Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КАНСТАНЦІ́НАЎ (Фёдар Трафімавіч) (5.4.1915, в. Зялёны Прудок Чавускага р-на Магілёўскай вобл. — 13.10.1991),

бел. філосаф, публіцыст. Д-р філас. н. (1965), праф. (1967). Засл. дз. нав. РСФСР (1975). Скончыў БДУ (1940). Да вайны працаваў у Бел. дзярж. выд-ве, газ. «Звязда», «Сталинская молодежь», час. «Іскры Ільіча». З 1941 у Маскве на камсамольскай і парт. рабоце, рэдактар час. «Славяне». З 1953 у Ін-це філасофіі АН СССР. Аўтар бел. сав. календара (1934), брашур «Герой Савецкага Саюза Х.А.Смалячкоў» (1943), «Аб паходжанні беларускага народа» (1946). На бел. мову пераклаў раман І.Ільфа і Я.Пятрова «Аднапавярховая Амерыка» (1938).

Тв.:

Георгий Димитров — выдающийся деятель международного рабочего движения. М., 1950;

О народной демократии в странах Европы: Сб. статей. М., 1956;

Диалектика интернационального и национального в социалистическом обществе. М., 1981.

А.К.Каўка.

т. 7, с. 593

КАНСТАНЦІ́НАЎКА,

горад на Украіне, раённы цэнтр у Данецкай вобл., на р. Крывы Тарэц. Вядома з 1870, горад з 1932. 107,8 тыс. ж. (1991). Вузел аўтадарог і чыгунак. Буйны прамысл. цэнтр Данбаса. Прам-сць: металургічная, шкляная, хім., прыладабудаванне, гарбарная і інш.; вытв-сць вогнетрывалых матэрыялаў. Гіст.-краязнаўчы музей.

т. 7, с. 594

КАНСТАНЦІ́НАЎСКАЯ ГРАДА́,

краявое ледавіковае ўтварэнне на ПнЗ Беларусі. Размешчана на З Мядзельскага р-на Мінскай вобл., у межах Нарачана-Вілейскай нізіны. Цягнецца з ПнЗ на ПдУ уздоўж паўн.-ўсх. берага воз. Свір. Выш. 190—200 м, найб. 232 м. Фарміраванне К.г. звязана з краявой зонай акумуляцыі паазерскага зледзянення. Складзена з антрапагенавых валунных супескаў і суглінкаў, пясчана-галечнага матэрыялу. Рэдкія камавыя ўзгоркі (выш. 5—15 м) складзены з тонкаслаістых пяскоў з уключэннем жвіру і галькі. Антрапагенавыя намнажэнні падсцілаюцца адкладамі сярэдняга дэвону (мергелі, даламіты, пясчанікі і інш). Рэльеф грады сярэдне- і буйнаўзгорысты з ваганнямі адносных вышынь 15—20 м, радзей 25—30 м, грэбень узгорыста-хвалісты, парэзаны седлавінамі, схілы асіметрычныя: паўд.-зах. стромкі (10—30°), паўд.-ўсх. спадзісты, паступова пераходзіць у водна-ледавіковую раўніну. У двух месцах града парэзана далінамі прарыву рэк Страча і Вял. Перакоп. Глебы дзярнова-падзолістыя сярэдне- і слабаападзоленыя, месцамі супясчана-сугліністыя. Лясы яловыя, радзей хваёвыя. Пад ворывам да 40% тэрыторыі.

т. 7, с. 594

КАНСТАНЦІ́НАЎСКІ КАСЦЁЛ,

помнік архітэктуры позняга класіцызму. Пабудаваны ў 2-й пал. 19 ст. ў в. Канстанцінава Мядзельскага р-на Мінскай вобл. Прамавугольны ў плане будынак накрыты двухсхільным дахам. З усх. боку далучаны кубападобны аб’ём апсіды з нізкай бакавой сакрысціяй. Цэнтр гал. атынкаванага фасада вылучаны рызалітам з трохвугольным франтонам у завяршэнні, прамавугольным уваходным парталам з лучковым франтонам і фігурнай люкарнай над ім. Над дахам з боку гал. фасада гранёная вежа-званіца, над алтарным аб’ёмам ліхтар.

А.М.Кумгін.

Канстанцінаўскі касцёл.

т. 7, с. 594

КАНСТАНЦІНЕ́СКУ ((Constantinescu) Пауль) (30.6.1909, г. Плаешці, Румынія — 20.12.1963),

румынскі кампазітар, педагог. Засл. дз. маст. Румыніі (1955). Чл.-кар. АН Румыніі (1962). Вучыўся ў Бухарэсцкай кансерваторыі (1928—33), выкладаў у ёй (праф. з 1941). Праф. Акадэміі духоўнай музыкі (1937—41) і ваен. муз. ліцэя (1941—44) у Бухарэсце. Нац. класікай сталі яго канцэрты для інструментаў з аркестрам (для фп., 1952; для скрыпкі, 1957; для скрыпкі, віяланчэлі і фп., 1963). Аўтар лепшай рум. камічнай оперы «Бурная ноч» (паст. 1935). Сярод інш. твораў: муз. драма «Панэ Лесня Русалім» (паст. 1956), 2 араторыі, 2 сімфоніі, сімф. танцы; камерна-інстр творы; хары, тэатр. і кінамузыка. Дзярж. прэміі Румыніі 1951, 1954.

т. 7, с. 594

КАНСТАНЦІНЕ́СКУ ((Constantinescu) Эміль) (н. 19.11.1939, Цігіна каля г. Бендэр, Малдова),

румынскі паліт. і дзярж. дзеяч, вучоны. Д-р філасофіі (1979), праф. (1991), ганаровы чл. асацыяцый па мінералогіі і геалогіі ЗША, Вялікабрытаніі, Германіі, Грэцыі, Паўд.-Афр. Рэспублікі і Аўстраліі, чл. Нью-Йоркскай АН. Скончыў ф-ты права (1960), геолага-геагр. і філас. (1966) Бухарэсцкага ун-та. З 1966 выкладчык, заг. лабараторый на ф-це геалогіі, з 1990 прарэктар, з 1992 рэктар Бухарэсцкага ун-та. У 1992—96 кіраўнік Нац. савета рэктараў Румыніі, чл. шэрагу еўрап. ун-таў. Спецыялізаваўся ў галіне мінералогіі, удзельнічаў у распрацоўцы арыгінальных генет. модуляў і падрыхтоўцы першага крышталеграфічнага атласа Румыніі. З 1990 адзін з лідэраў «Універсітэцкай салідарнасці», віцэ-прэзідэнт «Грамадзянскага альянсу», з 1991 кіраўнік рум. антытаталітарнага форуму, які пазней ператварыўся ў Дэмакр. канвенцыю Румыніі, з 1992 яе прэзідэнт. З 17.11.1996 прэзідэнт Румыніі.

В.В.Варановіч.

Э.Канстанцінеску.

т. 7, с. 594

КАНСТАНЦІНО́ПАЛЬ (грэч. Konstantinupolis, лац. Constantinopolis),

Царград, сталіца Рымскай (330—395) і Візантыйскай (395—1453, акрамя 1204—61) імперый. Засн. ў 324—330 рым. імператарам Канстанцінам I (адсюль назва) на месцы стараж.-грэч. калоніі Візантый. Развіццю горада спрыяла зручнае геагр. размяшчэнне (на перакрыжаванні гандл. шляхоў з Зах. Азіі ў Егіпет і з Міжземнага м. ў Чорнае). Яго неаднаразова асаджвалі авары (626), арабы (673—677, 717—718), балгары (814), усх. славяне (напр., Алег). Да канца 11 ст. дамінуючы гандл.-рамесніцкі і культ. цэнтр Візантыі. У 1204 захоплены і разрабаваны крыжаносцамі, якія зрабілі горад сталіцай створанай імі (1204) Лацінскай імперыі. У 1261 адваяваны візантыйцамі пры падтрымцы генуэзцаў. Найбуйнейшы (больш за 100 тыс. жыхароў) і найбагацейшы горад сярэдневяковай Еўропы. Яго лічылі сваёй рэліг. і культ. сталіцай паўд. і ўсх. славяне (называлі Царград). У 1453 захоплены і разрабаваны туркамі-асманамі, перайменаваны ў Стамбул (сталіца Турцыі да 1923; назва «К.» ужывалася ў еўрап. і інш. краінах да 1920-х г.).

т. 7, с. 595

КАНСТАНЦІНО́ПАЛЬСКІ САФІ́ЙСКІ САБО́Р, Храм св. Сафіі,

помнік візант. дойлідства. Пабудаваны ў 532—537 у Канстанцінопалі (цяпер. г. Стамбул) Анфіміем з Тралаў і Ісідарам з Мілета. 3-нефавая купальная базіліка (даўж. 77 м). Купал (на ветразях; дыям. 31,5 м; адноўлены ў меншых памерах пасля зруйнавання ў 6 ст.) аб’яднаны з базілікальнай ч. пры дапамозе складанай сістэмы паўкупалаў, што надае інтэр’еру грандыёзнасць і пышнасць, гарманічнае адзінства. Унутры храм абліцаваны каляровым мармурам, аздоблены мазаікай (затынкавана туркамі, якія пасля 1453 ператварылі яго ў мячэць; частка мазаік 6—12 ст. расчышчана). Вонкавае манум. аблічча помніка скажонае тур. прыбудовамі 16—18 ст. (мінарэты і інш.). Цяпер музей. Разам з гіст. цэнтрам Стамбула ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Літ.:

Deichmann A Hagia Sophia. New York, 1974.

Канстанцінопальсхі Сафійскі сабор.
Інтэр’ер Канстанцінопальскага Сафійскага сабора.

т. 7, с. 595

КАНСТАНЦІ́Н I, Канстанцін Вялікі,

Флавій Валерый (Flavius Valerius Constantinus Magnus; 27.2.272?, г. Наіс, цяпер г. Ніш, Сербія — 22.5.337), старажытнарымскі імператар [306—337], Пасля смерці бацькі, Канстанцыя I Хлора, абвешчаны брыт. легіёнамі аўгустам. У 312 перамог свайго саперніка Максенцыя і заняў Рым. У 313 разам з Ліцыніем выдаў Міланскі эдыкт, які ўраўноўваў хрысціянства ў правах з язычніцкімі культамі. У 324 разбіў Ліцынія і пачаў правіць аднаасобна. Ажыццявіў паслядоўную цэнтралізацыю дзярж. апарата, ваен. і адм. рэформы, пачатыя імператарамі Галіенам і Дыяклетыянам. Пры К. палепшылася становішча гарадоў, стабілізавана манета, адбіты націск варвараў (332). Спрыяў пашырэнню хрысціянства, у 325 склікаў у г. Нікея 1-ы экуменічны сабор (гл. Экуменізм). Перанёс сталіцу імперыі ў Канстанцінопаль (330).

Літ.:

Федорова Е.В. Люди императорского Рима. М., 1990. С. 261—268.

Канстанцін I. Фрагмент статуі. Каля 330.

т. 7, с. 593

КАНСТАНЦІ́Н V (719—14 або 23.9.775),

візантыйскі імператар [741—775). З Ісаўрыйскай дынастыі. У 743 задушыў паўстанне сталічнай знаці. Атрымаў перамогі над арабамі (746, 752) і балгарамі (763). Умацаваў ваен. і эканам. становішча Візантыі. Узначальваў іканаборскі рух (гл. Іканаборства), дамогся асуджэння царк. саборам 754 іконашанавання, пачаў барацьбу супраць апазіц. манаства (закрываў манастыры, канфіскоўваў іх багацці).

т. 7, с. 593