Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГА́ЙНАЎКА

(Hajnówka),

горад у Польшчы, у Беластоцкім ваяв., каля зах. ускраіны Белавежскай пушчы. Вядома з 18 ст., горад з 1951. 21 тыс. ж. (1993), палякі і беларусы. Вузел чыгунак і аўтадарог. Цэнтр дрэваапр. і мэблевай прам-сці. Вытв-сць каніфолі, шкіпінару і інш. рэчываў. Машынабудаванне (ма-шыны для дрэваапрацоўкі). Адзін з цэнтраў бел. культуры ў Польшчы. Гайнаўскі музей помнікаў беларускай культуры.

т. 4, с. 440

ГА́ЙНАЎСКІ МУЗЕ́Й ПО́МНІКАЎ БЕЛАРУ́СКАЙ КУЛЬТУ́РЫ.

Засн. ў 1984 у г. Гайнаўка (Польшча) па ініцыятыве Гал. праўлення Беларускага грамадска-культурнага таварыства. Буд-ва пачата ў 1986 на ахвяраванні мясц. насельніцтва, бел. эміграцыі, датацый дзярж. і грамадскіх устаноў Беларусі і Польшчы. Першая экспазіцыя адкрыта 27.10.1990 (300 экспанатаў). Музейны комплекс (агульная пл. 2700 м², 3 будынкі) мае 6 экспазіцыйных залаў. Аснову экспанатаў музея складаюць с.-г. прылады працы, творы нар. мастацтва і культ. здабыткі беларусаў у Польшчы. Мае кіназалу, б-ку, кафэ-бар, атэль.

В.Луба.

т. 4, с. 440

ГА́ЙНА-БРО́ДНЯ,

балота ў Смалявіцкім і Лагойскім р-нах Мінскай вобл. (у вадазборы р. Гайна і яе прытока Усяжа). Нізіннага (92%) і пераходнага тыпаў. Пл. 5,5 тыс. га, у т. л. ў Смалявіцкім р-не 3,9 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 4,3 тыс. га. Глыб. торфу да 7 м, сярэдняя 2,8 м. У Смалявіцкім р-не асушаную ч. балота выкарыстоўваюць пад ворыва і сенажаць. У Лагойскім р-не не асушана, занята драбналессем, хмызняком, часткова сенажаццю.

т. 4, с. 439

ГА́ЙНІК

(Epipactis),

род кветкавых раслін сям. ятрышнікавых. Каля 25 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Еўропы, Азіі, у Афрыцы і Паўн. Амерыцы. На Беларусі трапляюцца гайнікі: балотны (Epipactis palustris), расце на балотах, забалочаных лугах, у хмызняках; чамярыцападобны (Epipactis helleborine), расце ў хваёвых, лісцевых і мяшаных лясах; цёмна-чырвоны (Epipactis atrorubens), расце ў лісцевых і хваёвых лясах, рэдкі від, занесены ў Чырв. кнігу.

Шматгадовыя травяністыя расліны з прамастойным сцяблом выш. да 1 м і моцным паўзучым або пакарочаным карэнішчам. Лісце чаргаванае, простае, сядзячае, падоўжана-яйцападобнае. Кветкі паніклыя, двухполыя, белыя, ружовыя, цёмна-чырв., зеленаватыя і інш. колеру, пераважна ў аднабокіх рыхлых і доўгіх гронках. Плод — каробачка. Лек. і дэкар. расліны.

т. 4, с. 440

ГАЙНУТДЗІ́НАЎ Эня Менабутдзінавіч

(н. 4.8.1937, г. Мурам, Расія),

бел. вучоны-эканаміст. Д-р эканам. н. (1993), праф. (1995). Скончыў Маскоўскі ін-т каляровых металаў і золата (1959). З 1970 у Бел. політэхн. акадэміі. Даследуе праблемы арганізацыі, планавання, эканам. эфектыўнасці вытв-сці. Аўтар прац «Рэалізацыя гаспразліковых мадэлей у ліцейных цэхах вытворчага аб’яднання» (у сааўт.) і «Удасканаленне планавання ліцейнай вытворчасці» (абедзве 1991) і інш.

т. 4, с. 440

ГАЙСЁНАК Віктар Анатолевіч

(н. 6.6.1950, в. Гасцілавічы Лагойскага р-на Мінскай вобл.),

бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н. (1990), праф. (1991). Скончыў БДУ (1972), дзе і працаваў. З 1992 міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь, з 1994 рэктар Рэсп. ін-та вышэйшай школы пры БДУ, з 1997 старшыня Дзярж. к-та па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь. Навук. працы па спектраскапіі і люмінесцэнцыі складаных малекул, нелінейнай оптыцы і лазернай фізіцы. Распрацаваў тэорыю палярызацыйнай залежнасці паглынання і выпрамянення святла пры ўздзеянні лазернага выпрамянення на мнагаатамныя малекулы ў кандэнсаваных асяроддзях. Дзярж. прэмія Беларусі 1994.

Тв.:

Анизотропия поглощения и люминесценции многоатомных молекул. Мн., 1986 (разам з А.М.Саржэўскім).

А.І.Болсун.

т. 4, с. 440

ГА́ЙСІН Вульф Борухавіч

(Уладзімір Барысавіч; 1906, г. Гомель — 1982),

дзяржаўны і парт. дзеяч БССР і СССР. З 1929 на камсамольскай і гасп. рабоце ў Гомелі і Добрушы, з 1938 нарком лясной прам-сці БССР. У 1941—44 нам. старшыні СНК БССР. У 1942—43 камісар тылу 41-й арміі, нам. нач. тылу Калінінскага фронту. У 1943—51 нам. наркома (з 1946 — міністра) рачнога флоту СССР. У 1951 арыштаваны і ў 1952 прыгавораны да 10 гадоў зняволення па абвінавачванні ў шкодніцтве на транспарце. У 1954 рэабілітаваны і вызвалены. Працаваў у Маскоўскім рачным параходстве. Чл. ЦК КП(б)Б у 1941—45. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1940—47.

Э.Р.Іофе.

т. 4, с. 440

ГА́ЙСМАЙР

(Gaismair; Gaysmayr) Міхаэль (каля 1490, Штэрцынг, зямля Ціроль, Аўстрыя — 15.4.1532),

кіраўнік паўстанцаў у Ціролі і Зальцбургу ў Сялянскую вайну 1524—26. Быў пісарам архіепіскапа акр. Брыксен. Вясной 1525 паўстанцы на чале з ім занялі Ціроль, архіепіскапства Зальцбург і інш., нанеслі шэраг паражэнняў войскам аўстр. эрцгерцага. У 1526 Гайсмайр склаў для Ціроля праграмнае «Земскае ўпарадкаванне», якое прадугледжвала ўстанаўленне нар. рэспублікі, знішчэнне дваран і царкоўнікаў, увядзенне дзярж. манаполіі на гандаль, нацыяналізацыю гарнаруднай прам-сці, апекаванне беднякоў і інш. Летам 1526, акружаны войскамі эрцгерцага, баварцаў і Швабскага саюза, Гайсмайр з часткай сваіх сіл прарваўся праз Альпы ў Венецыянскую вобласць. Забіты ў час перагавораў са швейцарцамі і венецыянцамі пра сумесную барацьбу супраць Габсбургаў.

т. 4, с. 440

ГАЙТА́Н

(Gaitán) Хорхе Эльесер (23.1.1898, Багата — 9.4.1948),

палітычны дзеяч Калумбіі. Д-р права Нац. ун-та (з 1924). У 1929 выступіў з рэзкім асуджэннем масавых расстрэлаў рабочых, якія баставалі ў дэпартаменце Магдалена (1928—29). У 1940 і 1943 уваходзіў ва ўрад, міністр асветы і міністр працы, аховы здароўя і сац. забеспячэння. Лідэр Ліберальнай партыі (з 1946), старшыня сената (з 1947). Аўтар законапраекта аб нацыяналізацыі нафтавых радовішчаў, якія эксплуатавалі амер. манаполіі. Выступаў з крытыкай палітыкі ЗША. Быў забіты рэакцыянерамі.

т. 4, с. 440

ГАЙТЫСО́ЛА

(Goytisolo) Хуан (н. 5.1.1931, г. Барселона, Іспанія),

іспанскі пісьменнік. З 1956 жыў у Францыі. Першы раман «Спрытнасць рук» (1954) — своеасаблівы маніфест пасляваен. пакалення. У творах 1950 — пач. 1960-х г. асэнсаванне вынікаў грамадз. вайны і франкізму (раман «Самота ў раі», 1955; трылогія «Прывіднае заўтра»; дакумент. аповесці «Палі Ніхара», «Чанка»; зб. апавяданняў «Каб жыць тут» і інш.). У рамане «Асаблівыя прыкметы» (1966), зб. эсэ «Хваставы вагон» (1967) даследаваў метамарфозы светаадчування інтэлігенцыі сучаснай Іспаніі. У раманах «Помста графа дона Хуліяна» (1970), «Хуан Беззямельны» (1975), «Макбара» (1980), «Сарацынскія хронікі» (1982) спробы развянчаць сац. міфы і стэрэатыпы нац. свядомасці. Аўтар літ.-крытычных артыкулаў.

Тв.:

Рус. пер. — Ловкость рук;

Прибой;

Цирк;

Остров. М., 1964;

Особые приметы. М., 1976;

Печаль в раю;

Возмездие графа дона Хулиана: Романы;

Хуан Безземельный;

Макбара: Отрывки из романов;

Эссе;

Воспоминания. М., 1989.

К.М.Міхееў.

т. 4, с. 440