КАРЫ́ЗНА (Уладзімір Іванавіч) (н. 25.5.1938, в. Закружка Мінскага р-на),
бел. паэт. Скончыў БДУ (1961). Настаўнічаў на Браслаўшчыне (Віцебская вобл.), працаваў на Бел. радыё, у час. «Полымя», з 1981 у выд-ве «Юнацтва». Друкуецца з 1956. Аўтар больш за 20 паэт. зб-каў, у т. л. «Край мой сінявокі» (1963), «Жураўліны досвітак» (1969), «Святло ліўня» (1972), «Цеплыня» (1977), «Цішыня баразны» (1981), «Шумяць вербы...» (1982), «Музыка ў свеце» (1985), «Расколіна на Звоне Свабоды» (1986), «Душы разгуканай мелодыя» (1988), «Азёры дабрыні» (1995), кніг для дзяцей «На сяле ў бабулі» (1975), «Кыонг і яго сябры» (1982), «Зямля — два паўшар’і» (1988), «Мір і сонейка — для ўсіх» (1990), «Хітры і мудры» (1994), «Насціна кніжка» (1995), «Іграй, жалейка, не змаўкай...» (1998). Тэмы яго твораў — памяць мінулай вайны, любоў да роднага краю, жыццё і праца, шчасце, радасць і паўсядзённы клопат сучасніка. Шматлікія яго вершы пакладзены на музыку бел. кампазітарамі У.Буднікам, Я.Глебавым, Э.Зарыцкім, І.Лучанком, Ю.Семянякам, Л.Захлеўным, У.У.Карызнам і інш., найб. папулярныя з іх увайшлі ў зб-кі песень «Клубныя вечары» (1979), «Люблю цябе, Белая Русь» (1984), «Салавей спявае» (1990), «Гэта наша Радзіма» (1998). Уражанні ад наведвання В’етнама і ЗША — у аснове цыкла публіцыстычных твораў (паэма «Размова наросцяж», вершы). Творчасць К. адметная выразнасцю мовы. меладычнасцю, рытміка-інтанацыйным багаццем. Перакладае з укр., літ. і інш. моў. Дзярж. прэмія Беларусі 1996.
Літ.:
Гніламёдаў У. Упоравень з векам. Мн., 1976. С. 97—99.
Т.Р.Ермаковіч.
т. 8, с. 114
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)