КАРБІ́ДЫ (ад карба... + грэч. eidos від, выгляд),

злучэнні вугляроду з металамі, а таксама крэмніем і борам.

Паводле тыпу хім. сувязі падзяляюць на іонныя (К. шчолачных і шчолачназямельных металаў, рэдказямельных элементаў, актыноідаў і алюмінію), кавалентныя (К. бору і крэмнію карбід) і металападобныя (К. пераходных металаў IV—VII груп перыяд. сістэмы элементаў, а таксама жалеза, кобальту, нікелю). Пры пакаёвай т-ры крохкія цвёрдыя рэчывы. Іонныя К. раскладаюцца вадой з вылучэннем метану, ацэтылену ці сумесі вуглевадародаў (гл. Кальцыю карбід). Кавалентныя і металападобныя К. тугаплаўкія, гарачаўстойлівыя, хімічна інертныя, маюць высокую цвёрдасць, найб. — у К. бору (гл. Бору злучэнні), крэмнію і берылію. Атрымліваюць узаемадзеяннем элементаў ці аксідаў металаў з вугляродам у вакууме або інертным асяроддзі пры высокіх т-рах; металатэрмічным спосабам — аднаўленнем аксідаў металаў магніем, кальцыем ці алюмініем у прысутнасці вугляроду. Выкарыстоўваюць для атрымання цвёрдых сплаваў (К. вальфраму WC, тытану TiC, танталу TaC і інш.), гарачаўстойлівых і гарачатрывалых кампазіцыйных матэрыялаў, як аднаўляльнікі і каталізатары ў хім. працэсах. Гл. таксама Жалезавугляродзістыя сплавы.

т. 8, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)