БЯССКІ́ВІЧНЫЯ,
агнаты (Agnatha), надклас ніжэйшых пазваночных жывёл, 2 вымерлыя класы: няпарнаноздравыя (Monorhina, Cephalaspidomorphi) і парнаноздравыя (Diplorhina, Pteraspidomorphi); 1 сучасеы клас — кругларотыя, які ўключае 40—42 віды міногаў і міксінаў. Пашыраны ў абодвух паўшар’ях, у марскіх і прэсных водах. На Беларусі вядомы 3 віды міногаў.
Стараж. прымітыўныя рыбападобныя жывёлы без сківіц і парных канечнасцей, з хордай. Унутр. шкілет храстковы (у вымерлых быў вонкавы касцявы шкілет). Шчэлепы ў выглядзе мяшкоў з пялёсткамі энтадэрмальнага паходжання. Ноздравая адтуліна ў большасці няпарная. Паўкружных каналаў 1 ці 2. Рот круглы, сысучага тыпу, корм лічынак — раслінныя рэшткі, водарасці, дарослыя паядаюць мяса і кроў рыб ці зусім не кормяцца. Выкапнёвыя бяссківічныя ўсмоктвалі разам з глеем і пяском дробныя арганізмы. Рэшткі бяссківічных вядомы з кембрыю да позняга дэвону Вялікабрытаніі, Нарвегіі (Шпіцберген), Германіі, ЗША, Кітая, Аўстраліі, Тувы і інш. месцаў. Росквіт у познім сілуры і раннім дэвоне. Даўж. ад некалькіх сантыметраў (верацёнападобныя жывёлы) да 1 м (пляскатыя донныя формы). Рэшткі бяссківічных з’яўляюцца вызначальнымі выкапнямі пры вывучэнні адкладаў.
т. 3, с. 418
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)