Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГАЛУА́ ТЭО́РЫЯ,

тэорыя, якая вывучае ўласцівасці алгебраічных ураўненняў віду x​n+a1x​n-1 + ... + an=0 і іх рашэнне пры дапамозе груп тэорыі.

Падрыхтавана працамі Ж.Лагранжа, К.Гаўса, Н.Абеля. Створана Э.Галуа. Ставіць у адпаведнасць алг. ўраўненню яго групу Галуа, якая складаецца з тых падстановак каранёў, што захоўваюць усе рацыянальныя суадносіны паміж каранямі і каэфіцыентамі ўраўнення. Галуа тэорыя дае неабходную і дастатковую ўмову вырашальнасці ўраўнення ў радыкалах. У прыватнасці, з яе вынікае, што алг. ўраўненні ступені вышэй за 4-ю ў агульным выпадку невырашальныя ў радыкалах. У сучасным разуменні Галуа тэорыя — тэорыя, якая вывучае матэм. аб’екты праз іх групы аўтамарфізмаў. Напр., існуюць Галуа тэорыі палёў, кольцаў, тапалагічных прастораў і інш. Ідэі і метады Галуа тэорыі выкарыстоўваюцца ў тэорыі аналітычных функцый, тапалогіі, тэорыі дыферэнцыяльных ураўненняў і інш.

Літ.:

Чеботарев Н.Г. Основы теории Галуа. Т. 1—2. М.; Л., 1934—37;

Постников М.М. Теория Галуа. М., 1963.

В.І.Бернік.

т. 4, с. 471

ГАЛУ́БА,

рака ў Краснапольскім і Слаўгарадскім р-нах Магілёўскай вобл., левы прыток р. Сож (бас. Дняпра). Даўж. 23 км. Пл. вадазбору 84 км². Пачынаецца за 2 км на ПдУ ад в. Асінаўка Краснапольскага р-на. Вадазбор на Чачорскай раўніне. Рэчышча каналізаванае на працягу 9 км ад вытоку.

т. 4, с. 471

ГАЛУ́БАВА,

вёска ў Верхнядзвінскім р-не Віцебскай вобл., на р. Свольна. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 25 км на У ад г. Верхнядзвінск, 201 км ад Віцебска, 12 км ад чыг. ст. Свольна. 106 ж., 33 двары (1996). Базавая школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі.

т. 4, с. 471

ГАЛУБЕ́ЙКА,

адна з назваў рэчкі Галбіца.

т. 4, с. 471

«ГАЛУБЕ́Ц»,

«Голуб», бел. народны танец. Блізкі да рус. і ўкр. узораў з такой самай назвай. Муз. памер 2/4. Тэмп жвавы. Выконваецца парамі, з характэрным рухам «галубец» (удар абцаса аб абцас з падскокам). У старадаўнім варыянце танца хлопец і дзяўчына імправізавалі ўзаемаадносіны галубоў: партнёрка плыла павай, партнёр увіваўся каля яе.

т. 4, с. 471

ГАЛУБІ́НАЕ ВО́ЗЕРА,

гл. Галодна.

т. 4, с. 471

ГАЛУБІ́НСКІ

(сапр. Пяскоў) Яўген Еўсцігнеевіч (12.3.1834, г. Кастрама, Расія — 20.1.1912),

гісторык рус. правасл. царквы. Д-р багаслоўя (1880), праф. (1881), акад. Пецярбургскай АН (1903; чл.-кар. 1882). Скончыў Кастрамскую семінарыю, Маскоўскую духоўную акадэмію (1858), дзе з 1861 выкладаў гісторыю рус. царквы. У гал. працы «Гісторыя рускай царквы» (т. 1—2, 1880—1900; ахоплівае перыяд з 10 да сярэдзіны 16 ст.) змешчаны вял. фактычны матэрыял, у т. л. па гісторыі правасл. царквы ў ВКЛ. Быў лібералам-заходнікам, падзяляў гісторыю рус. царквы на перыяд «пісьменнасці» (дапятроўскі) і «асветы» (пасляпятроўскі), абверг верагоднасць шэрагу царк. легенд.

т. 4, с. 471

ГАЛУБІ́ЦА,

вёска ў Петрыкаўскім р-не Гомельскай вобл. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 15 км на З ад г. Петрыкаў, 205 км ад Гомеля, 27 км ад чыг. ст. Муляраўка. 639 ж., 277 двароў (1996). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі.

т. 4, с. 471

ГАЛУ́БІЧЫ,

вёска ў Глыбоцкім р-не Віцебскай вобл., на аўтадарозе Падсвілле—Докшыцы. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 18 км на У ад г. Глыбокае, 200 км ад Віцебска, 6 км ад чыг. ст. Падсвілле. 485 ж., 195 двароў (1996).

Упамінаецца ў 1431. У 16 ст. — цэнтр маёнтка ў Полацкім ваяв. ВКЛ. У канцы 18 ст. ў Галубічах дзейнічала уніяцкая царква (згарэла ў 1882), у 1843 пабудавана царква Міколы Цудатворца. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. мястэчка Галубічы ў Пліскай вол. Дзісенскага пав. Віленскай губ.; 76 ж., праваслаўная царква, яўр. малітоўны дом, крама, шынок. З 1921 Галубічы ў складзе Польшчы, у Глыбоцкім пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета ў Пліскім р-не. У Вял. Айч. вайну ў маі 1943 і маі—чэрв. 1944 ням.-фаш. захопнікі загубілі 216 ж., вёску (46 двароў) спалілі. З 1962 Галубічы — цэнтр сельсавета ў Глыбоцкім р-не.

Лясніцтва. Базавая школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Каля вёскі магіла ахвяр фашызму, гарадзішча ранняга жал. веку і сярэднявечча, ландшафтны заказнік «Галубіцкая пушча».

т. 4, с. 471

ГАЛУ́БКІНА Ганна Сямёнаўна

(28.1.1864, г. Зарайск, Расія — 7.9.1927),

расійскі скульптар. Вучылася ў Маскве ў С.Валнухіна (1889—90) і ў вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1891—94), Пецярбургскай АМ (1894), Парыжскай акадэміі Каларосі (1895—96). Зазнала ўплыў А.Радэна. Выкладала на Прачысценскіх рабочых курсах (1913—16) і ў Вышэйшым дзярж. маст.-тэхн. ін-це (1918—22) у Маскве. Стварыла першы ў рус. мастацтве скульпт. партрэт Карла Маркса (1905). Імпрэсіяністычная цякучасць формы, багацце святлоценявых кантрастаў, характэрныя для ранніх твораў, суіснуюць з пошукамі канструктыўнасці і пластычнай выразнасці. Аўтар кампазіцый «Жалезны» (1897), «Чалавек ідзе» (1903), «Рабочы» (1909), партрэтаў А.Белага (1907), Л.Талстога (1927), а таксама твораў, звернутых да сімволікі ў духу стылю мадэрн [гарэльеф «Плывец» («Хваля») на фасадзе МХАТа, 1901, «Бярозка», 1927].

Літ.:

Лукьянов С. Жизнь А.С. Голубкиной. [2 изд.]. М., 1975;

Каменский А.А. Рыцарский подвиг. Кн. о скульпторе Анне Голубкиной. М., 1978.

т. 4, с. 471