КАНСТАНЦІНЕ́СКУ ((Constantinescu) Эміль) (н. 19.11.1939, Цігіна каля г. Бендэр, Малдова),

румынскі паліт. і дзярж. дзеяч, вучоны. Д-р філасофіі (1979), праф. (1991), ганаровы чл. асацыяцый па мінералогіі і геалогіі ЗША, Вялікабрытаніі, Германіі, Грэцыі, Паўд.-Афр. Рэспублікі і Аўстраліі, чл. Нью-Йоркскай АН. Скончыў ф-ты права (1960), геолага-геагр. і філас. (1966) Бухарэсцкага ун-та. З 1966 выкладчык, заг. лабараторый на ф-це геалогіі, з 1990 прарэктар, з 1992 рэктар Бухарэсцкага ун-та. У 1992—96 кіраўнік Нац. савета рэктараў Румыніі, чл. шэрагу еўрап. ун-таў. Спецыялізаваўся ў галіне мінералогіі, удзельнічаў у распрацоўцы арыгінальных генет. модуляў і падрыхтоўцы першага крышталеграфічнага атласа Румыніі. З 1990 адзін з лідэраў «Універсітэцкай салідарнасці», віцэ-прэзідэнт «Грамадзянскага альянсу», з 1991 кіраўнік рум. антытаталітарнага форуму, які пазней ператварыўся ў Дэмакр. канвенцыю Румыніі, з 1992 яе прэзідэнт. З 17.11.1996 прэзідэнт Румыніі.

В.В.Варановіч.

Э.Канстанцінеску.

т. 7, с. 594

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)