Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БЯСПО́ЛЫМНАЕ ЎЗРЫВА́ННЕ,

спосаб узрывання, пры якім разбурэнне адбываецца ў выніку ўтварэння вял. аб’ёму негаручых газаў або газаў, што тушаць полымя. Пры бясполымным узрыванні выкарыстоўваюць спец. патроны: кардокс, гідрокс, эрдокс. Засн. на пераўтварэнні патэнцыяльнай энергіі ў кінетычную вадкіх, цвёрдых і газападобных пад высокім ціскам рэчываў, якія могуць хутка выпарацца, расшырацца ці хімічна ўзаемадзейнічаць. Выкарыстоўваецца ў шахтах, небяспечных на газ і пыл.

т. 3, с. 418

БЯССКІ́ВІЧНЫЯ,

агнаты (Agnatha), надклас ніжэйшых пазваночных жывёл, 2 вымерлыя класы: няпарнаноздравыя (Monorhina, Cephalaspidomorphi) і парнаноздравыя (Diplorhina, Pteraspidomorphi); 1 сучасеы клас — кругларотыя, які ўключае 40—42 віды міногаў і міксінаў. Пашыраны ў абодвух паўшар’ях, у марскіх і прэсных водах. На Беларусі вядомы 3 віды міногаў.

Стараж. прымітыўныя рыбападобныя жывёлы без сківіц і парных канечнасцей, з хордай. Унутр. шкілет храстковы (у вымерлых быў вонкавы касцявы шкілет). Шчэлепы ў выглядзе мяшкоў з пялёсткамі энтадэрмальнага паходжання. Ноздравая адтуліна ў большасці няпарная. Паўкружных каналаў 1 ці 2. Рот круглы, сысучага тыпу, корм лічынак — раслінныя рэшткі, водарасці, дарослыя паядаюць мяса і кроў рыб ці зусім не кормяцца. Выкапнёвыя бяссківічныя ўсмоктвалі разам з глеем і пяском дробныя арганізмы. Рэшткі бяссківічных вядомы з кембрыю да позняга дэвону Вялікабрытаніі, Нарвегіі (Шпіцберген), Германіі, ЗША, Кітая, Аўстраліі, Тувы і інш. месцаў. Росквіт у познім сілуры і раннім дэвоне. Даўж. ад некалькіх сантыметраў (верацёнападобныя жывёлы) да 1 м (пляскатыя донныя формы). Рэшткі бяссківічных з’яўляюцца вызначальнымі выкапнямі пры вывучэнні адкладаў.

т. 3, с. 418

БЯССМЕ́РТНАВА Наталля Ігараўна

(н. 19 7.1941, Масква),

руская артыстка балета. Нар. арт. СССР (1976). Скончыла Маскоўскае харэагр. вучылішча (1961). У 1961—88 у Вял. т-ры. Першая выканальніца партый Лейлі («Лейлі і Меджнун» С.Баласаняна), Шырын («Легенда аб каханні» А.Мелікава), Фрыгіі («Спартак» А.Хачатурана), Анастасіі, Джульеты («Іван Грозны», «Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева). Сярод інш. партый: Марыя («Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева), Жызэль («Жызэль» А.Адана), Кітры («Дон Кіхот» Л.Мінкуса), Аўрора, Адэта—Адылія («Спячая прыгажуня», «Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага), Рыта («Залаты век» Дз.Шастаковіча). Лаўрэат Міжнар. конкурсу артыстаў балета ў Варне (1965), прэміі Ганны Паўлавай (Парыж, 1970). Дзярж. прэмія СССР 1977. Ленінская прэмія 1986.

т. 3, с. 419

БЯССМЕ́РТНІК,

гл. Цмен.

т. 3, с. 419

БЯССМЕ́РТНІКІ,

гл. Сухацветы.

т. 3, с. 419

БЯССМЕ́РТНЫ Аркадзь Львовіч

(2.5.1893, г. Сураж Бранскай вобл., Расія — 3.9.1955),

бел. скрыпач, дырыжор, педагог. Засл. арт. Беларусі (1939). Праф. (1946). Скончыў Пецярбургскую кансерваторыю (1917). Адзін з арганізатараў першай на Беларусі нар. кансерваторыі (Віцебск, 1918), дырэктар Бел. муз. тэхнікума (з 1924), заг. кафедры Бел. кансерваторыі (1932—55). Удзельнік (1-я скрыпка) Дзяржаўнага смыковага квартэта БССР. Кіраваў канцэртамі сімф. аркестраў муз. тэхнікума, Бел. радыёцэнтра, кансерваторыі. Выступаў як скрыпач-саліст, выкананне вызначалася выразнасцю, адухоўленасцю, тэхн. свабодай.

В.П.Пракапцова.

т. 3, с. 419

БЯССО́НАЎ Пётр Аляксеевіч

(16.6.1828, Масква — 6.3.1898),

рускі гісторык л-ры, фалькларыст, публіцыст. Скончыў Маскоўскі ун-т (1851). З 1879 праф. Харкаўскага ун-та. Выдаў зборнік балгарскіх песень (1855), песень, паданняў і вусных апавяданняў сербаў (1857), песень-літанняў старцаў («Калікі вандроўныя», вып. 1—6, 1861—64; разам з рус. ўвайшлі і бел. творы). У 1864—67 узначальваў Віленскую археаграфічную камісію, бліжэй пазнаёміўся з бел. гісторыяй, культурай, фальклорам. Падрыхтаваў і выдаў «Песні, сабраныя П.В.Кірэеўскім» (вып. 1—10, 1860—74), «Беларускія песні» (1874). У апошні зборнік увайшлі каляндарна-абрадавыя нар. песні — валачобныя, юраўскія, мікольскія, куставыя, купальскія, пятроўскія, калядныя і масленічныя. Падзяляў погляды міфалагічнай школы.

Літ.:

Бандарчык В.К. Гісторыя беларускай этнаграфіі XIX ст. Мн., 1964;

Улащик Н.Н. Очерки по археографии и источниковедению истории Белоруссии феодального периода. М., 1973. С. 89—98.

А.С.Ліс.

т. 3, с. 419

БЯССО́ННІЦА інсамія, агрыпнія, парушэнне начнога сну. Выяўляецца цяжкім засынаннем, частым на працягу ночы або раннім абуджэннем ці поўным знікненнем глыбокага сну. Прычыны бяссоніцы: няўстойлівасць сну з дзяцінства (спадчынная, ад некаторых перанесеных у дзяцінстве хвароб), парушэнні ўмоў і дынамічнага стэрэатыпу сну (начная работа, дзённае фіз. і псіхічнае ператамленне, познія заняткі, нязвыклае месца для сну і інш.), хваробы нерв. сістэмы, траўмы галаўнога мозга, змены біялагічных рытмаў і фізіял. працэсаў у арганізме пры пераходзе ў сталы і старэчы ўзрост. Бяссоніца — абавязковы сімптом некаторых хвароб, напр. алкагалізму, цяжкіх неўрозаў і псіхозаў. Лячэнне: правільны рэжым працы і адпачынку, заняткі фізкультурай, водныя працэдуры, заспакаяльныя і снатворныя сродкі.

т. 3, с. 419

БЯССПРЭ́ЧНАЕ СПАГНА́ННЕ,

у цывільным праве прымусовае спагнанне запазычанасці ў бясспрэчным парадку без звароту ў суд ці іншы орган, які вырашае маёмасныя спрэчкі. Бясспрэчнае спагнанне з юрыд. асоб ажыццяўляецца на падставе распараджэнняў правамоцных органаў і выканаўчых дакументаў спісаннем грашовых сум з адпаведных рахункаў у банках; з грамадзян (нявернутыя пазыкі, нявыплачаная кватэрная плата, камунальныя плацяжы і інш.) — па выканаўчым надпісе натарыята. У Рэспубліцы Беларусь дапускаецца толькі ў выпадках, прама прадугледжаных законам.

т. 3, с. 419

БЯССЦЁКАВАЕ ВО́ЗЕРА возера, якое не мае паверхневага і падземнага сцёку. Найчасцей трапляецца ў абласцях унутранага сцёку стэпавай і паўпустынных зон і ў абласцях развіцця шматгадовай мерзлаты. Расход вады ідзе праз выпарэнне, таму ў засушлівым клімаце ў бяссцёкавым возеры назапашваюцца мінер. солі. Прамысл. здабыча кухоннай солі вядзецца ў азёрах Эльтон і Баскунчак, соды ў Даронінскім воз. (Расія), мірабіліту ў Салёным воз. (ЗША) і інш.

т. 3, с. 419