Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КАРБАРА́НЫ,

борарганічныя злучэнні агульнай формулы CnBmHn+m, дзе n = 1—6, m = 3—10. Малекулы К. маюць структуру паліэдраў, у вяршынях якіх размешчаны атамы бору B і вугляроду C, звязаныя шматцэнтравымі сувязямі (гл. Каардынацыйная сувязь). Кожны атам B і C злучаны з атамам вадароду Н.

Лятучыя бясколерныя вадкасці ці цвёрдыя рэчывы. Не раствараюцца ў вадзе, раствараюцца ў арган. растваральніках. Ніжэйшыя К. (з m = 3—5) у паветры павольна акісляюцца, вышэйшыя (m = 10) — устойлівыя і нетаксічныя. Атрымліваюць узаемадзеяннем вытворных ацэтылену з боравадародамі. Выкарыстоўваюць як кампаненты рэактыўнага паліва. сыравіну ў вытв-сці тэрмаўстойлівых палімераў.

т. 8, с. 63

КАРБАРУ́НД,

тое, што крэмнію карбід.

т. 8, с. 63

КАРБАФО́С,

O, O-дыметыл-S (1,2-дыкарбэтаксіэтыл) дытыяфасфат, хімічны прэпарат для аховы с.-г. культур ад шкодных насякомых; кантактавы інсектыцыд, акарыцыд і нематыцыд. Выкарыстоўваюць канцэнтрат эмульсіі для апырсквання збожжавых, цукр. буракоў, лёну, гародніны, яблынь, груш і інш. Сярэднетаксічны для чалавека і жывёл: ГДК 0,5 мг/м³, у вадзе — 0,05 мг/л.

т. 8, с. 63

КАРБАЦЫКЛІ́ЧНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ (ад карба... + грэч. kyklos кольца),

клас арган. рэчываў, малекулы якіх маюць адзін або некалькі цыклаў (кольцаў) з трох і болей атамаў вугляроду. Падзяляюць на аліцыклічныя злучэнні і араматычныя злучэнні (бензол і поліцыклічныя злучэнні, пабудаваныя з кандэнсаваных бензольных кольцаў).

Першым К.з. з вызначанай структурай быў бензол, для якога ням. хімік Ф.​Кекуле прапанаваў у 1865 цыклічную шасцічленную структурную форму. У 1882—85 сталі вядомыя 3-, 4-, і 5-членныя карбацыклы. У 1920—34 Л.Ружычка сінтэзаваў аліцыклічныя кетоны, цыклы якіх мелі ад 8 да 34 атамаў вугляроду. Магчымы сінтэз карбацыклаў з неабмежаванай колькасцю атамаў.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 8, с. 63

КАРБІ́ДЫ (ад карба... + грэч. eidos від, выгляд),

злучэнні вугляроду з металамі, а таксама крэмніем і борам.

Паводле тыпу хім. сувязі падзяляюць на іонныя (К. шчолачных і шчолачназямельных металаў, рэдказямельных элементаў, актыноідаў і алюмінію), кавалентныя (К. бору і крэмнію карбід) і металападобныя (К. пераходных металаў IV—VII груп перыяд. сістэмы элементаў, а таксама жалеза, кобальту, нікелю). Пры пакаёвай т-ры крохкія цвёрдыя рэчывы. Іонныя К. раскладаюцца вадой з вылучэннем метану, ацэтылену ці сумесі вуглевадародаў (гл. Кальцыю карбід). Кавалентныя і металападобныя К. тугаплаўкія, гарачаўстойлівыя, хімічна інертныя, маюць высокую цвёрдасць, найб. — у К. бору (гл. Бору злучэнні), крэмнію і берылію. Атрымліваюць узаемадзеяннем элементаў ці аксідаў металаў з вугляродам у вакууме або інертным асяроддзі пры высокіх т-рах; металатэрмічным спосабам — аднаўленнем аксідаў металаў магніем, кальцыем ці алюмініем у прысутнасці вугляроду. Выкарыстоўваюць для атрымання цвёрдых сплаваў (К. вальфраму WC, тытану TiC, танталу TaC і інш.), гарачаўстойлівых і гарачатрывалых кампазіцыйных матэрыялаў, як аднаўляльнікі і каталізатары ў хім. працэсах. Гл. таксама Жалезавугляродзістыя сплавы.

т. 8, с. 63

КАРБІЛАМІ́НЫ,

тое, што ізацыяніды.

т. 8, с. 63

КАРБІ́Н,

адна з крышт. мадыфікацый вугляроду з ланцужковай будовай малекул. Паўправаднік n-тыпу (шырыня забароненай зоны 0,64 эВ). У прыродзе мінерал чааіт (белыя прожылкі і ўкрапіны ў графіце). Штучны атрымліваюць акісляльнай дэгідраполікандэнсацыяй ацэтылену, уздзеяннем лазернага выпрамянення на графіт, у нізкатэмпературнай плазме з вуглевадародаў ці чатыроххлорыстага вугляроду.

т. 8, с. 63

КАРБО́ЛАВАЯ КІСЛАТА́,

тое, што фенол.

т. 8, с. 63

КАРБО́Н [ад лац. carbo (carbonis) вугаль],

тое, што каменнавугальная сістэма (перыяд). Тэрмін уведзены англ. геолагамі У.​Конібірам і У.​Філіпсам у 1822.

т. 8, с. 63

КАРБО́НАВЫЯ КІСЛО́ТЫ,

арганічныя рэчывы, якія маюць у малекуле адну або некалькі карбаксільных груп — COOH. Залежна ад колькасці груп адрозніваюць кіслоты монакарбонавыя (напр., CH3COOH воцатная кіслата), ды-і полікарбонавыя (напр., HOOC—COOH шчаўевая кіслата, C6H6−n(COOH)n бензол полікарбонавыя к-ты. Адначасова малекулы К.к. могуць мець і інш. функцыянальныя групы, напр., амінагрупу (амінакіслоты), гідраксільную (аксікіслоты).

Монакарбонавыя неразгалінаваныя К.к. з колькасцю атамаў вугляроду ў малекуле да 9 і разгалінаваныя — да 13 атамаў — вадкасці; вышэйшыя, араматычныя і дыкарбонавыя к-ты — цвёрдыя рэчывы, нерастваральныя ў вадзе. Па хім. уласцівасцях — слабыя к-ты, моц якіх павышае прысутнасць у малекуле электронаакцэптарных груп (атамаў галагену, нітрагруп і інш.), напр., трыхлорвоцатная к-та CCl3COOH у 700 разоў мацнейшая за CH3COOH. Пры ўзаемадзеянні з асновамі ўтвараюць солі (гл. Мыла), пры замяшчэнні гідраксільнай OH-групы — розныя функцыянальныя вытворныя: складаныя эфіры, галагенангідрыды, ангідрыды, аміды кіслот і інш. У свабодным стане К.к. ёсць у садавіне, гародніне, крыві жывёл і чалавека, уваходзяць у састаў эфірных і раслінных алеяў, тлушчаў, воскаў. Сінт. К.к. атрымліваюць акісленнем спіртоў, альдэгідаў, вуглевадародаў, гідролізам нітрылаў і інш. вытворных. Адыгрываюць значную ролю ў абмене рэчываў.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 8, с. 63