ГА́ЙСМАЙР

(Gaismair; Gaysmayr) Міхаэль (каля 1490, Штэрцынг, зямля Ціроль, Аўстрыя — 15.4.1532),

кіраўнік паўстанцаў у Ціролі і Зальцбургу ў Сялянскую вайну 1524—26. Быў пісарам архіепіскапа акр. Брыксен. Вясной 1525 паўстанцы на чале з ім занялі Ціроль, архіепіскапства Зальцбург і інш., нанеслі шэраг паражэнняў войскам аўстр. эрцгерцага. У 1526 Гайсмайр склаў для Ціроля праграмнае «Земскае ўпарадкаванне», якое прадугледжвала ўстанаўленне нар. рэспублікі, знішчэнне дваран і царкоўнікаў, увядзенне дзярж. манаполіі на гандаль, нацыяналізацыю гарнаруднай прам-сці, апекаванне беднякоў і інш. Летам 1526, акружаны войскамі эрцгерцага, баварцаў і Швабскага саюза, Гайсмайр з часткай сваіх сіл прарваўся праз Альпы ў Венецыянскую вобласць. Забіты ў час перагавораў са швейцарцамі і венецыянцамі пра сумесную барацьбу супраць Габсбургаў.

т. 4, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)