Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КАРЫ́ЗНА (Уладзімір Іванавіч) (н. 25.5.1938, в. Закружка Мінскага р-на),

бел. паэт. Скончыў БДУ (1961). Настаўнічаў на Браслаўшчыне (Віцебская вобл.), працаваў на Бел. радыё, у час. «Полымя», з 1981 у выд-ве «Юнацтва». Друкуецца з 1956. Аўтар больш за 20 паэт. зб-каў, у т. л. «Край мой сінявокі» (1963), «Жураўліны досвітак» (1969), «Святло ліўня» (1972), «Цеплыня» (1977), «Цішыня баразны» (1981), «Шумяць вербы...» (1982), «Музыка ў свеце» (1985), «Расколіна на Звоне Свабоды» (1986), «Душы разгуканай мелодыя» (1988), «Азёры дабрыні» (1995), кніг для дзяцей «На сяле ў бабулі» (1975), «Кыонг і яго сябры» (1982), «Зямля — два паўшар’і» (1988), «Мір і сонейка — для ўсіх» (1990), «Хітры і мудры» (1994), «Насціна кніжка» (1995), «Іграй, жалейка, не змаўкай...» (1998). Тэмы яго твораў — памяць мінулай вайны, любоў да роднага краю, жыццё і праца, шчасце, радасць і паўсядзённы клопат сучасніка. Шматлікія яго вершы пакладзены на музыку бел. кампазітарамі У.​Буднікам, Я.​Глебавым, Э.​Зарыцкім, І.​Лучанком, Ю.​Семянякам, Л.​Захлеўным, У.​У.​Карызнам і інш., найб. папулярныя з іх увайшлі ў зб-кі песень «Клубныя вечары» (1979), «Люблю цябе, Белая Русь» (1984), «Салавей спявае» (1990), «Гэта наша Радзіма» (1998). Уражанні ад наведвання В’етнама і ЗША — у аснове цыкла публіцыстычных твораў (паэма «Размова наросцяж», вершы). Творчасць К. адметная выразнасцю мовы. меладычнасцю, рытміка-інтанацыйным багаццем. Перакладае з укр., літ. і інш. моў. Дзярж. прэмія Беларусі 1996.

Літ.:

Гніламёдаў У. Упоравень з векам. Мн., 1976. С. 97—99.

Т.​Р.​Ермаковіч.

т. 8, с. 114

КАРЫ́ЗНА (Уладзімір Уладзіміравіч) (н. 30.9.1962, в. Опса Браслаўскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. кампазітар. Сын У.І.Карызны. Скончыў Бел. кансерваторыю (1990, клас Я.Глебава). Яго лепшыя творы ўвасабляюць нац. вобразы і рамант. муз. традыцыі. Значнае месца ў творчасці займае песенны жанр. Сярод твораў: кантата «Таемнасць цішыні» на словы П.​Броўкі, М.​Танка, А.​Гаруна, П.​Ланчанкі, У.​І.​Карызны; сюіта «На гары дубочак» на нар. словы (1990), ронда «Пачастунак» для аркестра бел. нар. інструментаў; цыкл для фп. «Дзіцячыя песні», саната для скрыпкі і фп.; хары, рамансы, песні на словы бел. паэтаў («Зямля мая», «Звон часу», «На азёрах сініх» і інш.). Лаўрэат Рэсп. конкурсаў патрыят. песні 1986, 1987.

Э.​А.​Алейнікава.

У.І.Карызна.

т. 8, с. 115

КАРЫКАТУ́РА (італьян. caricatura ад caricare нагружаць, перабольшваць),

спосаб маст. тыпізацыі, выкарыстанне сродкаў шаржу і гратэску для крытычна накіраванага, тэндэнцыйнага перабольшвання і падкрэслівання негатыўных бакоў жыццёвых з’яў або асоб з мэтай іх выкрыцця і высмейвання; спецыфічная галіна праяўлення камічнага ў выяўл. мастацтве праз сатыр. ці гумарыстычную выяву. У шырокім сэнсе К. — усякі вобраз, дзе свядома ствараецца камічны эфект, спалучаюцца рэальнае і фантастычнае, перабольшваюцца і завастраюцца характэрныя рысы фігуры, твару, адзення, паводзін людзей, змяняюцца іх суадносіны з навакольным асяроддзем, выкарыстоўваюцца незвычайныя супастаўленні і інш. У вузкім сэнсе К. — асобны жанр выяўл. мастацтва (пераважна графікі), форма сатыры. Росквіт К. звычайна звязаны з перыядамі буйных грамадскіх канфліктаў паліт. нестабільнасці, войнамі і інш.

Элементы К. вядомы ў мастацтве Стараж. Егіпта, ант. свету, сярэдневякоўя і эпохі Адраджэння. Зараджэнне К. як жанру звязана з Сялянскай вайной 1524—26 у Германіі, Рэфармацыяй, першымі бурж. рэвалюцыямі 16-18 ст. у Нідэрландах, Англіі, Францыі. Была пашырана і ў форме лубка (Расія, Кітай). Самастойная эстэт. значнасць К. тэарэтычна асэнсавана ў пач. 19 ст. рамантыкамі. Вял. роля ў развіцці сусв. К. належыць У.​Хогарту, Дж.​Гілрэю (Англія), Ж.​Гросу (Германія), Ф.​Гоі (Іспанія), А.​Дам’е, П.​Гаварні (Францыя), Х.​Бідструпу (Данія), І.​Церабянёву, А.​Венецыянаву, П.​Баклеўскаму, Кукрыніксам (Расія).

У бел. мастацтве сатыр. накіраванасць, шаржыраванне вядомы з эпох сярэдневякоўя і Адраджэння (асобныя мініяцюры рукапісаў, шарж на С.​Буднага і інш.). Як асобны жанр выяўл. мастацтва К. вызначылася ў 19 — пач. 20 ст. ў графічных работах А.​Баргэльса, К.​Бахматовіча, Я.​Дамеля, М.​Мікешына. У пач. 20 ст. развіццё К. звязана з рэв. рухам (К.​Каганец, П.​Лепяшынскі і інш.). У час грамадз. вайны К. пашырылася ў «Вокнах РОСТА», якія існавалі ў Мінску, Гомелі, Магілёве, Віцебску і інш. Да яе звярталіся А.​Быхоўскі, П.​Гуткоўскі, Я.​Целішэўскі. Вострай сатыр. накіраванасцю вылучаліся К. зах.бел. час. «Маланка» (мастакі Я.​Горыд, Я.​Драздовіч, В.​Сідаровіч). У Вял. Айч. вайну антыфаш. К. друкаваліся ў сатыр. выданнях «Раздавім фашысцкую гадзіну» і «Партызанская дубінка» (мастакі В.​Букаты, В.​Козак, Г.​Вальк, М.​Гуціеў, Дз.​Красільнікаў і інш.). Пасля вайны найб. інтэнсіўна К. развіваецца ў час. «Вожык». Сярод мастакоў: М.​Лісоўскі, Я.​Бусел, Р.​Грамыка, М.​Гурло, В.​Ждан, С.​Раманаў, А.​Чуркін і інш.

Літ.:

Ефимов Б.Е. Основы понимания карикатуры. М., 1961;

Шматаў В. Беларуская сатырычная графіка (1945—1970 гг.). Мн., 1971;

Лісоўскі М., Барадулін Р. Няўрокам кажучы... Мн., 1971;

Полевой В.М. Двадцать лет французской графики. М., 1981.

В.​Ф.​Шматаў.

Да арт. Карыкатура. П.​Лепяшынскі. Паліцэйскі ўчастак. 1905.
Да арт. Карыкатура. Кукрыніксы. «Згубіла я пярсцёнак...» (а ў пярсцёнку 22 дывізіі). 1943.

т. 8, с. 115

КАРЫ́М (Мустай) (сапр. Карымаў Мустафа Сафіч; н. 20.10.1919, в. Кляшава Чышмінскага р-на, Башкортастан),

башкірскі пісьменнік. Нар. паэт Башкортастана (1963). Герой Сац. Працы (1979). Засл. дз. маст. РСФСР (1982). Ганаровы акад. АН Башкортастана (1992). Скончыў Башкірскі пед. ін-т (1941). Друкуецца з 1935. Першыя паэт. зб-кі прысвяціў моладзі («Атрад рушыўся», 1938, з В.​Нафікавым; «Вясновыя галасы», 1941). Героіка і трагізм Вял. Айч. вайны адлюстраваны ў шматлікіх вершах і паэмах. У зб-ках вершаў «Гадам услед» (1971), «Чатыры пары кахання» (1978), п’есах «Выкраданне дзяўчыны» (1959), «У ноч зацьмення Месяца» (1965, Дзярж. прэмія РСФСР імя Станіслаўскага 1967), «Краіна Айгуль» (1969), аўтабіягр. аповесці «Доўгае-доўгае дзяцінства» (1974—78) і інш. адлюстраваў жыццё башк. народа, напружаны пульс эпохі. Рэсп. прэмія Башкортастана імя Салавата Юлаева 1969. Дзярж. прэмія СССР 1972. Ленінская прэмія 1984. На бел. мову асобныя творы К. пераклалі С.​Гаўрусёў, І.​Калеснік, В.​Лукша.

Тв.:

Рус. пер.Собр. соч. Т. 1—3. М., 1983.

Літ.:

Хренков Д. Мустай Карим. М., 1969.

М.Карым.

т. 8, с. 115

КАРЫМА́ТА (Kärimata),

праліў паміж а-вамі Калімантан і Белітунг (Інданезія). Злучае Паўднёва-Кітайскае і Яванскае моры. Даўж. 100 км, найменшая шыр. каля 210 км, найменшая глыб. на фарватары да 36 м. Шмат невял. астравоў і каралавых рыфаў.

т. 8, с. 115

КАРЫ́МАЎ (Іслам Абдуганіевіч) (н. 30.1.1938, г. Самарканд, Узбекістан),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Узбекістана. Канд. эканам. н. Скончыў Сярэднеазіяцкі політэхн. ін-т, Ташкенцкі ін-т нар. гаспадаркі. У 1960—66 працаваў у Ташкенце, у т. л. на з-дзе «Ташсельмаш». У 1966—83 у Дзяржплане Узб. ССР: гал. спецыяліст, пам. старшыні, нач. аддзела, упраўлення, нам. і 1-ы нам. старшыні. У 1983—86 міністр фінансаў Узб. ССР. У 1986 нам. старшыні СМ і старшыня Дзяржплана Узб. ССР. У 1986—89 1-ы сакратар Кашкадар’інскага абкома Кампартыі Узбекістана, у 1989—91 1-ы сакратар ЦК Кампартыі Узбекістана, з 1990 адначасова прэзідэнт Узб. ССР, з вер. 1991 прэзідэнт Рэспублікі Узбекістан, у ліст. 1990 — студз. 1992 адначасова старшыня Кабінета міністраў. Чл. ЦК КПСС і Палітбюро ЦК КПСС (1990—91). Дэп. Вярх. Савета СССР з 1984, нар. дэп. СССР (1989 — студз. 1992). Аўтар кнігі «Узбекістан па шляху паглыблення эканамічных рэформаў» (1995).

І.А.Карымаў.

т. 8, с. 115

КАРЫ́Н (сапр. Агата Карын; 1653 або 1658, г. Кіёта, Японія — 1743 або 2.6.1716),

японскі жывапісец, каліграф, майстар маст. лаку, кераміст. Вучыўся жывапісу ў свайго бацькі Агата Сакэн, у Кано Ясунобу і Кано Цунэнобу. Заснавальнік яп. дэкар. школы жывапісу, т. зв. школа Сатацу-Карын. Працаваў у жанрах «кветкі-птушкі», «людзі». Жывапісным творам уласцівы тонкае адчуванне прыгажосці свету, буйныя маштабы выяў, насычанасць каларыту, лёгкасць і раскаванасць манеры пісьма: скруткі «Партрэт Накамура Куранасукэ» (1704), «Азалія каля ручая», «Восеньскія кветкі», «Любаванне касачамі»; парныя шырмы «Квітненне белай і чырвонай слівы» (каля 1710), «36 праслаўленых паэтаў», «Касачы», «Паўліны і мальвы». Размалёўваў вееры, блюды, шкатулкі для пісьмовых прылад і інш.

Карын. Дэталь размалёўкі шырмы «Паўліны і мальвы». Пач. 18 ст.

т. 8, с. 116

КАРЫНЕБАКТЭ́РЫІ,

група грамстаноўчых бактэрый. Уключае роды Arthrobacter, Brevibacterium, Cellulomonas, Corynebacterium (найб. вывучаны, 30 відаў) і інш. Знаходзяцца ў глебе і вадзе. Скрыўленыя ці булавападобныя палачкі, нерухомыя. Аэробы і факультатыўныя анаэробы. Утвараюць галінастыя формы. Сапрафіты. Прымаюць удзел у кругавароце рэчываў у прыродзе, некат. здольныя раскладаць пластмасы і гербіцыды. Прадуцэнты амінакіслот і вітамінаў. Патагенныя віды выклікаюць хваробы чалавека (узбуджальнікі дыфтэрыі), жывёл і раслін.

т. 8, с. 116

КАРЫ́НСКІ (Мікалай Міхайлавіч) (3.4.1873, г. Кіраў, Расія — 14.12.1935),

расійскі славіст і дыялектолаг. Чл.-кар. АН СССР (1921). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1896). У 1903—3 5 праф. Пецярбургскага ун-та, Жаночага, Вяцкага і Маскоўскага пед., Гісторыка-філал. ін-таў, 2-га Маскоўскага ун-та. З 1931 кіраўнік Дыялектаграфічнай камісіі Ін-та мовы і мыслення АН СССР. Даследаваў гісторыю рус. і стараж.-балг. моў, рус. дыялекталогіі, слав. палеаграфіі і інш.

Тв.:

Образцы глаголицы. СПб., 1908;

Образцы письма древнейшего периода истории русской книги. Л., 1925;

Очерки языка русских крестьян. М.; Л., 1936.

т. 8, с. 116

КАРЫ́НТЫЯ, Карушка,

гістарычная вобласць у Цэнтр. Еўропе, у бас. р. Драва на тэр. сучасных Аўстрыі, Славеніі і Італіі. У 6 ст. каланізавана славянамі (славенцамі). У пач. 7 ст. — 658 уваходзіла ў склад дзяржавы Сама, потым — Карантаніі (гл. ў арт. Славенія, гісторыя). У 11 ст. вылучылася ў асобнае герцагства. З 12 ст. падвяргалася германізацыі. З 1282 у складзе ўладанняў графа цірольскага, з 1335 — імперыі Габсбургаў (з 1804 Аўстр. імперыі, з 1867 Аўстра-Венгрыі). Паводле Сен-Жэрменскага дагавора 1919 б.ч. К. ўвайшла ў склад Аўстрыі (зямля Карынтыя, з 1970-х г. пабрацім Беларусі), паўд.-ўсх. ч. перададзена Югаславіі (з 1991 у Славеніі), невял. раён — Італіі.

т. 8, с. 116