозга. Мн., 1993; Нейрофизиология защитных рефлексов. Мн., 1998.

т. 9, с. 16

КУЛЬ-АБА́,

курган скіфскага правадыра 4 ст. да н.э. каля г. Керч (Украіна). Пад каменным насыпам кургана выяўлены каменны склеп, пабудаваны на грэч. ўзор, абрад пахавання — скіфскі. Нябожчык пахаваны ў драўляным саркафагу ў адзенні і галаўным уборы, аздобленых залатымі бляшкамі, на шыі — залатая грыўня з выявай конных скіфаў, на руках — залатыя бранзалеты. У другім саркафагу, аздобленым разной слановай косцю, багатае пахаванне жанчыны (верагодна, жонкі ці наложніцы). Залатыя ўпрыгожанні яе рытуальнага ўбору, электравая пасудзіна з выявай скіфаў пасля бою і бронзавае люстэрка з ручкай — выдатныя творы грэч. ювеліраў. Выяўлена таксама пахаванне мужчыны (слуга ці раб); знойдзены амфары для віна, бронзавыя катлы для варкі мяса, сярэбраны посуд. К.-А. належыць да т.зв. царскіх скіфскіх курганоў (Ніжняе Прыдняпроўе, 4—3 ст. да н.э.).

Электравая пасудзіна з кургана Куль-Аба. 4 ст. да н.э.

т. 9, с. 9